Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дайце прайсьці паліграф». Былы добраахвотнік палка Каліноўскага галадае ў літоўскай турме. Падрабязнасьці


Вільня, ілюстрацыйнае фота
Вільня, ілюстрацыйнае фота

Бацька абвінавачанага, які таксама далучыўся да галадоўкі пратэсту, у размове са Свабодай тлумачыць, чаму сумняецца ў вінаватасьці сына.

Напярэдадні новага 2023 году ў Вільні адбыўся трагічны выпадак — загінуў былы баец палку Каліноўскага, а другога былога байца ўзялі пад варту. Сьледзтва адразу разглядала вэрсіі як забойства, гэтак і самагубства. Прайшло паўгода, але ў суд справу так і не накіравалі.

«Ён нам не сказаў, што паехаў на вайну»

За кратамі апынуўся 23-гадовы Аляксей (імя зьмененае на просьбу сваякоў зь меркаваньняў бясьпекі. — РС), студэнт мясцовага Віленскага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Гедзіміна. Загінулы Ўладзімер (імя зьмененае на просьбу сваякоў. — РС) таксама быў студэнтам у адным з унівэрсытэтаў. Калі паехалі ваяваць, то бралі акадэмічныя водпускі.

«Ён нам нават не сказаў, што паехаў на вайну. Тэлефаную — цішыня. Потым зноў. Жонка ягоная сказала, што потым сам раскажа. А празь нейкі час ужо накідаў „кружочкаў“ (відэапаведамленьні ў мэсэнджары. — РС) з Кіева. Вядома, хваляваліся за яго», — расказвае ў размове са Свабодай бацька Аляксея Сяргей.

Хлопцы ня ведалі адзін аднаго да вайны, але паехалі ў Кіеў адной групай. Ва Ўкраіне яны пасябравалі, разам бралі ўдзел у баявых апэрацыях. У загінулага Ўладзімера было сур’ёзнае раненьне падчас баёў у Мікалаеўскай вобласьці.

Добраахвотнікі вярнуліся з Украіны ў канцы лета 2022 году. Уладзімеру не было нейкі час дзе жыць, таму ён спыніўся ў свайго пабраціма. Так і пражылі два месяцы, да моманту сьмерці Ўладзімера.

Былы баец палку Каліноўскага Аляксей. Архіўнае фота
Былы баец палку Каліноўскага Аляксей. Архіўнае фота

«На нажы няма адбіткаў пальцаў майго сына»

Падчас здарэньня ў кватэры, апроч іх двух, знаходзілася жонка Аляксея, а таксама некалькі сяброў. У адзін з момантаў, як расказвае бацька арыштаванага, Уладзімер папрасіў Аляксея пайсьці пагутарыць у асобны пакой.

«Са словаў сына, яны і сьмяяліся, і плакалі, і абдымаліся. Сядзелі так разам паўгадзіны ці болей. Сын сядзеў на канапе і еў „ралтоны“, а потым заўважыў, што ўсё», — расказвае бацька Аляксея.

Уладзімера знайшлі з нажом, уваткнутым у вобласьць сэрца. Прыехала паліцыя, якая забрала з сабой Аляксея.

«На нажы няма адбіткаў пальцаў майго сына, ёсьць толькі адбіткі хлопца, які загінуў. Усё гэта пацьверджана матэрыяламі справы. Сьледчыя пыталіся ў экспэрта, ці магчыма сьцерці адбіткі пальцаў. Ён кажа, што малаверагодна. Каб чалавеку нанесьці добрую рану, то нож трэба моцна ўзяць у рукі, і нешта застанецца абавязкова», — расказвае бацька арыштаванага Сяргей.

«Усе адмовілі ў магчымасьці паліграфа»

Сам абвінавачаны Аляксей сьцьвярджае, што гэта было самагубства. Экспэртызы, якія праводзіліся падчас зьняволеньня, не даюць адназначнага адказу, яны паказваюць, што гэта можа быць як самазабойства, так і забойства, расказвае бацька зьняволенага былога добраахвотніка. 15 чэрвеня для Аляксея працягнулі тэрмін знаходжаньня пад вартай яшчэ на адзін месяц.

У залі суду Аляксей абвясьціў галадоўку. Тое самае зрабіў і ягоны бацька, які знаходзіцца на волі. Сям’я патрабуе для абвінавачанага магчымасьці прайсьці паліграф.

«Пракурор пагадзіўся на паліграф яшчэ ў лютым, потым кармілі абяцанкамі, што шукаюць паліграфіста. Адвакат зрабіў вялікую справу, знайшоў ва ўсёй Літве месцы, дзе праводзяць паліграфы, разаслаў запыты. Адзіная арганізацыя, якая адказала, што „мы можам“, — гэта Дэпартамэнт дзяржбясьпекі. Але на наш афіцыйны зварот яны ўжо адмовілі. Усе астатнія дзяржаўныя арганізацыі таксама адмовілі», — расказвае Сяргей.

Па ягоных словах, адвакат таксама шукаў магчымасьць зьвярнуцца да прыватных паліграфістаў. І зноў атрымаў дазвол ад пракурора.

«Знайшлі чалавека, які займаецца гэтым з 2011 году. Прычым яго довады прымаліся судамі. У Літве паліграф ня доказ, а ўскосны матэрыял. Экспэртыза каштавала 750 эўра, мы пагадзіліся на такую суму. Пытаньні былі падрыхтаваныя і ад сьледчага, і ад адваката. Была серада, а паліграф мусіў быць на наступны дзень. Нам кажуць: давайце пачакаем некалькі дзён, нешта не зрастаецца. А потым быў адказ ад пракурора, што гэта немэтазгодна. Мы просім, дайце нам магчымасьць прайсьці паліграф», — расказвае бацька Аляксея.

Пракурор справы Гінтас Вайчунас так патлумачыў Свабодзе, чаму немагчыма правесьці паліграф.

«Няма дзяржаўнага экспэрта. Экспэрты зь іншых дзяржаўных устаноў не згаджаюцца праводзіць расьсьледаваньне з дапамогай дэтэктара хлусьні. Акрамя таго, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Літоўскай Рэспублікі, такое расьсьледаваньне не прызнаецца ў якасьці доказу, і гэта неаднаразова заяўлялася Вярхоўным судом Літвы ў сваіх рашэньнях», — адзначыў пракурор.

«Сустрэча непажаданая»

Паводле Сяргея, сын гатовы пагадзіцца на любую экспэртызу, бо лічыць сябе абсалютна невінаватым у гэтай гісторыі.

«Калі гэты інцыдэнт толькі здарыўся, то я дапускаў магчымасьць, што сына таварыш папрасіў зьвесьці рахункі з жыцьцём. Але калі толькі нам далі магчымасьць стасавацца — лісты, званкі, асабістыя сустрэчы, — то ўсе гэтыя сумневы прапалі. Бо відаць жа, калі чалавек гаворыць шчыра, а калі — не. Я цяпер упэўнены ў гэтым на ўсе сто».

Сяргей расказвае, што самым цяжкім для яго быў трэці дзень галадоўкі, ён ужывае пакуль толькі ваду.

«Мы на сувязі з маці Ўладзімера. Ёй цяжка, бо страціла сына. У нас няма ўзаемнай непрыязі. Яна кажа, што была ўдзячная Аляксею за тое, што яе сын два месяцы жыцьця пражыў шчасьліва. Яна ня верыць, што гэта зрабіў наш сын», — расказвае Сяргей.

Свабода рабіла запыт на размову з сваякамі загінулага, паведамленьне было прачытанае, але засталося без адказу.

Таксама Свабода зьвярнулася да пракурора, які вядзе гэтую справу, Гінтаса Вайчунаса, з просьбай дазволіць сустрэцца ў ізалятары з затрыманым Аляксеем, але атрымала адмову.

«У мэтах правядзеньня аб’ектыўнага дасудовага сьледзтва, а таксама каб не нашкодзіць посьпеху сьледзтва, сустрэча зь несудовымі ўдзельнікамі непажаданая», — адказаў Гінтас Вайчунас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG