Раней Свабода паведамляла, што сілавікі апублікавалі ў праўладным тэлеграм-канале відэа з затрыманым Беладзедам. На відэа ён кажа, што ў «камэнтарах заклікаў да гвалту, міжнацыянальнай варожасьці, забойства супрацоўнікаў сілавых структур і іх сем’яў».
Таксама на відэа паказваюць ягоныя фатаздымкі разам зь Інай Зайцавай, якая на пратэставыя акцыі выходзіла ў вясельнай сукенцы з чырвонай паласой.
Актывістка Юлія Фралова паведаміла ў Фэйсбуку, што на судзе сваякі Ўладзіслава Беладзеда пабачылі ў яго сьляды пабояў.
У папярэдніх паведамленьнях Беладзеда называлі сэмінарыстам. Аднак курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловай заявай, у якой зьняпраўдзіла гэта. У заяве адзначаецца:
- спадар Уладзіслаў Беладзед пасьля адлічэньня з Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў лютым 2020 году не зьяўляецца сэмінарыстам;
- працаўладкаваны ў архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску на пасадзе выкладчыка катэхезы;
- у сувязі з распаўсюджанай інфармацыяй у сродках масавай камунікацыі, Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачала кананічнае расьсьледаваньне.