Уладзімір Пуцін у сваім выступе, акрамя згадваньня перамогі над нацызмам у 1945-м прывітаў удзельнікаў расейскай вайны супраць Украіны, якая адбываецца цяпер.
«Вырашальныя для лёсаў нашай Радзімы бітвы заўсёды станавіліся сьвятымі, мы ганарымся тымі, хто ўдзельнічае ў спэцапэрацыі (так у Маскве афіцыйна называюць вайну з Украінай. — заўв. Свабоды), зараз няма справы важнейшай», — заявіў Пуцін.
Пасьля прамовы Пуціна пачаўся рух вайсковай тэхнікі па Краснай плошчы.
Аналітыкі заўважылі, што на вайсковым парадзе ў Маскве была даволі слабая прысутнасьць якаснай вайсковай тэхнікі. Паводле беларускага палітоляга Паўла Вусава, «праходжаньне вайсковай тэхнікі наогул урэзана, камічнае відовішча. З танкаў толькі Т-34/85. Верагодна адзіны, які на хаду застаўся. Нуль авіяцыі, уся палегла ў палях Украіны. Адчуваецца страшная правінцыяльшчына і дэфіцыт рэсурсаў».
Сёлета да Пуціна на парад у Маскву прыляцелі толькі кіраўнікі краін СНД. Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамар Такаеў, прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнты Таджыкістану, Туркмэністану, Узбэкістану і Кіргізстану Эмамалі Рахмон, Сердар Бердымухамедаў, Шаўкат Мірзіёеў і Садыр Джапараў адпаведна. Яны былі на трыбуне разам з вэтэранамі ў форме і з мэдалямі.
У 2022 годзе на парадзе ў Маскве не было ніводнага кіраўніка замежнай дзяржавы, у Крамлі тады заявілі, што вырашылі іх не запрашаць.
Аляксандар Лукашэнка маўчаў да апошняга часу пра сваю паездку на парад, аднак увечары 8 траўня прыляцеў у Маскву, пра што потым паведаміла ягоная прэс-служба і СМІ. Праз гэты неанансаваны візыт у Менску перанесьлі традыцыйнае ўскладаньне кветак з раніцы на вечар.