Афіцыйна Дзяржаўны памежны камітэт не абвяшчаў пра новыя правілы праезду мяжы з Расеяй. Але на пытаньні выданьня «Зеркало» памежнікі адказалі, што часовы кантроль на мяжы з Расеяй — гэта «выкананьне ратыфікацыйнага пагадненьня пра ўзаемнае прызнаньне візаў з Расеяй».
«Ехала сваячка з мужам, грамадзянінам Расеі. Было нечакана для яе, калі на ўезьдзе ў Беларусь спынілі беларускія памежнікі, завялі ў нейкую „будку“ і сфатаграфавалі. Прычым мужа-расейца не чапалі, нічога не пыталіся. Гэта было на пункце пропуску на шашы з Навазыбкава на Гомель», — расказала чытачка Свабоды.
Праверкі на мяжы прывялі да затораў на некаторых пунктах пропуску. На вялікія чэргі паўплывала і вяртаньне дахаты мноства расейцаў, якія праводзілі доўгія выходныя ў Беларусі. У «памежным» чаце ў Telegram расейцы скардзяцца на доўгія чэргі на ўезд у Расею.
«Стаім сем гадзін, „Кацюшу“ перасталі ўжо сьпяваць»
Асабліва складанай была сытуацыя 9 траўня на пункце пропуску Езярышча — Лабок (Віцебская вобласьць Беларусі — Пскоўская вобласьць Расеі).
«Гэта абсалютнае зло! 9 траўня правесьці ў заторы 7 гадзін! Гэта так умудрыцца можна. Інфраструктуры няма, адчуваньне, што заяжджаем у Зымбабвэ», — піша 9 траўня карыстальнік водгук пра пункт пропуску «Лабок».
«Стаім ужо колькі гадзін на ўезд у Расею. Калі ехалі ў Беларусь 6 траўня, то дзьве мяжы прайшлі за 10 хвілін», — скардзіцца грамадзянка Расеі.
«Хадзілі даведацца, у чым справа, сказалі, заносяць інфармацыю ў базы пра кожны аўтамабіль», — зазначае іншы карыстальнік.
«Ужо сем гадзін стаім на пункце пропуску ў Лабок (РФ). „Кацюшу“ ужо перасталі сьпяваць», — пішуць карыстальнікі.
На іншых пунктах пропуску сытуацыя была не такой складанай. «Праехалі Красную горку за 25 хвілін. Пашпарты правяраюць толькі беларускія памежнікі, расейскія нічога не глядзелі, багажнік таксама», — пішуць карыстальнікі чату.
«З боку Смаленску ў Беларусь расейцы праверылі пашпарты і пажадалі добрай дарогі. Беларусы правяралі пашпарты, багажнік, пад нагамі ў салёне, усіх пасажыраў і кіроўцу запісвалі ў будцы памежнага кантролю і фіксавалі на камэру», — піша адзін з карыстальнікаў чату.
10 і 11 траўня заторы на мяжы Беларусі і Расеі скончыліся. Але праверкі з боку беларускіх памежнікаў працягваюцца.
«На памежным пераходзе Селішча — Чырвоны Камень цяпер фатаграфуюць усіх, хто едзе зь Беларусі ў Расею», — паведаміла чытачка Свабоды. Гэты памежны пункт разьмешчаны на шашы Гомель — Бранск.
«Варта ставіцца да перасячэньня мяжы з Расеяй гэтак жа сур’ёзна, як і да перасячэньня мяжы з ЭЗ»
Заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак кажа, што з цяперашнімі зьменамі варта ставіцца да перасячэньня мяжы з Расеяй гэтак жа сур’ёзна, як да перасячэньня мяжы з Эўразьвязам.
«Кантроль на мяжы Беларусі і Расеі існуе дастаткова даўно. Але людзей правяралі выбарачна. Раней перасячэньне мяжы з Расеяй было лёгкім, таму людзі ехалі разьняволена. Гэта прывяло да таго, што ў першыя дні „ўзмацненьня“ некалькі чалавек, якія ехалі ў Расею непадрыхтаванымі, то бок мелі перапіскі, падпіскі і іншы „экстрэмізм“, трапілі пад адміністрацыйны перасьлед. Менавіта пасьля праверкі на мяжы памежнікамі ці сілавікамі», — кажа заснавальнік фонду.
Стрыжак раіць ставіцца да перасячэньня мяжы з Расеяй сур’ёзна, праверыць свой тэлефон, «пачысьціць» яго ці мець іншы — «той, у якім коцікі, маляўнічыя краявіды ды здымкі ежы».
Суразмоўца дадаў, што пытаньні могуць задаць і з нагоды наяўнасьці ў чалавека шэнгенскай візы ці нацыянальнай візы краіны ЭЗ. «Не кажу, што за гэта будуць арыштоўваць, але варта мець нейкае тлумачэньне, нармальную легенду, спакойна адказваць на пытаньні», — раіць заснавальнік фонду.
Улічваючы агульныя тэндэнцыі, ён ня думае, што на мяжы будуць нейкія зьмены да лепшага, «усе тэндэнцыі — да горшага».