Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вытрымаць Акрэсьціна і „Валадарку“ дапамагла загартоўка дзедаўшчынай 90-х». Былы палітвязень пра турэмны досьвед і эміграцыю


Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі
  • Віталю Казлоўскаму 49 гадоў, ён з Заслаўя.
  • У красавіку 2022 году асуджаны на два гады «хіміі» з накіраваньнем паводле артыкулу 342 КК «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці актыўны ўдзел у іх».
  • Мужчыну асудзілі за ўдзел у нядзельным маршы 30 жніўня 2020 году.
  • Да «хіміі» спадар Казлоўскі не даехаў, пры дапамозе фонду BYSOL ён эвакуаваны ў Літву.

Пра сваё жыцьцё Віталь Казлоўскі расказаў карэспандэнту Свабоды.

«Справа аб сярэднім пальцы»

«Калі на ходніках сабраліся каля тысячы пратэстоўцаў, мы выйшлі на праспэкт. Туды-сюды па праспэкце шмыгалі міліцэйскія бусы, спрабавалі сагнаць нас з дарогі. Бывала, бус спыняўся, зь яго выбягалі людзі „ў цывільным“, імітуючы пачатак затрыманьняў. Але мы не паддаваліся. Тады яны залазілі назад у бус і ад’яжджалі. Узьнік псыхалягічны супраціў».

Гэтак былы палітвязень Віталь Казлоўскі ўспамінае падзеі 30 жніўня 2020 году ў Менску. Тады Віталь чарговы раз браў удзел у маршы пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. У той дзень мужчына трапіў на апэратыўнае відэа, якое праз паўтара года прывяло яго на лаву падсудных у «справе аб сярэднім пальцы». Гэтак Віталь называе ўласную справу паводле 1 часткі 342 артыкулу — аб удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі правапарадак.

«Мы паступова станавіліся сьмялейшымі, а міліцыянты — наадварот. Сам бачыў, як пратэстоўцы спрабавалі адбіць затрыманых. Альбо як „ціхары“ хаваліся ад мітынгоўцаў у бусы. І вось ідзём уздоўж такога атраду з дубінкамі, што стаіць напагатове, але каманды ўжыць сілу не атрымаў, і я адважваюцся паказаць сярэдні палец рукі амапаўскаму відэаапэратару. Гэтак трапіў у іхную відэабазу», — успамінае Віталь Казлоўскі падзею, якая спрычынілася да ягонага арышту, а потым суду.

Але затрымліваць яго прыйшлі не адразу, а толькі праз паўтара года — у апошні дзень студзеня 2022-га. Цяпер згадвае ледзь не з усьмешкай.

«У дзьверы пазваніў хлопец, падобны да электрыка. Я адчыніў — і адразу ў дом заскочылі тры апэратыўнікі ГУБАЗіКу. Паказалі мне скрыншоты з маім сярэднім пальцам, абвесьцілі, што забяруць з сабой. Яшчэ правялі ператрус, забралі два тэлефоны і ноўтбук. Вывелі пад локці. Далей мяне чакалі дзесяць дзён на Акрэсьціна і 78 дзён на «Валадарцы».

Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі

«Як гісторыку было цікава пабачыць гестапа»

Асабліва эмацыйныя ўспаміны спадара Казлоўскага — пра супрацоўнікаў ГУБАЗіКу і амапаўцаў.

«У іх нянавісьць да чалавека зь іншымі поглядамі проста шалёная, ставяцца да нас як да сьмецьця. „Мы цябе згнаім у турме“, — гэта самая мяккая пагроза», — кажа былы арыштант ГУБАЗіКу.

Пасьля допыту Віталь доўга сядзеў на падлозе тварам да сьцяны. Згадвае, як чуў, як нейкі начальнік крычаў на затрыманага.

«Такога ніколі нідзе ня мог уявіць. Хіба што ў фашыстоўскім гестапа. Як гісторыку, вядома, мне было б цікава пабачыць гестапа. Але ў жыцьці — ня дай Бог яшчэ раз сустрэцца», — прызнаецца Віталь.

Чаму прызнаў віну?

Спачатку Віталь віны не прызнаваў. Нават падчас запісу на камэру адмовіўся пазнаць сябе на відэа, дзе ён паказвае амапаўцу сярэдні палец.

«Запіс быў ня вельмі добрай якасьці, можна было прыкідвацца, што гэта ня я. Але на Акрэсьціна сустрэў затрыманага, які ўласным досьведам пераканаў, што лепш «не геройстваваць», — усё роўна выб’юць патрэбныя паказаньні. Тым больш сьледчы паабяцаў: «Прызнаеш, атрымаеш толькі „хімію“. Гэтак і сталася».

Маршы ў Менску, паводле Віталя, былі цяжкім выпрабаваньнем, хоць прыносілі і вялікае задавальненьне і надзею на перамогу. А яшчэ пачуцьцё датычнасьці да важнай, гістарычнай справы.

Ня менш Віталь ганарыцца і ўдзелам у невялікіх колькасьцю пратэстоўцаў акцыях у родным Заслаўі, якія адбываліся паміж сталічнымі нядзельнымі маршамі. Бо ў Менск ён зь сябрамі прыяжджаў як удзельнік, а ў Заслаўі яго роля была больш значная.

Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі

«Прайсьці маршам па гарадку з 16 тысячамі насельнікаў зусім ня тая рызыка, як у двухмільённым Менску. І складанасьцяў нашмат болей. Даводзілася прадугледжваць усё: ня толькі дзе і калі будзем зьбірацца, каб міліцыя не пасьпела „накрыць“, але і куды потым будзем разыходзіцца, якім транспартам зможам скарыстацца, каб захаваць сябе і выйсьці зноў».

«Падкладвалі шлёпкі пад ныркі, каб не прастыць на бэтоне»

Віталь Казлоўскі зь юнацтва піша вершы. Вось што ён напісаў на «Валадарцы»:

Памятаюць косьці, ныркі і пячонка

Злога карцара акрэсьцінскі бэтон.

І на «Валадарцы», седзячы на шконцы,

Я чакаю ад «прадольнага» лістоў.

На Акрэсьціна Віталь прабыў 10 дзён, зь іх большасьць у карцары.

Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі

«На Акрэсьціна ў першую маю камэру на чацьвёртым паверсе вялі на карачках, з кайданкамі за сьпінай, заламаўшы левую руку так, што я кранаўся носам прыступак. Напэўна, пасьля гэтага ў мяне адбыўся мікрапрарыў плечавой цягліцы. У ёй пры пэўных рухах пякло і шчыпала цягам двух наступных месяцаў», — успамінае Віталь першыя дні на Акрэсьціна.

Умовы ў карцары Віталь апісвае кароткімі сказамі:

«Бэтонная падлога, адзін ложак, які на дзень прычапляюць да сьцяны. Маленькае вакно, закрытае „жалюзямі“. Адкрыты ўнітаз, рукамыйнік. Задуха і цесната, бо ў маленечкай камэры на аднаго нас восем чалавек. Спалі як цюлені: падкладвалі плястыкавую бутэльку пад галаву, а шлёпкі — пад ныркі, каб не застудзіць».

«У Старажэнкі ўсё было ў гематомах»

Віталь Казлоўскі падлічыў: за шэсьць дзён у карцары ён сустрэў як меней 25 затрыманых з палітычных матываў. Сярод іх былі і вядомыя асобы: гітарыст Васіль Ярмоленка, былы сьледчы Мікіта Старажэнка, які звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту.

«Неяк Мікіта задраў майку і паказаў зьбітую сьпіну, рукі, ногі — усё ў сініх плямах і гематомах. Патлумачыў, што гэтак выбівалі зь яго пароль мабільнага. Што доўга трываў, не здаваўся, пакуль не адзелі на галаву поліэтыленавы пакет ды яшчэ ў гэты момант білі па галаве».

Паводле Віталя Казлоўскага, у вязьніцы на Акрэсьціна ў Мікіты Старажэнкі не праходзіла высокая тэмпэратура.

«Яго нават на „Валадарку“ забіраць з Акрэсьціна адмаўляліся — такі быў рызыкоўны стан здароўя. Але самі акрэсьцінскія ахоўнікі не перажывалі — ім усё роўна», — зьдзіўляецца Віталь Казлоўскі.

У ізалятары на Валадарскага, дзе Казлоўскі яшчэ амаль тры месяцы чакаў суду, ён пазнаёміўся і пасябраваў яшчэ з адным вядомым палітвязьнем — былым дырэктарам агенцтва БелаПАН Дзьмітрыем Наважылавым. Яны сядзелі ў адной камэры, разам пераносілі цяжкасьці турэмнага побыту.

«Пахне чабор»

Пра сябе Віталь Казлоўскі кажа, што вытрымаць выпрабаваньні няволяй яму дапамагалі некалькі рэчаў: салідарнасьць сяброў, захапленьне беларушчынай і загартоўка, якую прайшоў у маладосьці, калі служыў у беларускім войску.

«У турме надзвычай павялічваецца значэньне словаў падтрымкі. Калі такія словы атрымліваеш у лісьце ці ад сяброў па камэры — гэта як зарадка ад батарэі. Зьяўляюцца новыя сілы. Праўда, лістоў было вельмі мала: турэмная цэнзура прапускала толькі лісты сваякоў — брата, бацькі, — а вось ад сяброў лісты блякавала. Ад іх даходзілі толькі паштоўкі на рэлігійныя сьвяты. Але неяк падчас прагулкі ў турэмным дворыку я знайшоў надпіс „Пахне чабор“. Адчуў сябе зноў сярод аднадумцаў, нібы атрымаў ад іх падтрымку. А потым зарыфмаваў тыя ўражаньні», — расказаў Віталь Казлоўскі і працытаваў кавалак свайго турэмнага верша.

Скрыганулі дзверы старою засовай,
Можа, павядуць у дворык № 5.
Зноў я на тынкоўцы прачытаю словы,
Што чабор наш пахне — рана сумаваць.

«Чарка-шкварка, лапці-гусьлі»

Віталь Казлоўскі скончыў Беларускую акадэмію мастацтва, мае дыплём мастацтвазнаўцы. У Заслаўі Віталь шмат гадоў працаваў у мясцовым музэі, пачынаў як гід, дарос да намесьніка дырэктара, марыў палепшыць экспазыцыю.

«Ідэяй была ў тым, каб надаць музэю ў Заслаўі навуковы ўзровень, які б адпавядаў летапіснаму статусу гораду Ізяслава. Працаваў над гэтай навуковай канцэпцыяй мэтанакіравана, бо не задавальняла тое, што мелі тады і маем цяпер, калі зрабілі з нашага музэю звычайную правінцыйную экспазыцыю — чарка-шкварка, лапці-гусьлі», — тлумачыць Віталь Казлоўскі.

Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі

Штуршком да такой сур’ёзнай працы стала знаёмства з мастаком Віктарам Маркаўцом. Пазнаёміліся яны даволі выпадкова. На мастацкай выставе Віталь, просты супрацоўнік мясцовага музэю, сам падышоў да вядомага майстра жывапісу. Размова стала цікавай для абодвух, яны дзяліліся поглядамі, знайшлі шмат агульных тэмаў і паступова пасябравалі. Віталь лічыць, што тады яму пашанцавала ўдвая, бо сустрэў і таленавітага сябра, і настаўніка беларушчыны.

У сярэдзіне 2010-х гадоў з заслаўскага музэю Віталю давялося пайсьці. Працаваў на розных прадпрыемствах Заслаўя — за значна большы заробак, але зусім не паводле спэцыяльнасьці і не праз памкненьне душы.

«Але зь беларушчынай сувязь не перарваў, яна нават узмацнілася. Усе мы застаемся адданымі нашай справе», — кажа Віталь Казлоўскі.

Як гісторык і дасьледнік ён працягвае працаваць — рэгулярна публікуе часткі навуковае працы аб родным Заслаўі.

Чым дапамагла дзедаўшчына

Віталь падзяліўся спэцыфічным досьведам, які дапамагаў вытрымаць выпрабаваньні зьняволеньня. Гэты досьвед будучы музэйны супрацоўнік набыў у сярэдзіне 1990-х, калі служыў у супрацьпаветранай абароне ў Валожыне. Тое, што Віталь пабачыў у войску, назаўзёды запомнілася як прыклад глупства, карупцыі і марнаваньня чалавечага рэсурсу.

«Як ішоў на прызыўны пункт, меркаваў, што дзедаўшчына засталася ў савецкім войску. Але выявілася, што і ў беларускім войску яна нікуды не падзелася, а нават набыла новыя формы», — згадваў той пэрыяд жыцьця Віталь.

Мужчына пералічыў, з чым сутыкнуўся падчас службы пад Валожынам: бясконцы і бессэнсоўны мардабой, прыніжэньне, у тым ліку дзеля нажывы, маральныя зьдзекі з маладых байцоў, элемэнтарнае рабаўніцтва.

«Напрыклад, маладых прымушалі ўдзельнічаць у кулачных баях, падчас якіх «дзяды» рабілі харчовыя стаўкі. Альбо такое выпрабаваньне: кожны паход маладых салдатаў у краму заканчваўся тым, што старэйшыя іх білі, спрабуючы забраць купленыя прадукты. Бо ім, бачыш ты, трэба было дзяліцца зь «дзядам» і «прадзедамі».

Паводле Віталя, калі да маладога салдата прыязджалі сваякі, то потым гасьцінцы і падарункі ў яго забіралі старэйшыя. Асаблівую ролю ў захаваньні гэтых парадкаў у беларускім войску, паводле былога палітвязьня, выконваюць афіцэры.

«Ты пытаесься, чаму афіцэры ня сочаць за парадкам, каб не было дзедаўшчыны? Дык у іх у галаве зусім іншае — як бы сабе кавалак урваць. Амаль кожны дзень у нас пачынаўся з своесаблівай раздачы працоўных нарадаў: палкоўніку патрэбныя тры байцы перакапаць бульбу, маёру патрэбныя два будаўнікі хлява, у капітана — пераезд на новую кватэру, цэлае аддзяленьне пасылаюць цягаць мэблю. І гэтак усе паўтара года службы. А як камандзір зьедзе з тэрыторыі часткі, дык старэйшыя афіцэры цягнуцца на склад — забіраць адтуль тое, што яшчэ засталося. Толькі маладыя лейтэнанты яшчэ крыху дбалі пра службу, але датуль, пакуль не рабіліся капітанамі. А тады тое самае. Мяркую, з тых часоў мала што зьмянілася», — кажа Віталь Казлоўскі пра беларускае войска.

Віталь Казлоўскі
Віталь Казлоўскі

«Беларусы цягнуць любую працу»

У канцы 2022 году, атрымаўшы прысуд — два гады «хіміі», Віталь Казлоўскі ўцек зь Беларусі. Спачатку зьехаў у Грузію, адтуль перабраўся ў Літву. Цяпер ён жыве ў Вільні, працуе ў фірме, якая займаецца экасэрвісам — прыбіраньнем сьмецьця, адкідаў, навядзеньнем чысьціні. Прызнае, што праца цяжкая, часам заняты з раніцы да позьняга вечара. У фірме зь Віталём працуюць літоўцы, беларусы, украінцы, палякі. Назіраньні Віталя пра сумесную з імі працу такія.

«Шчыра скажу, што працадаўцы асабліва цэняць за выносьлівасьць і працаздольнасьць беларусаў і літоўцаў, у гэтым сэнсе мы вельмі блізкія — хапае і вытрымкі, і выносьлівасьці. Я задаволены, хоць, вядома, мару вярнуцца ў роднае Заслаўе. Уяўляю, як там зараз прыгожа, якія цёплыя вечары над рэчкай Чарніцай. Уяўляю, як яшчэ зусім нядаўна, у траўні, сьпявалі ў ваколіцах гораду салаўі. Мару хоць на дзень туды вярнуцца, толькі ведаю, што шлях на радзіму для такіх, як як, палітычных уцекачоў будзе няпростым. Без змаганьня не абыдзецца».

Вось апошняя частка верша, які Віталь Казлоўскі напісаў у вязьніцы:

І няхай закратаваны ўрывак неба
Мне застаўся ад блакітных далячынь,
Сябры, вамі, вамі дыхаю ў засклепах
Кожны шпацыр ад кратаў да цаглін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG