Паводле яго слоў, размова ідзе аб інфэкцыйна-алергічным міякардыце. Словы палітыка прыводзіць BPN.
Гаворка пра грознае захворваньне, запаленчае паражэньне сардэчнай мышцы. Яно небясьпечнае ўскладненьнямі ў выглядзе парушэньняў рытму, сардэчнай недастатковасьці, кардыясклерозе і нават раптоўнай сардэчнай сьмерці. Лечыцца такое захворваньне каля двух тыдняў.
Ужо пяць дзён Лукашэнка не зьяўляецца ў публічнай прасторы. Падчас сьвяткаваньняў 9 траўня на Плошчы Перамогі ён упершыню за ўсе гады ва ўладзе ня выступіў са зваротам. Сёньня ён прапусьціў сьвяткаваньні так званага Дня сьцяга, герба і гімна.
Інфармацыю аб праблемах са здароўем Лукашэнкі пацьвердзіў расейскі дэпутат
«Там нічога такога звышнатуральнага няма, гэта ня ковід. Проста чалавек захварэў. Нягледзячы на тое, што чалавек захварэў, палічыў сваім абавязкам прыехаць у Маскву, а потым увечары таго ж дня праводзіў мерапрыемствы ў Менску. Напэўна, мае патрэбу ў пэўным адпачынку — вось і ўсё». — сказаў Канстанцін Затулін.
13 траўня адразу некалькі СМІ паведамілі, што ўвечары картэж Лукашэнкі прыехаў у «Рэспубліканскі клінічны мэдычны цэнтар», які знаходзіцца на беразе вадасховішча Дразды. Падчас яго прыезду дарогі да шпіталя былі перакрытыя, уздоўж іх стаялі сілавікі. Картэж вярнуўся назад празь 2 гадзіны.
У арганізацыі былых сілавікоў ByPol «ёсьць плян на выпадак сьмерці Аляксандра Лукашэнкі, але ён не для абвяшчэньня ў СМІ і не зьвязаны з «кветачкамі», заявіў BPN 12 мая кіраўнік ByPol, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта па аднаўленьні законнасьці і правапарадку Аляксандр Азараў.