Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія тэлеграм-каналы: Прыгожын распускае свае «фабрыкі троляў»

абноўлена

Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» і бізнэсовец Яўгеній Прыгожын распусьціў мэдыяхолдынг «Патриот», так званую «фабрыку троляў», куды ўваходзілі выданьні РИА ФАН, «Народные новости» і іншыя.

Пра гэта, сярод іншых, паведамляюць крыніцы тэлеграм-каналаў «Ротонда» і Mash. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Рэдакцыя выданьня «Невские новости», якое ўваходзіць у «Патриот», паведаміла, што спыняе сваю працу. «Наша рэдакцыя спыняе сваё існаваньне», — гаворыцца ў тэлеграм-канале выданьня.

Апошняя навіна на сайце РИА ФАН апублікаваная 30 чэрвеня ў 13:12 па маскоўскім часе. На ўсіх астатніх рэсурсах апошнія навіны выйшлі 29 чэрвеня.

У сваю чаргу, расейскае выданьне «Коммерсантъ» піша, што мэдыя, зьвязаныя з Прыгожыным, заблякаваў Раскамнагляд. «Коммерсант» піша, што пры спробе зайсьці на сайт РИА ФАН і іншыя зьвязаныя з Прыгожыным рэсурсы зьяўляецца надпіс «Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе Фэдэральнага закону ад 27 ліпеня 2006 г. № 149-ФЗ «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналёгіях і аб абароне інфармацыі».

Агулам заблякаваныя зьвязаныя з заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгеніем Прыгожыным выданьні РИА ФАН, «Политика Сегодня», «Экономика Сегодня», «Невские новости» и «Народные новости».

29 чэрвеня крыніцы The Bell паведамілі, што ў «Патриота» можа зьмяніцца ўладальнік. На момант пачатку мяцяжу Прыгожына ягонымі мэдыяактывамі кіраваў Ільля Гарбуноў — былы супрацоўнік «РИА Новости» і «„Камсамольскай праўды“ ў Пецярбургу».

Тры крыніцы The Bell, якія супрацоўнічаюць з кампаніямі Прыгожына, лічаць найбольш імаверным новым уладальнікам холдынгу «Патриот» «Национальную Медиа Группу» Юрыя Кавальчука.

Пасьля пачатку мяцяжу ў мінулыя выходныя большасьць супрацоўнікоў мэдыяхолдынгу «Патриот» у Пецярбургу, апякунскую раду якога ўзначальваў Прыгожын, ня выйшлі на працу. Тады ж у будынку холдынгу адбыўся ператрус, супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі сэрвэры.

Пра дзейнасьць «фабрыкі троляў», зьвязанай зь Яўгеніем Прыгожыным, стала вядома ў 2019 годзе. Тады бізнэсовец узначаліў апякунскую раду мэдыягрупы.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG