У яго межах супрацоўнікі інстытуту правялі глыбінныя інтэрвію з прадстаўнікамі васьмі незалежных выдавецтваў (шэсьць зь іх цяпер знаходзяцца па-за межамі краіны, два — у Беларусі). Пакуль дасьледаваньне рыхтавалася, адно з выдавецтваў спыніла працу паводле рашэньня ўладаў, піша BPN.
Гаворачы пра ціск з боку дзяржавы, Ластоўскі падкрэсьліў: «Калі параўноўваць з 2020 годам, амаль усе выдавецтвы закрыліся. Засталіся адзінкі, якія па-ранейшаму працуюць».
У якасьці рызыкаў працы ў Беларусі ўдзельнікі вылучылі верагоднасьць прызнаньня літаратуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і немагчымасьць зразумець, «колькі ўдасца праіснаваць» у краіне. Іншай адчувальнай праблемай названа страта магчымасьці шукаць сродкі праз краўдфандынг унутры Беларусі і практычна поўную адсутнасьць публічных імпрэзаў, на якіх кнігі можна прасоўваць.
Аднак дзеяньні ўладаў не прывялі да паўнавартаснай рэлякацыі выдаўцоў, «пераезд — адзінкавыя выпадкі», дадае дасьледчык.
Таксама прадстаўнікі галіны адзначылі падзел аўдыторыі, большасьць якой застаецца ў краіне, але значная частка — у эміграцыі, а таксама цяжкасьці з доступам да дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду кніг, асабліва ў рэгіёнах. «Зь іншага боку, выдаўцы адзначаюць: сытуацыя эміграцыі дала перавагу — доступ да электронных маркетаў», — сказаў ён.
Удзельнікі дасьледаваньня заявілі пра рост цікавасьці да беларускіх кніг у эмігранцкім асяродзьдзі. Адначасова за мяжой, «калі жывеш мабільна, вельмі складана ствараць дамашнія бібліятэкі», таму попыт накіраваны на невялікія выданьні, удакладніў прадстаўнік арганізацыі.
Акрамя гэтага, выдаўцы адзначылі слабую эфэктыўнасьць літаратурных прэмій у прасоўваньні кніг і важнасьць удзелу ў міжнародных кніжных кірмашах. «Але гэта патрабуе вялікіх арганізацыйных і фінансавых намаганьняў, і ня кожнае выдавецтва можа несьці выдаткі на такія рэчы», — дадаў Ластоўскі.
Рэпрэсіі супраць незалежных кнігавыдаўцоў у Беларусі
- Рэпрэсіі ў Беларусі зазналі шэраг прыватных выдаўцоў. Выдавецтва «Янушкевіч» у судовым парадку пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі сёлета ў студзені.
- У дзень адкрыцьця, 16 траўня 2022 году, адбыўся ператрус у менскай краме выдавецтва — «Кнігаўка». Янушкевіча і супрацоўніцу крамы — літаратуразнаўцу і блогера Насту Карнацкую — затрымалі і некалькі разоў запар арыштоўвалі (усяго на 28 і 23 дні адпаведна). Янушкевіч пасьля гэтага пакінуў краіну.
- Яшчэ летась 22 сакавіка арэндадаўца запатрабаваў ад выдавецтва вызваліць офіс. У выніку выдавецтва «Янушкевіч» з прычыны палітычнага перасьледу пераехала зь Беларусі ў Польшчу, дзе аднавіла працу летась у кастрычніку.
- У красавіку і траўні 2022 году Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла дзейнасьць выдавецтваў «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыус» і «Кнігазбор», якія выдавалі кнігі толькі на беларускай мове.
- Эканамічны суд Менску на падставе пазову Міністэрства інфармацыі 10 траўня 2023 году ліквідаваў Выдавецкі дом Дзьмітрыя Коласа.