Пра гэта раней напісала выданьне The Times. У EBU патлумачылі, што такі выступ Зяленскага будзе супярэчыць правілам конкурсу, якія забараняюць палітычныя выказваньні.
«„Эўравізія“ — гэта міжнароднае забаўляльнае шоў, у якім дзейнічаюць строгія правілы і прынцыпы, вызначаныя з моманту яго стварэньня. Адным зь яго вугольных камянёў зьяўляецца непалітычны характар імпрэзы. Гэты прынцып забараняе рабіць палітычныя ці падобныя заявы ў рамках конкурсу», — патлумачылі ў EBU.
Адпаведная заява пазьней была апублікавана на сайце Эўрапейскага вяшчальнага саюза.
Пазьней у Офісе прэзыдэнта Ўкраіны пракамэнтавалі сытуацыю. Прэсавы сакратар кіраўніка Ўкраіны Сяргей Нікіфараў 12 траўня напісаў, што офіс не зьвяртаўся да арганізатараў песеннага конкурсу «Эўравізіі» наконт выступу Зяленскага:
«Інфармацыя The Times не адпавядае рэчаіснасьці. Офіс прэзыдэнта Украіны не зьвяртаўся да арганізатараў песеннага конкурсу „Эўравізіі“ з прапановай онлайн-выступу Ўладзіміра Зяленскага падчас фіналу ці на якім-небудзь іншым этапе конкурсу».
67-ы музычны конкурс «Эўравізія» стартаваў у Лівэрпулі 9 траўня. У 2023 годзе ён павінен быў праходзіць ва Ўкраіне, бо пераможцам мінулага спаборніцтва стаў украінскі гурт Kalush Orchestra. Але з прычыны баявых дзеяньняў у краіне Эўрапейскі моўны саюз перадаў права правядзеньня конкурсу Вялікай Брытаніі, чый прадстаўнік у 2022 годзе заняў на конкурсе другое месца.
Раней, у сакавіку 2023 года, амэрыканская кінаакадэмія (AMPAS) адмовілася даць віртуальную трыбуну Зяленскаму падчас будучай цырымоніі «Оскар». Падставай для адмовы стала «нежаданьне палітызаваць забаўляльнае шоў».