Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверкі ў калёніях. На што разьлічваць палітвязьням


Нядаўна грамадзкая назіральная камісія пры Віцебскім аблвыканкаме наведала Наваполацкую калёнію, дзе адбываюць пакараньне многія палітвязьні, у тым ліку Віктар Бабарыка і Ігар Лосік. У выніку інспэкцыі парушэньняў яна ня выявіла. Як так атрымалася і ці магло быць па-іншаму?

Калёнія мае сумнеўную славу як адна з самых жорсткіх умовамі для вязьняў. Ня кажучы ўжо пра тое, што знаходзіцца яна ў экалягічна небясьпечным месцы: вакол – шкодныя хімічныя прадпрыемствы.

У апошнія тыдні яна ўвогуле набыла шырокую вядомасьць — пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра экстраную шпіталізацыю палітвязьня Віктара Бабарыкі. Што было прычынай рэзкага пагаршэньня здароўя, да гэтага часу невядома, як увогуле невядомы ягоны лёс.

Выглядае, што ці камісія не цікавілася канкрэтным вязьнем, ці адміністрацыя адмовілася даваць інфармацыю, але ні слова пра Віктара Бабарыку сказана не было. Затое пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца вязьні, сказана шмат і даволі падрабязна.

Як гэта рабілася ў пачатку 90-х

Увогуле, здавалася б, наведваньне ўстаноў пэнітэнцыярнай сыстэмы прадстаўнікамі грамадзкасьці можна толькі вітаць (пакінем у дужках тое, што ўваходзілі ў камісію толькі прадстаўнікі праўладных арганізацый — «Белай Русі», БРСМ ды падобных).

Аўтару гэтых радкоў самому давялося наведваць калёніі ў бытнасьць дэпутатам Вярхоўнага Савету і сакратаром парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Гэта былі часы (пачатак 90-х), калі парлямэнт, хай нават і выбраны яшчэ пры камуністычнай уладзе, сапраўды быў прадстаўнічым органам, а ягоныя камісіі імкнуліся выконваць кантрольныя функцыі — у тым ліку і над «профільнымі» міністэрствамі. У нашым выпадку, датычна тэмы выкананьня стандартаў правоў чалавека, — над Міністэрствам унутраных спраў.

У гэтай самай «кантрольнай» якасьці і даводзілася выяжджаць зь інспэкцыямі ў турмы — прычым у суправаджэньні начальніка галоўнага ўпраўленьня выкананьня пакараньняў МУС і каго-небудзь з супрацоўнікаў упраўленьня. Як памятаю, былі яны ў званьнях палкоўнікаў і падпалкоўнікаў.

Начальнікі былі вымушаныя паказваць турэмныя камэры, сталоўкі, месцы працы (натуральна, перад гэтым там “наводзіўся марафет” — і ня столькі для дэпутата, колькі для палкоўнікаў з МУС). Потым быў своеасаблівы «прыём выбарнікаў» — з той розьніцай, што калі ў выбарчай акрузе большасьць прасіла паляпшэньня жыльлёвых умоваў, то зьняволеныя зьвярталіся з просьбамі зусім іншага кшталту.

Вось гэты момант быў асабліва важны. Гутаркі праходзілі ў вялікай залі, я прасіў прадстаўнікоў МУС і супрацоўнікаў калёніі трымацца наводдаль, да стала падыходзілі зьняволеныя, і гутарка была сам-насам. Як правіла, скаргі тычыліся неаб’ектыўнасьці сьледзтва і справядлівасьці вынесеных прысудаў альбо зьмяншэньня тэрмінаў утрыманьня пад вартай.

Нагадаю, што ад абвяшчэньня незалежнасьці ў жніўні 1991 і да часоў Лукашэнкі палітычных зьняволеных у Беларусі не было.

З адной толькі Аршанскай калёніі прывёз дзясяткі зваротаў, разьбіраліся зь імі некалькі месяцаў. Некалькі спраў былі перагледжаныя, тэрміны пакараньня былі зьніжаныя. Было два ці тры выпадкі, калі асуджаных нават вызвалілі. Усё гэта патрабавала руціннай бюракратычнай працы (трэба было пісаць звароты на імя генэральнага пракурора, старшыні Вярхоўнага суду, потым адсочваць, як выконваюцца рэзалюцыі і г.д.).

Прызнацца, тады мне здавалася, што гэта мізэрна мала ў параўнаньні з агульнай колькасьцю зваротаў і затрачанымі намаганьнямі. Сёньня разумею, што і некалькі ўратаваных чалавечых лёсаў — зусім ня мала. І было сапраўднай узнагародай празь дзесяцігодзьдзі пачуць словы аднаго зь лідэраў «Эўрапейскай Беларусі», былога палітвязьня Дзьмітрыя Бандарэнкі, што ў калёніях памятаюць тыя паездкі дэпутатаў БНФ (некалькі разоў наведваў сьледчы ізалятар на “Валадарцы” і Пазьняк). Праўда, давялося зрабіць несуцяшальную выснову, што ў пазьнейшыя часы парлямэнтары такой ініцыятывы не праяўлялі.

Ня чуў, каб цяперашнія дэпутаты наведвалі месцы зьняволеньня. Таму візыт назіральнай камісіі ў Наваполацкую калёнію можна лічыць прыкметнай падзеяй. Нават пры той умове, што ў яе складзе не было прадстаўнікоў апазыцыйных партый ды няўрадавых арганізацый (ды і не магло быць — іх дзейнасьць фактычна паралізаваная). Бо сытуацыя ў месцах зьняволеньня нагэтулькі кепская, а ціск на вязьняў нагэтулькі моцны, што нават нязначнае паслабленьне ўмоваў было б для зьняволеных істотнай палёгкай.

Але вынікі гэтай паездкі становішча зьняволеных не палепшаць.

Катаваньні фізычныя і псыхалягічныя

Кіраўнік камісіі Ўладзімер Каташук (ён жа кіраўнік віцебскага аддзяленьня Фонду міру) лічыць, што ў калёніі ёсьць усё для «нармальнага» ўтрыманьня зьняволеных і іх выпраўленьня. І што «парушэньняў правоў і законных інтарэсаў зьняволеных ня выяўлена».

Відаць, спадару Каташуку начальства калёніі не даклала, што за самае дробнае парушэньне (напрыклад, незашпілены гузік) палітычных вязьняў адпраўляюць у штрафны ізалятар на 50 дзён. І гэтага тэрміну хапае, каб у невыносных умовах чалавек страціў здароўе на ўсё жыцьцё.

Наконт здароўя вязьняў члены камісіі таксама задаволеныя: у калёніі ёсьць нават рэнтгеналягічны і фізіятэрапэўтычны кабінэты. Так што, калі вязень спатыкнецца і, ня дай Бог, зламае руку ці нагу — яму імгненна паставяць дыягназ і правядуць аздараўляльныя працэдуры.

У лютым зьняволенага (не палітычнага) Мікалая Хрола, па словах аднаго былога вязьня Наваполацкай калёніі, турэмнікі пабілі так моцна, што паламаная ключыца няправільна зраслася і ўперлася ў горла — каб убачыць гэта, ня трэба было ніякага рэнтгену. Але вязьню ня толькі не прызначылі фізіятэрапэўтычны працэдур — яму ўвогуле адмовілі ў мэдычнай дапамозе.

І ці пажадалі чальцы камісіі пагутарыць з кім-небудзь зь вязьняў — не фармальна, у прысутнасьці начальства, а сам-насам? Нядаўна ў сеціве зьявілася відэа з расповедам былога вязьня Наваполацкай калёніі Ўладзімера Лабусава. Паводле яго, былы начальнік калёніі Юры Пальчык асабіста катаваў зьняволеных, выкарыстоўваючы расьцяжкі, пры якіх ірвуцца цягліцы ног і каленныя суставы. Пальчык нібыта пераведзены на іншае месца службы, але засталіся кантралёры, якія бралі ўдзел у катаваньнях — ды такіх, што Лабусаў у знак пратэсту тройчы ўскрываў сабе вены.

А ці вядома чальцам назіральнай камісіі, што міжнароднае права трактуе такое стаўленьне як катаваньні (і па іх, дарэчы, няма тэрміну даўнасьці)?

Да катаваньняў адносяцца мэтады ня толькі фізычнага, але і палітычнага ціску. Такія, якія прымяняюцца да вязьня Наваполацкай калёніі, журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка, асуджанага лукашэнкаўскім судом па палітычна матываваным абвінавачаньні на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ігара Лосіка трымаюць у інфармацыйным вакуўме. І галоўнае, ужо шмат часу ён не атрымлівае лістоў. Тое, што да большасьці «палітычных» даходзяць лісты толькі ад родных, зрабілася звыклай практыкай. Але Ігар увогуле ні ад кога не атрымлівае лістоў, у тым ліку і ад жонкі Дар’і, якую асудзілі на два гады калёніі за інтэрвію. У сакавіку Ігар трымаў галадоўку (ня першы раз за час зьняволеньня), учыніў спробу суіцыду.

І вось гэта чальцы назіральнай камісіі лічаць «нармальнымі ўмовамі ўтрыманьня»?

На каго гэта ўсё разьлічана?

Існуе пытаньне, адказ на які знайсьці, прызнацца, я не магу: а навошта ўвогуле быў гэты ваяж? Каму і што ягоныя ініцыятары і ўдзельнікі імкнуліся даказаць? На каго гэта ўсё разьлічана?

На высокае начальства? Але відавочна, што зьдзекі і катаваньні, якія прымяняюцца ў калёніях і турмах Беларусі, робяцца якраз у адпаведнасьці з указаньнямі гэтага самага начальства. І, добра ведаючы Лукашэнку асабіста, не выключаю, што ініцыятыва «націснуць» на «палітычных», стварыць ім невыносныя ўмовы, ідзе непасрэдна ад яго.

На грамадзкасьць? Але прыдушаная тэрорам сілавікоў грамадзкасьць ня мае ніякай магчымасьці падаць голасу нязгоды і абурэньня. Гэта не пачатак 90-х, калі аднаго факту з вышэйназваных хапіла б, каб міністар унутраных спраў даваў тлумачэньні дэпутатам у Авальнай залі. Сёньня ўлада можа цалкам ігнараваць думку што грамадзкасьці, што прызначаных ёй дэпутатаў. Найбольш выразны прыклад апошняга — як хутка замоўклі тыя нешматлікія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія ў жніўні 2020-га адважыліся паспачуваць ахвярам сілавікоў.

Хацелі стварыць прывабную карцінку для Захад? Дык сілавыя ведамствы даўно спаборнічаюць паміж сабой, хто мацней уразіць міжнародную супольнасьць зламаньнем як мага большай колькасьці стандартаў правоў чалавека. Ды і Лукашэнку даўно не цікавіць, што падумае Захад, — яму важна, што думаюць у Крамлі, а з Крамля аддаюць загады на новыя ўдары супраць Украіны.

Такім чынам, ніякіх хоць крыху лягічных прычынаў гэткай паказушнай акцыі не праглядаецца. Хіба што акрамя адной. Заявіць, што ў калёніі, вядомай бесчалавечным абыходжаньнем з палітвязьнямі (ды й ня толькі зь імі), усё ў парадку, — значыць прадэманстраваць, што ніякія скаргі саміх зьняволеных ці іх блізкіх, ніякія звароты праваабаронцаў ня маюць і ня будуць мець ніякага, нават самага мінімальнага эфэкту.

І што лёс чалавека, дзе б ён ні быў, за кратамі ці на волі, на тэрыторыі краіны залежыць выключна і толькі ад жаданьня ды капрызу таго, хто ўтрымлівае ўладу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG