Такую лічбу агучыў кіраўнік італьянскага Ўпраўленьня фінансавай інфармацыі Энца Сэрата, паведамляе італьянскае агенцтва ANSA.
Як паведамляе агенцтва, былі замарожаныя «вілы, яхты, шыкоўныя аўтамабілі, грашовыя сродкі і актывы».
Па стане на канец чэрвеня таксама «было замарожана 170 фінансавых пагадненьняў на імёны 80 суб’ектаў». Агульная сума замарожаных сродкаў складае больш за 330 мільёнаў эўра, зазначыў Сэрата.
Імёнаў грамадзян Беларусі і Расеі, актывы якіх замарозілі, агенцтва не называе.
За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненьні да Беларусі мноства абмежавальных захадаў: у 2020 годзе — за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткае здушэньне пасьлявыбарчых пратэстаў, пасьля — за прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair і арышт Рамана Пратасевіча і Софʼі Сапегі, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі Эўразьвязу, а з 2022 году — за дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.