Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выданьне The Village Беларусь спыняе працу, бо няма грошай


Скрыншот The Village Беларусь. Архіўнае фота.
Скрыншот The Village Беларусь. Архіўнае фота.

Гарадзкі часопіс, прысьвечаны жыцьцю Менску, улады прызналі экстрэмісцкім у канцы 2022 году, як і многія іншыя незалежныя СМІ.

Сайт The Village Беларусь, які пачаў працаваць шэсьць гадоў таму, спыняе працу. Каманда праекту пакідае яго, пра што паведаміла ў Facebook галоўны рэдактар Яўгенія Сугак.

Кіраўніца The Village Беларусь адзначыла, што «яна і ўся каманда пакідаюць праект зь вялікім шкадаваньнем і любоўю».

Прычынай спыненьня працы Яўгенія Сугак назвала адсутнасьць фінансаваньня.

Яна дадала, што на працягу ўсіх шасьці гадоў журналісты выданьня «змагаліся за зручны і свабодны горад, супраць рэжыму і сваволі ўладаў», а да блякаваньня і прызнаньня мэдыя экстрэмісцкім яго чыталі паўтара мільёна карыстальнікаў у месяц.

Гарадзкі часопіс The Village Беларусь, прысьвечаны жыцьцю Менску, быў створаны па франшызе, выкупленай у расейскага выдавецкага дома Look At Media ў 2017 годзе. Аднак больш як год таму The Village Беларусь выйшла з франшызы.

Сайт і сацсеткі The Village Беларусь беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў канцы 2022 году. Стужка навінаў на сайце не абнаўлялася з канца сакавіка 2023 году. Апошні артыкул, прысьвечаны жыцьцю беларусаў на эміграцыі, быў разьмешчаны 11 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG