У Польшчы 17 траўня затрымалі былога супрацоўніка ўпраўленьня ФСБ па Дагестане Эмрана Наўрузбекава, які ўцёк з Расеі яшчэ ў 2017 годзе і распавёў заснавальніку праекту Gulagu.net Уладзіміру Асечкіну пра «кіраваныя тэракты», якія арганізоўваюць супрацоўнікі ФСБ, піша выданьне «Агентство».
Пастанова польскага суда ёсьць у распараджэньні рэдакцыі. У ёй гаворыцца, што Наўрузбекава затрымалі падчас праверкі дакумэнтаў у лягеры для ўцекачоў у ваяводзтве Куяўска-Паморскае, дзе ён знаходзіўся пасьля запыту палітычнага прытулку ў Польшчы ў кастрычніку 2022 году. Гэта ягоная паўторная заяўка на атрыманьне прытулку ў Польшчы, папярэдняе прашэньне ён падаваў у 2017 годзе.
Жонка Наўрузбекава Ірына распавяла «Агенцтву», што з 2017 года сям’я жыла ў Эўразьвязе — пасьля абскарджаньня першай адмовы ў наданьні прытулку.
У якасьці падставы для дэпартацыі суд называе ўключэньне Наўрузбекава ў сьпіс асобаў, якія ўяўляюць пагрозу бясьпецы Польшчы. Па словах Ірыны Наўрузбекавай, з чым зьвязанае такое рашэньне, незразумела. «Муж кажа: «Застраліце мяне тут, навошта мяне дэпартаваць», — пераказала яна словы Наўрузбекава.
Польская паліцыя пасьля затрыманьня зьмясьціла Наўрузбекава пад арышт з прычыны магчымага парушэньня правілаў паводзінаў у лягеры для ўцекачоў. Да 15 жніўня ён будзе знаходзіцца ў ахоўным цэнтры для замежнікаў у Пшэмыслі ў чаканьні дэпартацыі. У пастанове суда таксама сьцьвярджаецца, што пры затрыманьні ён не падпарадкоўваўся патрабаваньням паліцыі і паводзіў сябе агрэсіўна. Сам Наўрузбекаў, па словах яго жонкі, гэта адмаўляе.
Эмран Наўрузбекаў у сьнежні 2022 году ў інтэрвію заснавальніку праекту Gulagu.net Вадзіміру Асечкіну прадставіўся супрацоўнікам контрвыведвальнага падразьдзяленьня ўпраўленьня ФСБ. Ён сьцьвярджаў, што зьвязаныя з ФСБ людзі на Паўночным Каўказе ладзяць «кіруемыя тэракты», што ў Дагестане фабрыкуюцца «тэрарыстычныя справы», на якіх сілавікі зарабляюць прэміі і павышэньні.
У гутарцы з карэспандэнтам Кавказ.Реалии Эмран Наўрузбекаў распавёў падрабязнасьці агентурнай дзейнасьці і заявіў, што зьяўляецца не адзіным супрацоўнікам спэцслужбаў, які пакінуў краіну, каб не ўдзельнічаць у злачынствах.