Паводле зьвестак брытанскай выведкі, у ходзе апэрацыі, якую Прыгожын ахарактарызаваў як «марш за свабоду», ПВК «Вагнэр» перасекла мяжу Ўкраіны з Расеяй прынамсі ў двух месцах. У Растове-на-Доне наймітам ПВК «амаль напэўна» ўдалося ўзяць пад кантроль ключавыя аб’екты бясьпекі, у тым ліку штаб Паўднёвай вайсковай акругі, канстатуе ведамства.
Таксама ў зводцы міністэрства абароны Вялікай Брытаніі гаворыцца, што сілы ПВК «Вагнэр» ужо на тэрыторыі Варонескай вобласьці, адкуль «амаль напэўна накіруюцца да Масквы».
Ведамства адзначае, што расейскія вайскоўцы і іншыя сілавыя ведамствы практычна не аказваюць супраціву ПВК.
«У бліжэйшыя гадзіны ляяльнасьць расейскіх сілаў бясьпекі будзе мець ключавое значэньне ў разьвіцьці крызісу. Гэта самы сурʼёзны выклік расейскай дзяржаве за апошні час», — зрабілі выснову ў міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі.
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена». Міністэрства назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром. Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы. Свабода пакуль ня можа праверыць інфармацыю зь незалежных крыніц.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».