Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 12 траўня падпісаў указ аб выхадзе Ўкраіны з мэмарандуму аб супрацоўніцтве ў ахове дзяржаўных межаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны.
Указ набывае ў сілу ў дзень апублікаваньня.
Мэмарандум быў падпісаны ў 1994 годзе. На падставе гэтага дакумэнту пазьней былі распрацаваныя ўсе двухбаковыя пагадненьні аб памежнай супрацы Украіны і Беларусі. Так Украіна цалкам спыніла ўсю памежную супрацу зь Беларусьсю.
- У канцы лютага 2023 году Ўкраіна выйшла зь міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб арганізацыі сумеснага назіраньня ў пунктах пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы.
- У сьнежні 2022 году Ўкраіна выйшла з пагадненьня аб так званым малым памежным руху, што азначала закрыцьцё пунктаў спрошчанага пропуску грамадзян, спыненьне супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй, а таксама між апэратыўнымі падразьдзяленьнямі памежных ведамстваў Беларусі і Ўкраіны.
- Украіна таксама адмовілася ад рэалізацыі пілётнага кантактнага пункту Жытомір – Пінск. Гэта было прадугледжана асобным пратаколам, падпісаным у сьнежні 2016 году ў Менску.
- З трэцяга лістапада 2022 году Ўкраіна спыніла дзеяньне сямі пратаколаў аб супрацы між Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі і Дзяржаўнай памежнай службай Украіны.
- З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, Украіна выйшла, дэнансавала або спыніла дзейнасьць больш як 20 пагадненьняў, дамоў, мэмарандумаў і пратаколаў, якія падпісваліся з урадам Беларусі з 1991 году.