Пра гэта выданьню «Тайга» паведамілі мясцовыя праваабаронцы. Па іх словах, помнікі расстраляным палякам і літоўскі крыж, якія стаялі на месцы масавых расстрэлаў з 1989 году, нечакана пачалі нібыта «перашкаджаць праходу чыноўнікаў».
Юрыст і праваабаронца, аўтар дасьледаваньня «Вялікі тэрор» Аксана Труфанава падкрэсьліла, што манумэнты былі пастаўленыя яшчэ ў савецкі час на грошы, сабраныя звычайнымі жыхарамі. Яны разьмяшчаліся на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій «Піваварыха». Апроч помнікаў палякам і літоўцам, там знаходзяцца і іншыя манумэнты. Аб’ект курыруе служба па ахове культурнай спадчыны ўраду Іркуцкай вобласьці.
- У 1930-я побач зь Піваварыхай была спэцзона НКВД, дзе расстрэльвалі палітвязьняў. Дасьледчыкі ацэньваюць колькасьць забітых у 15–17 тысяч чалавек. Масавыя пахаваньні знайшлі толькі ўвосень 1989 году пры спрыяньні УКДБ, пракуратуры і мясцовых навукоўцаў.