Арт-рэзыдэнцыя «Дом творцаў» апошнім часам прымала вельмі шмат людзей, расказвае музыка Сяржук Доўгушаў.
«Гэта былі творцы, у нас былі рэзыдэнцыі, а потым мы адчынілі дзьверы для палітвязьняў, дапамагалі людзям, якія з розных прычын апынуліся ў эміграцыі: ці пасьля вызваленьня турмы, ці якія вымушана выяжджалі. Цяпер у нас ідзе падрыхтоўка да наступных рэзыдэнцый, таму мы чакаем новых жыхароў».
Створаны каталёг паслуг дазволіць расказаць пра таленавітых людзей, прафэсіяналаў, якія могуць падзяліцца сваёй дзейнасьцю, кажа Доўгушаў.
«Каталёг створаны, каб людзі ведалі, што яны могуць падтрымаць ініцыятыву „Дом творцаў“ і тым самым дапамагчы з працай тым людзям, якім гэта патрэбна. Ёсьць розныя кірункі паслуг: і дызайн, і майстар-клясы ў жывапісе, графіцы, акторскія трэнінгі, розныя музычныя заняткі, вакальныя, запіс і зьвядзеньне трэкаў».
Цяпер каталёг паслуг выглядае як google-форма, у якой кожны ахвочы можа задаць пытаньні, зьвярнуцца па нейкую паслугу. А прадстаўнік «Дома творцаў» потым адкажа. Таксама неўзабаве плянуюцца стварыць асобную старонку з каталёгам як частку сайту, дзеліцца Сяржук.
«У нас шмат адукацыйных паслуг. Неўзабаве мы яшчэ падрабязьней пра гэта раскажам. Напрыклад, я як прадстаўнік „Дома творцаў“ ужо запусьціў свой платны курс „Прыродны голас“, дзе мы вучымся і правільна дыхаць, і там ёсьць пастаноўка голасу і аснова вакалу. Таксама будуць і ад іншых выкладчыкаў падобныя курсы».
Такім чынам, дапамагчы рэпрэсаваным творцам можна, заказаўшы іх паслугі. Таксама можна купіць творы мастацтва.
«У нас ёсьць 17 твораў ад рэпрэсаваных мастакоў, нават тых, хто цяпер знаходзіцца ў турме. Мы ўжо рабілі выставу ў падтрымку такіх мастакоў. А цяпер можна купіць творы, тым самым іх падтрымаць. Мы зрабілі таксама фандрайзінг, збор у падтрымку „Дома творцаў“. Зь ім мы зможам дапамагчы большай колькасьці людзей з пражываньнем, з працай, вырашэньнем пытаньняў розных у эміграцыі».
«Дом творцаў» мае вялікія пляны, кажа Сяржук Доўгушаў.
«Мы плянуем зноў запускаць рэзыдэнцыю ў нашым Доме — мастацкую, музычную, тэатральную. Будзем запрашаць яшчэ таленавітых беларусаў, якія будуць пражываць, тварыць і прэзэнтаваць свае творы мастацтва. Неўзабаве зьявіцца інфармацыя пра гэта».
Таксама сумесна з фундацыяй Tutaka адкрываюць філіял «Дома творцаў» у Беластоку.
«Акрамя таго, мы плянуем далей працягваць рабіць майстар-клясы. У нас ёсьць цэлы цыкль у розных кірунках — і акторскае майстэрства, і сьпеўныя, і па мастацтве. Таксама мы знаёмім з новымі імёнамі мастакоў, якія эмігравалі зь Беларусі».