Словы Сяргея Шайгу прыводзіць «РИА Новости».
«Гэтыя пляны праваліліся перш за ўсё таму, што асабовы склад Узброеных сіл праявіў вернасьць прысязе і вайсковаму абавязку. Правакацыя не паўплывала на дзеяньні груповак войскаў. Вайскоўцы мужна і самааддана працягвалі вырашаць ускладзеныя на іх задачы».
Спроба мяцяжу адбылася 24 чэрвеня. Тады вагнэраўцы захапілі асноўныя аб’екты Растова-на-Доне і працягнулі «марш на Маскву». Падчас яго яны, сярод іншага, зьбілі самалёт Узброеных Сіл РФ, у якім загінуў экіпаж з 10 чалавек.
Падчас мяцяжу Шайгу не зьяўляўся на публіцы і не выступаў з заявамі. Мінабароны Расеі апублікавала відэа зь міністрам толькі ў панядзелак, 26 чэрвеня, і тады гэта выклікала падазрэньні, што відэа маглі запісаць яшчэ да мяцяжу, а апублікавалі пасьля, каб зрабіць бачнасьць, што «ўсё ідзе паводле пляну». Аднак праверыць, хто гаворыць праўду, ва ўмовах хуткай зьмены абставінаў не ўдалося.
Па зьвестках заходніх выведак, некаторыя камандзіры рэгулярных войскаў маглі быць часткай змовы. The New York Times пісала, што лідэр змоўшчыкаў Яўгеній Прыгожын мог падзяліцца сваімі плянамі з генэралам Сяргеем Суравікіным, які з 2017 году быў «пачэсным вагнэраўцам». Аднак невядома, ці падтрымаў Суравікін Прыгожына ці, наадварот, перадаў інфармацыю ў ФСБ.
Пасьля пачатку мяцяжу генэрал публічна яго асудзіў. З таго часу ён падзей не камэнтаваў. Ходзяць розныя чуткі пра яго месцазнаходжаньне, у прыватнасьці, што ён арыштаваны. Па іншых дадзеных, яго дапыталі і адпусьцілі. Афіцыйна пра лёс намесьніка камандуючага групоўкай расейскіх войскаў ва Ўкраіне не паведамляюць дагэтуль.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.