Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёнданскі прафэсар Джым Дынглі: «Павінна быць напісана і выдадзена кароткая англамоўная гісторыя Беларусі»


Джым Дынглі.
Джым Дынглі.

У кракаўскім выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла кніга «Belarus: An Illustrated History» Ўладзімера Арлова. Гэта пераклад на ангельскую мову ягонай кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Пра асаблівасьці ангелізацыі «Айчыны» разважае перакладчык, прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Джым Дынглі.

«Па-ангельску спатрэбіліся шматлікія зьмены ў беларускім тэксьце»

— «Айчына» — гэта кніга, якую склалі спазнаваўчыя апавяданьні з гісторыі Беларусі. Зьмест кнігі канцэнтруецца на падзеях беларускай даўніны, і падаецца, што гэтым ён вызначае кола патэнцыйных чытачоў. А менавіта, беларускіх дзяцей і падлеткаў. А тут — па-ангельску. Чаму вы ўзяліся ангелізаваць «Айчыну»?

— Адказ просты — мяне папрасіў аўтар, Уладзімер Арлоў. Я вельмі паважаю Ўладзю як пісьменьніка і заўсёды рады магчымасьці перакласьці тое, што ён піша.

— Па-беларуску «Айчына» выйшла ў Менску ў 2019-м. Па-ангельску зьявілася ў сьвет праз чатыры гады. Ці азначае гэта, што пераклад даваўся вам няпроста? Якія наогул узьнікалі цяжкасьці ў часе вашай працы над «ангелізацыяй» беларускай «Айчыны»?

— Прычына такога разьбегу часу паміж публікацыяй арыгінальнай кнігі і перакладам ляжыць галоўным чынам, я думаю, у фактарах, якія не залежаць ні ад аўтара, ні ад выдаўца або перакладчыка. Я ня думаю, што пры перакладзе я сутыкнуўся зь нейкімі спэцыфічнымі цяжкасьцямі.

Аднак былі іншыя цяжкасьці для друку па-ангельску. Спатрэбіліся шматлікія зьмены ў беларускім тэксьце. Напрыклад, віктарыны ў беларускім выданьні ў канцы кожнага разьдзелу мы прыбралі ў ангельскай вэрсіі. Сказы, у якіх аўтар зьвяртаецца да маладых чытачоў у Беларусі, мы таксама апусьцілі, бо Беларусь — ня родная краіна для маладых чытачоў у англамоўных краінах. Гэта стала прычынай дадаць матэрыял для параўнаньня, каб зьвязаць падзеі, пра якія распавядаецца ў кнізе зь беларускай гісторыі, з падзеямі, якія адбываліся ў той жа самы час у англамоўным сьвеце. Новы матэрыял павінен быў неяк упісацца ў прастору макетаў, многія зь якіх ужо мелі вялікія ілюстрацыі.

«Мне падабаецца думаць, што літаратурныя перакладчыкі перарабляюць твор у свой уласны»

— А ці здараліся пры такой складанай працы творчыя радасьці? У чым яны?

— Так, здараліся. Увогуле, я думаю, што гэта заўсёды вялікае задавальненьне — ператвараць адну мову ў іншую. Мне падабаецца думаць, што літаратурныя перакладчыкі — з рознай ступеньню посьпеху — перарабляюць твор у свой уласны. Да гэтага я павінен дадаць, што кнігі па гісторыі, напісаныя на падмурку ведаў і майстэрства, — гэта сапраўдная літаратура. Прынамсі, я так думаю.

— «Belarus. An Illustrated History» — ня першая кніга Ўладзімера Арлова па-ангельску ў вашым перакладзе. Да гэтага былі «This Country Called Belarus» і «Belarus.The Epoch of the Grand Duchy of Lithuania». Аўтар не спыняецца і піша ўсё новыя гістарычныя творы. Нядаўна ён выдаў другую частку «Айчыны», якая ёсьць працягам першае і ахоплівае пэрыяд ад Агінскага да Багушэвіча. Ці будзеце яе «ангелізаваць»?

— Прамы адказ: так. Аднак хуткасьць, зь якой я змагу яе перакласьці, цалкам залежыць ад майго ўзросту і здароўя.

Брытанскае грамадзтва нарэшце адкрыла для сябе Беларусь
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:35 0:00
Наўпроставы лінк

«Кнігі становяцца вядомымі толькі ў тым выпадку, калі выдавец актыўна прасоўвае іх і ёсьць рэцэнзіі ва ўплывовых выданьнях»

— Англамоўныя чытачы знаёмыя з вашымі перакладамі цэлага шэрагу беларускіх аўтараў: «Ліст да рускага сябра» Аляксея Каўкі, «Рыбін горад» Наталкі Бабінай, «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча, «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі» Тані Скарынкінай, «Зэкамэрон» Максіма Знака... Як англамоўная публіка рэагуе на гэтыя ды іншыя кнігі беларускіх літаратараў?

— Гэта пытаньне, якое заслугоўвае вельмі доўгага адказу. Але я паспрабую захаваць яго максымальна кароткім. Кнігі становяцца вядомымі толькі ў тым выпадку, калі выдавец актыўна прасоўвае іх і калі ёсьць рэцэнзэнты, якія жадаюць і здольныя публікаваць агляды ва ўплывовых выданьнях. Мы ведаем, што гэта адбываецца ў Нямеччыне з кнігамі па беларускай тэматыцы, але, на жаль, не ў Вялікай Брытаніі.

А цяпер па пунктах:

1. Каўка: Шчыра кажучы, я ня ведаю нікога, хто цікавіўся б СССР і чытаў бы гэты пераклад. Ні тады ў 70-х гадох, ні цяпер. Зразумела, гэты пераклад можа быць карысны для вучоных у будучыні;

2. Бабіна: Я буду тут цалкам шчыры: выдавец не прыклаў ніякіх намаганьняў для прасоўваньня кнігі, і яе ніколі сур’ёзна не рэцэнзавалі. Хоць кніга па-ранейшаму ёсьць у сьпісе выдавецтва;

3. Скарынкіна: Кніга прасоўвалася, але аглядаў не было, за выключэньнем аднаго ў адной шатляндзкай газэце.

4. Бахарэвіч: Выдавец вельмі добра прасоўваў кнігу, але ў Вялікай Брытаніі было мала сур’ёзных рэцэнзій. Аднак пераклад дасягнуў лонг-ліста на прэмію Republic of Consciousness (Рэспубліка Сьвядомасьці). У Амэрыцы выданьне перакладу атрымала больш увагі. Зьявілася некалькі сурʼёзных рэцэнзій.

5. Знак: Гаварыць яшчэ рана. У сакавіку гэтага году была прэзэнтацыя кнігі ў Эдынбургу, і выдавец спадзяецца арганізаваць прэзэнтацыю ў Лёндане ў кастрычніку або лістападзе.

«Неабходна стымуляваць цікавасьць да Беларусі як краіны, якая сапраўды існуе»

— А што трэба зрабіць для пашырэньня ў сьвеце літаратурных твораў, народжаных на берагах Дзьвіны, Дняпра, Нёмана, Прыпяці, Сьвіслачы?

— Нарэшце, нарэшце тут прыкмецілі Ўкраіну. Зьяўляецца ўсё больш і больш перакладаў на ангельскую мову сучаснай украінскай літаратуры. Прычына відавочная!

Нават такая вялікая падзея, як вельмі пасьпяховая пастаноўка Беларускім Свабодным Тэатрам «Сабакаў Эўропы» Бахарэвіча ў Лёндане ў красавіку 2022 году, не падштурхнула якое-небудзь выдавецтва праявіць зацікаўленасьць да самога раману альбо да якога іншага твора беларускай літаратуры.

Выдавец нямецкага перакладу раману Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» папрасіў мяне ў канцы мінулага году перакласьці на ангельскую мову некаторыя вытрымкі, якія яны накіравалі ў розныя выдавецтвы ў Ангельшчыне. Дагэтуль — ніводнага выніку.

Неабходна стымуляваць цікавасьць да Беларусі як краіны, якая сапраўды існуе. Затым можа стаць магчымым стымуляваць цікавасьць да літаратуры краіны і прыцягнуць перакладчыкаў.

Першае патрабаваньне — павінна быць напісана і выдадзена кароткая англамоўная гісторыя Беларусі.

Магчыма, можна пачаць зь відэа на YouTube?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG