Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрашэньне, ад якога немагчыма адмовіцца. Пуцін спрабуе паказаць, што ён не ў адзіноце


Аляксандар Лукашэнка ( ў акулярах), Уладзімір Пуцін і кіраўнікі краін СНЖ сярод вэтэранаў на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2023
Аляксандар Лукашэнка ( ў акулярах), Уладзімір Пуцін і кіраўнікі краін СНЖ сярод вэтэранаў на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2023

Другі год сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Расеі і Беларусі адбываецца на тле расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Гэта надае ўрачыстасьцям асаблівы характар. Сёлета Пуцін у тэрміновым парадку настойліва папрасіў лідэраў краін СНД быць побач зь ім на сьвяточнай трыбуне на Краснай плошчы. Адмовіцца было складана.

Сьцісла:

  • Кіраўніцтва РФ выкарыстоўвае Дзень Перамогі, каб паспрабаваць паказаць цяперашнюю агрэсію супраць Украіны як працяг вайны з фашызмам.
  • Каб згладзіць адчуваньне міжнароднай ізаляцыі, Пуцін вырашыў мабілізаваць кіраўнікоў краін СНД на сьвяточную трыбуну 9 траўня.
  • Гэтым разам Лукашэнка зрабіў свой візыт у Маскву без асаблівага энтузіязму.
  • Адным з вынікаў вайны Расеі супраць Украіны стане разбурэньне ідэалягемы пра «Вялікую Перамогу» ва ўсім рэгіёне Усходняй Эўропы.

У Расеі тэма перамогі ў мінулай вайне стала спосабам ідэнтыфікацыі расейскіх грамадзян з пуцінскім рэжымам, ідэалягічным абгрунтаваньнем імпэрскага рэваншу за распад СССР, канфлікту з Захадам, цяперашняй агрэсіі супраць украінскага народу. У Беларусі Лукашэнка выкарыстоўвае вобраз пераможцы над фашызмам для апраўданьня дыктатуры і барацьбы супраць Захаду. Таму відавочна, што беларускі і расейскі кіраўнікі выкарысталі Дзень Перамогі 9 траўня, каб зьвязаць дзьве вайны, прадставіць цяперашнюю агрэсію супраць Украіны як працяг вайны з фашызмам.

Летась ніхто з замежных лідэраў не наведаў у гэты дзень Маскву. Нават Лукашэнка не прыехаў.

Гэтым разам усё памянялася. Напярэдадні сьвята Расея атрымала шэраг дыпляматычных паразаў падчас галасаваньня ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях. Відавочна, гэта выклікала балючую рэакцыю ў Маскве. І, каб пераадолець гэтую траўму, згладзіць адчуваньне міжнароднай ізаляцыі, было прынята рашэньне мабілізаваць кіраўнікоў краін СНД, паклікаць іх адсьвяткаваць 9 траўня на Краснай плошчы.

Акрамя таго, атака дронаў невядомага паходжаньня на Крэмль стала моцным ударам па іміджы Расеі як вялікай і моцнай дзяржавы. Зьявілася інфармацыя, што па ўсёй РФ адменены парады і сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі, ня будзе шэсьцяў пад брэндам «Несьмяротны полк».

Трэба было тэрмінова знайсьці спосаб кампэнсацыі. Такім спосабам і стала зьяўленьне на сьвяточнай трыбуне лідэраў краін СНД побач з Пуціным. Варта заўважыць, што гэтая палітычная апэрацыя (настойлівае запрашэньне кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў у Маскву) была праведзеная вельмі інтэнсіўна, літаральна за пару дзён.

Рашэньне было прынята ў апошні момант. Яшчэ 29 красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў сьцьвярджаў, што сёлета замежных лідэраў на парад у Маскву зусім не запрашалі, бо «дата ня круглая».

Прычым запрашэньнем займаўся сам Пуцін. Якія інструмэнты ён выкарыстоўваў (бізун ці пернік), застаецца загадкай. Але яны аказаліся эфэктыўнымі. Урэшце ў Маскву прыехалі кіраўнікі Кіргізстану, Казахстану, Таджыкістану, Узбэкістану, Туркмэністану, Армэніі, Беларусі.

Постсавецкія лідэры не маглі не разумець, што цяперашні прыезд у Маскву зьяўляецца ўскоснай падтрымкай Расеі ў яе вайне супраць Украіны. Хоць бы таму, што ідэалягема «Вялікай Перамогі» зьяўляецца ідэалягічным падмуркам цяперашняй расейскай агрэсіі. У парадзе ўдзельнічалі расейскія падразьдзяленьні, якія ваявалі ва Ўкраіне. Пуцін у сваім выступе славіў «герояў спэцапэрацыі».

Здаецца, гэтым разам Лукашэнка зрабіў свой візыт у Маскву без асаблівага энтузіязму. Бо давялося ламаць увесь графік сьвяткаваньняў у Менску, якія плянаваліся на першую палову дня 9 траўня. Да таго ж, мяркуючы па голасе, Лукашэнка не зусім здаровы. Але выбару ў яго не было.

Інфармацыйнае забесьпячэньне нечаканай паездкі Лукашэнкі ў Расею на ўрачыстасьці было няўклюднае. Афіцыйныя крыніцы доўга маўчалі, паведамілі пра візыт у апошні момант, калі Лукашэнка ўжо прыляцеў у Маскву. Прычым спачатку інфармацыя пра гэта зьявілася на тэлеграм-канале расейскай агенцыі «РИА Новости».

Год таму ўсе чакалі, што Пуцін выкарыстае сакральнае для Расеі сьвята, каб выступіць зь нейкімі знакавымі заявамі. Ці то афіцыйна абвесьціць вайну Ўкраіне, ці абвесьціць мабілізацыю. Ці канкрэтызуе мэты «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне. Ці заявіць пра перамогу. Аднак нічога знакавага тады не прагучала.

Гэтым разам такіх вялікіх чаканьняў ад выступу Пуціна не было. Нічога надзвычайнага і ня здарылася.

Увогуле, жорсткая ідэалягічная прывязка ідэі Перамогі да адыёзных рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, да разьвязанай агрэсіі супраць Ўкраіны лягічна вядзе да таго, што адным з вынікаў гэтай вайны стане разбурэньне ідэалягемы пра «Вялікую Перамогу» ва ўсім рэгіёне Ўсходняй Эўропы і постсавецкай прасторы. Гэты працэс ужо пачаўся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG