Палітоляг разважае пра небясьпеку таго, што ў выніку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі тэрыторыя Беларусі зробіцца мішэньню для ядзернага ўдару, а таксама пра тое, што «кнопка» ад ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі будзе толькі ў Расеі.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
«Я б ня стаў усё зводзіць толькі да крамлёўскіх ядзерных пантоў»
— Лукашэнка — у Маскве на саміце ЭўрАзЭС, міністар абароны Расеі Шайгу — у Менску, падпісвае дакумэнты, паводле якіх кантроль за нестратэгічнай ядзернай зброяй, якая разьмяшчаецца ў Беларусі, застаецца за Расеяй, рашэньне аб прымяненьні таксама, зброю не перадаюць Беларусі, паводле Шайгу. Ці ёсьць нейкі сымбалізм у тым, што гэта было зроблена ў адсутнасьць Лукашэнкі ў краіне?
— Ніякай змовы людзей у пагонах, ніякага дадатковага прыніжэньня Лукашэнкі, ніякай кансьпіралёгіі я б шукаць ня стаў. Проста так супала. Гэта чыста тэхнічны момант. Два правадыры Пуцін і Лукашэнка ўсе нюансы і аспэкты даўно перацерлі тэт-а-тэт. Генэралы тут выступаюць толькі як тэхнічныя выканаўцы.
— 16 траўня падчас дэбатаў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў заяўляў, што «практычных мер па разьмяшчэньні расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі пакуль не было. Гэтая аб’ява аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Рэспубліцы Беларусь — перш за ўсё, гэта проста заява». Наколькі падпісаныя сёньня дакумэнты зьяўляюцца «практычнай мерай», а не заявай?
— Дыпляматам язык дадзены дзеля таго, каб хаваць думкі, таму яны адпрацоўваюць свой хлеб. Мне здаецца, што Лукашэнка ўжо ня мае такога энтузіязму ад разьмяшчэньня ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, як гэта выглядала яшчэ 2–3 месяцы таму. Так, гэта практычная рэалізацыя. З аднаго боку, Масква, у асобе Пуціна найперш, займаецца ядзерным шантажом. Зразумела, што тут звышзадача — напалохаць Кіеў, напалохаць Захад, прымусіць да падпісаньня нейкай магчымай мірнай дамовы на нявыгадных для ўкраінскага боку ўмовах. Элемэнт шантажу тут прысутнічае, але я б ня стаў усё зводзіць толькі да крамлёўскіх ядзерных пантоў.
Пасьля 24 лютага 2022 году многія аналітыкі перагледзелі сваю ацэнку, наколькі Пуцін рацыянальны. Ён тады ўвязаўся ў гэтую варʼяцкую авантуру, і няма гарантыі, што ён не сарвецца з катушак чарговым разам і ня вырашыць ня толькі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, але, магчыма, і нанесьці адсюль тактычны ядзерны ўдар. Тым больш што ў гэтым варʼяцтве можа быць і свой разьлік, што «ответка» можа прыляцець наперш «малодшаму брату», як яны называюць Лукашэнку.
— Я не знайшла ў адкрытым доступе тэкст падпісаных дакумэнтаў. І мы можам абмяркоўваць толькі цытаты, якія падаюць дзяржаўныя СМІ, кшталту заявы Хрэніна, што «разьмяшчэньне нестратэгічнай ядзернай зброі — дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краін». Гэтыя заявы разьлічаныя на каго насамрэч — заходніх палітыкаў, людзей у Беларусі, расейцаў, украінскіх палітыкаў?
— Найперш гэта арыентавана на самую непрасунутую частку электарату ў Беларусі і Расеі. Кіеў даўно ведае цану словаў беларускіх вайскоўцаў. З гледзішча вайскоўцаў Украіны беларускія калегі проста юды, як яны іх называлі. У Кіеве зь вялікім скепсісам на ўсю гэтую рыторыку Хрэніна і яго атачэньня глядзяць. Захад нядрэнна ведае, што ўсе гэтыя нібыта падсоўваньні NATO да ўсходніх межаў — гэта абарончая рэакцыя. Польшча і краіны Балтыі сурʼёзна баяцца, што Пуцін не абмяжуецца Ўкраінай і мог бы пайсьці і на іх, калі ягоная так званая «спэцыяльная ваенная апэрацыя» разгортвалася б больш пасьпяховым чынам. Іншая рэч, што ён атрымаў ад Украіны па зубах. Але гэта яго тым болей можа разьюшыць і можа ў пэўны момант падштурхнуць і да гэтага ядзернага ўдару як спробы спыніць украінскі контранаступ.
«Захад ня схільны таргавацца з Лукашэнкам, таму што там усё мацнейшая думка, што гэта крамлёўская марыянэтка»
— Лідэрка дэмсілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «мы павінны зрабіць усё, каб прадухіліць плян Пуціна разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі. Гэта проста парушае наш канстытуцыйны няядзерны статус і ўзмоцніць кантроль Расеі над Беларусьсю на гады наперад». Пляны Расеі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай. Колькасьць заяваў цяжка пералічыць. А што практычна магчыма зрабіць, каб гэтага не адбылося? І ці магчыма?
— На жаль, магчымасьці абмежаваныя ў беларускіх дэмакратычных сілаў, як і ўвогуле ў іх вельмі абмежаваны інструмэнтарый для ўплыву на сытуацыю ў Беларусі, і на Лукашэнку тым болей. Ён ня бачыць у камандзе Ціханоўскай ці іншых штабах палітычнай эміграцыі нейкіх вартых ягонай увагі апанэнтаў ці, наадварот, суразмоўцаў у нейкім дыялёгу.
Захад на сёньня таксама ня схільны таргавацца з Лукашэнкам, таму што там усё мацнейшая думка, што гэта крамлёўская марыянэтка, і ад яго нічога не залежыць. Гэта блізка да праўды ў сёньняшняй сытуацыі. Хаця калі казаць пра сюжэт ядзернага шантажу, то тут у Лукашэнкі ёсьць і свой інтарэс. Ён ня толькі «падыгрывае» Пуціну, але, магчыма, зважае на прыклад Паўночнай Карэі. Краіна ў галечы, вельмі адсталая, але мы бачым, што і Вашынгтон цацкаецца з Пхеньянам, таму што ў «свой гарод» атрымаць ядзерную ракету ніхто ня хоча. Дык у Лукашэнкі кансьпіралягічнае мысьленьне, ён кажа, што па пэрымэтры мяжы ходзяць ворагі, шчоўкаюць зубамі, ляскаюць гусеніцамі, дык ён думае, што калі будзе мець ядзерныя «цацкі», яны сюды ня сунуцца.
І тое, што Шайгу лішні раз «даў анучай па твары», сказаўшы насуперак бравадзе Лукашэнкі, што ніякім гаспадаром ядзернай зброі ён ня будзе, па сутнасьці сытуацыю не зьмяняе. Лукашэнка ўсё адно разумее — калі Масква разьмяшчае сваю ядзерную зброю, то яна яе будзе бараніць усімі сіламі, таму нібыта дадатковыя гарантыі рэжым Лукашэнкі ў гэтым кантэксьце атрымлівае.
— Якая небясьпека таго, што ў выніку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі тэрыторыя Беларусі зробіцца мішэньню для ядзернага ўдару?
— Гэта амаль што 100%. На тое і разьлічвае Пуцін, што калі дойдзе да абсалютна вострай авантурнай гульні і давядзецца стрымліваць Украіну пры дапамозе тактычнай ядзернай зброі, то лепей «уляпіць» па ёй менавіта зь Беларусі, а потым і адказнасьць зваліць на Лукашэнку. Тут спадзевы на тое, што ўсё ж з Расеяй Захаду страшнавата задзірацца, а вось лупянуць па «малодшым хаўрусьніку» — нібыта адказалі, разам з тым наўпрост Расею не зачапілі. Бо згарэць у ядзерным апакаліпсісе ніхто на Захадзе ня хоча.
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.