Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сыстэма Лукашэнкі ня вытрымае і якія цяпер існуюць новыя формы супраціву. Тлумачыць філёзаф Вольга Шпарага


Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

Што сталася зь беларускай рэвалюцыяй і яе жаночым абліччам, як і з усім беларускім грамадзтвам пасьля 2020 году? Якая трансфармацыя адбылася за тры гады зь Ціханоўскай, з дэмакратычнымі сіламі і з уладамі Беларусі?

Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважае філёзаф, дасьледчыца Вольга Шпарага, аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі», куратарка аналітычнага праекту «Пятая рэспубліка» пра разьвіцьцё беларускага грамадзтва пасьля 2020 году. Вольга Шпарага працуе цяпер у Інстытуце навук аб чалавеку ў Вене, апошні сэмэстар выкладала ва ўнівэрсытэце Базэля ў Швайцарыі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Клапатлівая салідарнасьць» як новая форма супраціву

— Вольга, ваша кніга пра жаночае аблічча беларускай рэвалюцыі выйшла па-за межамі Беларусі на розных мовах. Калі б вы пісалі яе працяг, як бы вы вызначылі, што стала зь беларускай рэвалюцыяй і яе жаночым абліччам за тры гады?

— Я працягваю працу над кнігай. Для выданьня кнігі на літоўскай мове ў Літве я напісала новы разьдзел, прысьвечаны «клапатлівай салідарнасьці», тым практыкам, якія, пачынаючы з 2020 году, беларусы і беларускі разьвіваюць. Гэта аказаньне юрыдычнай, псыхалягічнай, фінансавай дапамогі, стварэньне інфраструктур для гэтага, зьмена спосабаў камунікацыі і ўласных ідэнтычнасьцяў у сувязі з аказаньнем гэтай дапамогі...

Людзі працягваюць аказваць супраціў пасьля 2020 году ў гэтых новых умовах, як сказаў бы Мішэль Фуко, на ўзроўні мікрапрактык. Гэтыя мікрапрактыкі якраз зьвязаныя з тым, што людзі падтрымліваюць адно аднаго, каб падтрымаць дух нязгоды зь беларускім рэжымам. Я бесьперапынна раблю розныя даклады пра тое, што адбываецца зь беларускім грамадзтвам пасьля 2020 году. Са сваімі студэнтамі ў веснавым сэмэстры абмяркоўвалі, што ў цэлым адбываецца зь беларускім грамадзтвам пасьля 2020 году. Мы параўноўвалі беларускія пратэсты з пратэстамі «арабскай вясны» і нядаўнімі пратэстамі ў Іране.

Ёсьць дасьледчык Асад Баяд, які апісвае, што адбывалася ў краінах «арабскай вясны» і гаворыць аб працэсах грамадзкай эмансыпацыі, у сувязі з гэтым апісваючы нядаўнія пратэсты ў Іране. Асад Баяд прыходзіць да высновы, што хоць пратэсты і здушылі, грамадзтва засталося на рэвалюцыйным курсе. Гэта значыць, што людзі больш ня хочуць жыць пры аўтарытарным рэжыме. Яны, вераць, што ён рана ці позна падзе, а з другога боку, яны ўжо ўявілі дэмакратычную будучыню і рухаюцца ў гэтую будучыню, стараюцца тымі ці іншымі спосабамі яе набліжаць.

«Жанчыны па-ранейшаму зьяўляюцца правадніцамі таго імпульсу, які мы атрымалі ў 2020 годзе»

— Вы гаворыце пра «клапатлівую салідарнасьць». Ці мае яна жаночае аблічча ў беларускім выпадку?

— Так. Жанчыны найперш падтрымліваюць гэтую «клапатлівую салідарнасьць». Тое, як я сёньня яе апісваю, зьвязана з супрацівам у турмах. У Бохуме пра гэта быў мой апошні даклад. Польская дасьледчыца Ева Маеўская гаворыць пра мяккі супраціў, я кажу пра клапатлівы супраціў. Мы яго можам назіраць дзякуючы інтэрвію, якія жанчыны даюць, выходзячы з турмаў, як Вольга Класкоўская, напрыклад.

Мы ведаем, што ў жодзінскай турме, калі адбылася эскаляцыя расейскай вайны ва Ўкраіне, жанчыны абвясьцілі галадоўку. Жанчыны таксама рэалізуюць розныя мікрапрактыкі супраціву, напрыклад, калі і як яны канструююць сваю жаноцкасьць. Тым самым яны падтрымліваюць саміх сябе і паказваюць нам, што яны змагаюцца за пачуцьцё ўласнай годнасьці, што яны падтрымліваюць адна адну, што яны вераць у будучыню Беларусі.

Мне здаецца, што жанчыны па-ранейшаму зьяўляюцца правадніцамі тых зьменаў, якія мы перажылі, таго імпульсу, які мы атрымалі ў 2020 годзе.

— Калі мы гаворым пра «клапатлівую салідарнасьць», то гэта ня толькі жанчыны за кратамі, але і жанчыны, на якіх ляжыць цяжар дапамогі палітзьняволеным мужчынам (перадачы, лісты, турэмны мэнэджмэнт)...

— Абсалютна слушна. Беларуская дасьледчыца Антаніна Сьцебур якраз абараняе панятак інфраструктуры «клапатлівай салідарнасьці», паколькі гэта сапраўды шмат розных людзей, розных супольнасьцяў за межамі Беларусі. Мы бачым, што большасьцю зь іх жанчыны кіруюць. Жанчыны дапамагаюць беларусам і беларускам, пасьля эскаляцыі вайны — украінцам і ўкраінкам. Лісты, перадачы, падтрымка жанчын і мужчын у Беларусі — усё гэта мяняе ўяўленьне пра грамадзтва, якое і пасьля таго, як нам удасца справіцца з рэжымам, будзе мець патрэбу ў гэтай структуры. Гэта негвалтоўная камунікацыя, увага да розных групаў людзей, да маргіналізаваных групаў. Гэта вельмі важна для дэмакратычных трансфармацый Беларусі.

«Лёс Марыі Калесьнікавай — гэта тая цана, якую мы плацім за тое, што рэжым быў так доўга аўтарытарным»

— У гэтыя дні ліпеня тры гады таму паўстала так званае жаночае трыё: Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала. Ці заканамерным вам бачыцца такі розны лёс у гэтых трох жанчын і часткова страчаная ідэя еднасьці?

— Я цяпер гавару пра нашы дэмакратычныя сілы і іх лідэраў, так што ў нас таксама ёсьць трыё. Гэта Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык і Вольга Гарбунова. Калі паглядзець на гэтых жанчын, то гэта таксама розныя жанчыны — з рознымі каштоўнасьцямі, рознымі ідэнтычнасьцямі. У іх няма адной агульнай палітычнай ідэнтычнасьці, але гэта якраз і робіць Аб’яднаны кабінэт, дэмакратычныя структуры і іх лідэраў прывабнымі для грамадзтва.

І грамадзтва падтрымлівае іх, бо яны розныя і выказваюць інтарэсы розных групаў, спрабуюць вырашаць розныя праблемы. Лёс Марыі Калесьнікавай, пра якую ўжо пяць месяцаў няма інфармацыі, — гэта цана, якую мы плацім за тое, што рэжым быў так доўга аўтарытарным і што пакуль нам не ўдаецца справіцца зь ім.

— Якая трансфармацыя адбылася са Сьвятланай Ціханоўскай за тры гады?

— Мы назіралі гэтую трансфармацыю ад самага пачатку: як Сьвятлана Ціханоўская становіцца больш упэўненай у сабе, як яна абʼядноўвае больш людзей вакол сябе, як яна больш даведваецца пра НДА, якія былі ў беларускім грамадзтве, пра палітычных актараў, пра культуру і гісторыю. Мне таксама здаецца вельмі важным, што Сьвятлана Ціханоўская застаецца не функцыянэрам-палітыкам, а жывым чалавекам, эмпатычным, які перажывае.

Мне думаецца, што гэтае спалучэньне рашучасьці, жаданьня, імкненьня, гатовасьці працягваць тое, што яна ўзяла на сябе ў 2020 годзе, і ў той жа час заставацца чуйным эмпатычным чалавекам, і робіць яе прывабнай, за гэта яе па-ранейшаму падтрымлівае большасьць беларусаў і беларусак.

«Нягледзячы на актыўнасьць жанчын і фэміністак, мы дагэтуль сутыкаемся з сэксізмам»

— А якая трансфармацыя дэмакратычных сілаў Беларусі? Наколькі гэта сапраўды новая генэрацыя, калі параўноўваць з тым, што было да 2020 году, — з новымі падыходамі, гендэрным складам, сьветаўспрыманьнем?

— Мне здаецца, ёсьць і тое, і другое: гэта і новая генэрацыя, і няновая. Мы бачым розныя тэндэнцыі, але відавочна, што ў палітычнай прасторы стала болей формаў узаемадзеяньня, больш формаў камунікацыі, больш празрыстасьці. У той жа самы час празрыстасьці не хапае, то бок яе больш, чым было раней, але ж і патрабаваньняў празрыстасьці больш стала. Бракуе па-ранейшаму мэханізмаў, якія добра працуюць.

Я рада, што гэта абмяркоўваецца ў публічнай прасторы рознымі актарамі, што да гэтага ёсьць інтарэс. Чаго мне яшчэ бракуе — артыкуляцыі інтарэсаў розных сацыяльных групаў, іх патрэбаў. Ёсьць неабходнасьць у гэтым. Калі так будзе, то палітычнае поле будзе больш плюральным. Гэта найважнейшая зарука дэмакратыі, што мы ня будзем баяцца абмяркоўваць супярэчнасьці і розныя каштоўнасьці.

Нягледзячы на актыўнасьць жанчын і фэміністак (цяпер у Каардынацыйнай радзе шэсьць прадстаўніц нашай Фэм-групы), мы дагэтуль сутыкаемся з сэксізмам. Дагэтуль бачым, што на многіх дыскусіях не хапае гендэрнага, недыскрымінацыйнага, зьвязанага з правамі чалавека парадку дня. У нас панэлі, у якіх толькі мужчыны ўдзельнічаюць, пры тым што ў складзе Каардынацыйнай рады багата жанчын, яны актыўныя, але выцясьненьне іх на другія ролі працягваецца, на жаль.

«Сыстэма застаецца ўстойлівай, пакуль адбываюцца чысткі і рэпрэсіі, але ў любы крытычны момант яна пачне разбурацца»

— Ці ёсьць у вас разуменьне таго, што адбываецца ва ўладных колах у Беларусі? Гэта закрытая сфэра, і пра тое, што там адбываецца, можна меркаваць па ўскосных прыкметах. Напрыклад, раптоўныя сьмерці: нядаўняя маладога міністра транспарту, раней у красавіку — намесьніка міністра эканомікі Беларусі, летась у лістападзе — міністра замежных справаў Макея...

— На мой погляд, ёсьць супярэчнасьці ў гэтай сыстэме. Калі паглядзім на самае бачнае — выступы прапагандыстаў і прапагандыстак, то бачым узмацненьне прарасейскага вэктару, але мы бачым, што ня ўсе падтрымліваюць гэты вэктар нават сярод прапагандыстаў, ня ўсе зь ім згодныя. Мы бачым, што працягваюцца чысткі ў розных інстытутах, дзяржаўных і грамадзкіх, у адукацыі, у ахове здароўя. Гэта значыць, што рэжым тэсьціруе сам сябе, наколькі ён трывалы, каму можна давяраць. «Чысткі» працягваюцца ўжо трэці год. Мы бачым інтэнсіўнасьць рэпрэсій. У чэрвені быў чарговы рэкорд — 19 чалавек на дзень затрымлівалі. Гэта значыць, што рэжым не такі трывалы. Ён абапіраецца на сілавы апарат, на «чысткі», на спробу мяняць людзей на кіроўных пазыцыях на больш паслухмяных. І гэта сьведчыць у тым ліку і пра тое, што пратэставы патэнцыял нязгоды беларускага грамадзтва захоўваецца.

Мы бачым мілітарызацыю ўсіх структур. Прычым ня толькі грамадзтва, але і самога апарату. Нядаўна зьявілася фота, дзе новая галоўная доктарка Гомельскага анкадыспансэру Натальля Цішкова стаіць з аўтаматам у атачэньні людзей у балаклавах. Ці хопіць ім такіх людзей? Ці змогуць яны справіцца зь нязгодным грамадзтвам? Па тым, як людзі не прыходзяць на дзяржаўныя сьвяты і прапагандысты зьвяртаюць на гэта ўвагу, я б сказала, што складанасьці захоўваюцца.

Сыстэма застаецца ўстойлівай, пакуль адбываюцца чысткі і рэпрэсіі, але ў любы крытычны момант гэтая сыстэма пачне разбурацца, як гэта было ў позьні савецкі час. Калі складзецца спалучэньне ўнутраных і вонкавых фактараў, то ў сытуацыі, калі грамадзтва настолькі не прымае гэты рэжым, абапірацца толькі на сілавікоў стане немагчыма.

«Гэта наша адказнасьць за тое, што мы невялікая краіна на краі вялікай небясьпечнай імпэрыі»

— Калі разважаць не ў паліталягічных катэгорыях, а проста па-чалавечы, то як бы вы адказалі на пытаньне, якое можа задаваць сабе любы беларус: за што гэта ўсё беларусам? Лукашэнка амаль 30 гадоў, брутальныя рэпрэсіі, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, пагрозы, зьвязаныя зь ядзернай зброяй, цяпер імаверная прысутнасьць надзвычай небясьпечных вагнэраўцаў. У чым правіна беларусаў, што ўсё так разьвіваецца і практычна немагчыма на ўсё гэта паўплываць?

— Я думаю, што гэта наша адказнасьць за тое, што мы невялікая краіна на краі вялікай небясьпечнай імпэрыі. Эскаляцыя расейскай вайны ва Ўкраіне паказала, што распад СССР не завяршыўся. Але наша грамадзтва зьмянілася. Мы ў 2020 годзе апынуліся ў іншай сытуацыі, чым былі ў 1991 годзе, мы зрабілі першы крок на шляху да таго, каб быць актыўнымі, адказнымі грамадзянамі і грамадзянкамі.

Сытуацыя рэпрэсій паказвае, што гэта цяжкі пераход ад таго, каб быць падначаленымі, паслухмянымі падданымі, да свабодных і салідарных грамадзян. І калі паглядзець на беларускіх палітвязьняў і на акты супраціву, якія дагэтуль ёсьць штодня, то беларусы выказваюць сваю нязгоду. Мне думаецца, што беларусы і беларускі годны адпор даюць у гэтай сытуацыі. І мне здаецца, што мы перарасьлі гэтую небясьпечную імпэрыю, якая хоча паглынуць усё.

Інэрцыя працуе, але мы сталі іншымі. 2020 год паказаў, што гэта ёсьць, і цяпер нам трэба цярпеньне і настойлівасьць для таго, каб за новы статус свабодных і салідарных грамадзянаў змагацца далей. Імпэрыя ня хоча нас адпускаць, хоча, каб мы былі рабамі імпэрыі, але я думаю, што мы зрабілі першы крок.

— Як вы бачыце цяпер сваю асноўную задачу як дасьледчыцы, як філёзафа, як фэміністкі?

— Я бачу сваю задачу, каб быць голасам Беларусі за межамі Беларусі і голасам жанчын у прыватнасьці, цяпер у многім голасам палітычных зьняволеных, але і ў цэлым — голасам беларускіх грамадзянак і грамадзян, каб паказваць, што супраціў у гэтых новых формах і фарматах ёсьць, што беларускае грамадзтва захоўвае прыхільнасьць да трансфармацыі і дэмакратыі.

З другога боку, пасьля 2020 году па-ранейшаму патрэбная барацьба з патрыярхатам у цэлым. Патрыярхатныя структуры падтрымліваюць аўтарытарныя рэжымы паўсюль. Апошнія дасьледаваньні гэтага году паказваюць, што працэс дэ-дэмакратызацыі адбываецца па ўсім зямным шары. Мы бачым, што жанчыны — гэта актыўная група, якая супраціўляецца гэтым працэсам. Для мяне вельмі важна ня толькі быць голасам беларусак і беларусаў, але і ўпісваць тое, што адбываецца з намі, у глябальны кантэкст. Я бачу будучыню Беларусі ў эўрапейскім кантэксьце...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG