Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У выпадку перамогі Ўкраіны лёс Лукашэнкі будзе вырашаны», — расейскі экспэрт Фёдараў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Украінскі вайсковец каля расейскіх танкаў, захопленых падчас наступу Ўзброеных сілаў Украіны, каля гораду Ізюм Харкаўскай вобласьці. 19 верасьня 2022 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Украінскі вайсковец каля расейскіх танкаў, захопленых падчас наступу Ўзброеных сілаў Украіны, каля гораду Ізюм Харкаўскай вобласьці. 19 верасьня 2022 году

Расейскі вайскова-палітычны экспэрт Юры Фёдараў тлумачыць інфармацыйнае і псыхалягічнае значэньне падзей у Белгарадзкай вобласьці Расеі, задаецца пытаньнем, ці будзе беларускае войска абараняць Лукашэнку, і камэнтуе нядаўнія гучныя заявы польскага генэрала Скшыпчака.

Сьцісла:

  • Расейская ўлада паказала, што ня здольная гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзян.
  • Менскі рэжым разумее, што Расея ня здольная выйграць вайну.
  • Ці пойдзе Крэмль на тое, каб аслабіць свае ваенныя пазыцыі ва Ўкраіне дзеля таго, каб ратаваць рэжым Лукашэнкі? У гэтым могуць быць пэўныя сумневы, у тым ліку ў Менску.
  • У крытычны час па просьбе Ціханоўскай Захад можа аказаць ёй усялякую дапамогу.

— Як бы вы ацанілі белгарадзкія падзеі, калі, паводле ўкраінскага боку, «Расейскі добраахвотніцкі корпус» і легіён «Свабода Расеі», якія складаюцца з расейскіх грамадзянаў, пачалі «апэрацыю па вызваленьні гэтых тэрыторый ад так званага рэжыму Пуціна»? Якія зьмены такія апэрацыі могуць прынесьці ў псыхалягічным і ваенным сэнсе? Ці ўплывае гэта на інфармацыйны парадак дня і на расейскую грамадзкую думку?

Юры Фёдараў
Юры Фёдараў

— Безумоўна, уплывае, і самым неспрыяльным чынам для расейскай улады. Улада паказала, што ня здольная гарантаваць бясьпеку насельніцтва. А гэта адзін з асноўных элемэнтаў «грамадзкай дамовы» паміж уладай і насельніцтвам. Улада абавязваецца гарантаваць бясьпеку і нейкі мінімальны жыцьцёвы ўзровень, а народ абавязваецца быць ляяльным уладзе.

Але ўлада паказвае, што ня можа гарантаваць бясьпеку. Калі яна сутыкаецца не з інтэлігентнымі дысыдэнтамі, людзьмі, якія выходзяць з плякатамі на плошчу, а з узброенымі людзьмі, гатовымі забіваць праціўніка — тады яна пасуе. Два дні ўлада была бездапаможная перад сотняй узброеных людзей.

Зразумела, што насельніцтва гэта цудоўна пабачыла і зразумела. Глыбіннаму народу ўсё роўна, калі да яго зьвяртаюцца зь нейкімі абстракцыямі кшталту дэмакратыі альбо правоў чалавека (для расейскай масавай сьвядомасьці гэта дастаткова чужыя і далёкія паняткі), але пытаньне ўласнай бясьпекі — гэта вельмі канкрэтная рэч. І калі ўлада яе ня можа забясьпечыць, то, значыць, гэтая ўлада непрыдатная, яе трэба замяніць, альбо прынамсі нейкім чынам на яе ўзьдзейнічаць.

— Цікава было назіраць інфармацыйныя сутычкі вакол белгарадзкіх падзей. Расейская прапаганда і афіцыйныя асобы адразу пачалі заяўляць, што гэта ўкраінская дывэрсійная група, што расейскіх грамадзян там няма. Хоць на тых здымках, якія былі апублікаваныя, людзі ў вайсковай форме на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці не хаваюць сваіх твараў — і гэта былі рэальныя расейскія грамадзяне, яны маюць канкрэтныя прозьвішчы, іх пазналі ў сацыяльных сетках. Уладзе зь яе інфармацыйным рэсурсам удасца даказаць, што гэта былі ўкраінцы, а не расейскія грамадзяне?

— Для большасьці людзей усё роўна, хто прыйшоў — узброены апазыцыянэр ці ўкраінскі вайсковец. Чалавеку важна, каб улада яго была гатовая абараняць ад каго б там ні было. Нават калі гэта ўкраінцы — гэта значыць, што ўкраінскія вайскоўцы ваююць лепш за расейскіх, за расейскія сілы бясьпекі. Гэта абывацелю самае важнае.

— Тым часам на беларуска-ўкраінскай мяжы беларускія вайскоўцы ўзводзяць так званую «лінію Хрэніна», комплекс бэтонных супрацьтанкавых збудаваньняў. Плюс нядаўна быў уведзены надгляд зь беларускага боку беларуска-расейскай мяжы. Для чаго гэта робіцца? Ці то менскі рэжым ужо не давярае расейскаму саюзьніку, ці то рэальна баіцца атакі з тэрыторыі Ўкраіны?

— Я думаю, і тое, і другое. Калі менскі рэжым назірае, што адбываецца ва Ўкраіне, як ваюе Расея, то, як і большасьць людзей, якія сур’ёзна назіраюць за сытуацыяй, яны разумеюць, што Расея ня можа выйграць вайну. А як тэхнічна ўявіць сабе абарону рэжыму ў Беларусі, калі Ўзброеныя сілы Ўкраіны вырашаць перайсьці мяжу, каб гэты рэжым зьмяніць? Тады давядзецца перакідаць у Беларусь вялікую колькасьць войскаў, што будзе аслабляць расейскую армію на фронце ва Ўкраіне. У такім выпадку размова пойдзе не пра батальёны, а пра цэлыя брыгады.

Ці пойдзе на гэта Крэмль, на тое, каб аслабіць свае ваенныя пазыцыі ва Ўкраіне выключна дзеля таго, каб ратаваць рэжым Лукашэнкі? У гэтым могуць быць пэўныя сумневы, у тым ліку ў Менску.

— Але вы ў гэтых развагах зусім не бераце ў разьлік саму беларускую армію? Яе ваенны патэнцыял можна ня ўлічваць?

— Паводле вядомай інфармацыі, баяздольная частка беларускай арміі — гэта 4 мотастралковыя брыгады, якія ня маюць баявога досьведу.

— Да таго ж вельмі слаба аснашчаныя тэхнікай, і частку ўзбраеньняў ужо аддалі Расеі.

— Абсалютна слушна. І ці можа быць Лукашэнка ўпэўнены, што войска будзе абараняць ягоную ўладу цаной уласнага жыцьця? Па-рознаму можа быць. Але мне падаецца, што не карыстаецца ён такой падтрымкай ва Ўзброеных сілах. Зразумела, што ў звычайнай мірнай сытуацыі вайскоўцы зьнешне ляяльныя. Але ў выпадку крызісу, у выпадку вайны — хто яго ведае?

— Былы намесьнік міністра абароны Польшчы генэрал Вальдэмар Скшыпчак заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі. «Гаворка пра тое, каб мы не праспалі гэты момант, — падкрэсьліў ён. — Трэба быць гатовымі падтрымаць войскі, якія будуць праводзіць апэрацыю супраць Лукашэнкі». Нярэдка беларусы скардзяцца, што ў шырокім сэнсе Захад недастаткова сур’ёзна ўспрымае сытуацыю ў Беларусі. Ці можна сказаць, што, улічваючы такія заявы, нешта ў гэтым сэнсе мяняецца і суседзі Беларусі гатовыя на больш рэзкія крокі?

— Я сачу за выступамі і тэкстамі генэрала Скшыпчака. Гэты чалавек, безумоўна, на мой погляд, вельмі разумны і дасьведчаны. Тое, што ён выказаў, сьведчыць, як мне падаецца, што ён мае пэўную інфармацыю адносна таго, як складаюцца справы ў Беларусі і ў беларускай апазыцыі. Таму гэта вельмі сур’ёзная ацэнка.

Калі сапраўды полк Каліноўскага зьявіцца ў Беларусі і здолее ваяваць зь сіламі бясьпекі (найхутчэй, ня з арміяй, а зь сіламі бясьпекі) — тады польскія ўлады могуць, напрыклад, даць дазвол на запіс у добраахвотнікі, якія гатовыя ваяваць на баку палку Каліноўскага. Таксама могуць даць дазвол на пастаўкі зброі і абсталяваньня гэтым сілам.

— Некаторыя беларусы выказваюць такую вэрсію, што нават пасьля перамогі Ўкраіны ў вайне з Расеяй (пры ўсёй умоўнасьці таго, што можна будзе назваць перамогай) і Захад, і Ўкраіна могуць пакінуць адносіны з дыктатарскім беларускім рэжымам на ўзроўні, як і раней, business as usual. Ці лічыце вы гэта магчымым, ці ўсё ж суседзі Беларусі разумеюць, што гэты стратэгічны «балькон» нельга пакідаць прарасейскай дыктатарскай уладзе, і зробяць усё магчымае, каб гэтага не адбылося?

— Я думаю, у выпадку перамогі Ўкраіны лёс Лукашэнкі будзе вырашаны. Пытаньне ў тым, якім чынам гэта адбудзецца, чыімі рукамі, у якой форме. Ці будзе гэта выступ беларускіх вайскоўцаў, ці будзе гэта вяртаньне да дэмакратычных працэдураў — можа быць па-рознаму. Невыпадкова Ціханоўскую прызнаю́ць на Захадзе фактычна як законна абраную прэзыдэнтку Беларусі. І паколькі прызнаю́ць, то ў нейкім варыянце можна па яе просьбе аказаць ёй падтрымку ў самай рознай форме.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG