Губэрнатары адразу чатырох рэгіёнаў Расеі заявілі аб атаках бесьпілётнікаў на тэрыторыі населеных пунктаў — Белгарадзкай, Смаленскай, Бранскай і Курскай абласьцей.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гудкоў паведаміў, што ўначы нібыта «Ўзброеныя сілы Ўкраіны працягвалі абстрэл Шабекінскай гарадзкой акругі». Улады працягваюць эвакуацыю дзяцей з памежных населеных пунктаў рэгіёну. Паводле яго, у выніку абстрэлаў загінулі дзьве жанчыны.
Губэрнатар памежнай зь Беларусьсю Смаленскай вобласьці Васіль Анохін заявіў, што ў ноч на 2 чэрвеня адбылася атака двума бесьпілётнікамі на аб’екты паліўна-энэргетычнага комплексу ў Пачынкаўскім і Смаленскім раёне вобласьці. Аднак, ахвяраў і крытычных разбурэньняў няма.
Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз паведаміў аб абстрэлах нібыта ўкраінскім войскам двух раёнаў вобласьці — Старадубскага і Суземскага. У абодвух выпадках адбыліся пажары ў жылых дамах. Аб ахвярах ён нічога не паведаміў.
Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт заявіў, што ў выніку атакі нібыта ўкраінскіх бесьпілётнікаў у абласным цэнтры пашкоджаны пад’езд шматпавряховіка і яшчэ неклаькі прыватных дамоў. Але абышлося без ахвяр і пацярпелых.
Ва ўмовах вайны і адсутнасьці доступу незалежных журналістаў на месцы падзей немагчыма спраўдзіць, хто стаіць за атакамі і абстрэламі расейскіх рэгіёнаў. Ва Ўкраіне не камэнтуюць гэтых падзей.
20-я расейская атака на Кіеў
Расейскія войскі ў ноч на 2 чэрвеня зноў абстралялі ўкраінскую сталіцу. Як паведамілі ў камандаваньні Паветраных сіл Украіны, Расея атакавала крылатымі і балістычнымі ракетамі — з ракетных комплексаў, разьмешчаных у Бранскай вобласьці, а таксама з стратэгічнай авіяцыі з Касьпійскага мора.
Ад пачатку траўня гэта 20-я атака ракетамі і бесьпілётнікамі на Кіеў і шостая за апошнія шэсьць дзён. Пацярпелі і іншыя гарады Ўкраіны.
Украінскія вайскоўцы называюць гэтыя атакі вельмі небясьпечнымі, паколькі празь невялікую адлегласьць зь месца запуску ракет да цэлі вельмі мала часу людзі маюць на тое, каб схавацца.
«Папярэдне, у паветранай прасторы над Кіевам і вакол сталіцы сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны выявілі і зьнішчылі больш за 30 паветраных цэляў», — паведаміў начальнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.
У сталіцы ад рэшткаў зьбітых ракет і бесьпілётнікаў ніхто не пацярпеў, а ў Кіеўскай вобласьці зноў ёсьць параненыя, у тым ліку адзін хлопчык.
Пашкоджана пяць прыватных будынкаў, некалькі аўтамабіляў, а ў двух раёнах вобласьці падзеньне рэшткаў зьбітых ракет ці бесьпілётнікаў прывялі да ўзгараньня сухой травы.
Выведка Вялікай Брытаніі: Расея стаіць перад дылемай — умацоўваць лінію фронту ці сваю мяжу
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што праз «партызанаў», якія пэрыядычна атакуюць Белгарадзкую вобласьць, Расея вымушана будзе рабіць выбар у сваёй стратэгіі супраць Украіны.
Паводле выведнікаў, Расея вымушана была перакінуць у рэгіён дадатковыя сілы абароны, уключна з ударнымі верталётамі і тэрмабарычнымі ракетнымі сыстэмамі TOS-1A.
«Расейскае камандаваньне цяпер сутыкаецца з вострай дылемай: умацоўваць абарону ў памежных рэгіёнах Расеі ці ўмацоўваць свае пазыцыі ў акупаваных раёнах Украіны», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.