Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВМС Швэцыі і Фінляндыі падвысілі ўзровень боегатоўнасьці праз асьцярогу магчымага расейскага ўдару па энэргасетках


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ваенна-марскія сілы Швэцыі і Фінляндыі знаходзяцца ў стане павышанай баявой гатоўнасьці ў сувязі з тым, што расейскія судны былі заўважаны ў раёнах, дзе пракладзены падводныя сілавыя кабелі, і паблізу ветраных электрастанцый.

У Хэльсінкі і Стакгольме асьцерагаюцца магчымага расейскага ўдару па энэргетычных сетках. Пра гэта паведамляе фінскае выданьне Iltalehti.

Пра тое, што магчымасьць дывэрсіі супраць падводных кабэляў разглядаецца як сур’ёзная, заявіла камандуючая ВМС Швэцыі Эва Скуг Хаслум. Яна не пацьвердзіла і не абвергла сьцьвярджэньне аб тым, што расейскія караблі маглі заходзіць у швэдзкія тэрытарыяльныя воды.

Крыніцы ў сфэры зьнешняй палітыкі і бясьпекі пацьвердзілі Iltalehti, што фінскі флёт таксама знаходзіцца ў стане падвышанай гатоўнасьці. Прадстаўнікі ВМС абедзьвюх краін пацьвердзілі, што ў выпадку гіпатэтычнага расейскага ўварваньня акажуць адзін аднаму дапамогу — Швэцыя ў абароне фінскіх Аландзкіх астравоў, а Фінляндыя ў абароне швэдзкага Готланда.

Расейскі бок пакуль не камэнтаваў публікацыю.

Раней паведамлялася аб тым, што ў дакумэнтальным фільме «Вайна ценяў», зьнятым грамадзкімі тэлерадыёкампаніямі Даніі, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі, сьцьвярджалася, што прыпісанае да расейскага Балтыйскага флёту судна займаецца картаграфаваньнем марскіх кабэляў і газаправодаў у водах вакол скандынаўскіх краін і Фінляндыі. Гэта можа быць выкарыстана ў выпадку паўнавартаснага вайсковага канфлікту паміж Расеяй і NATO.

Каманда журналістаў атрымала доступ да радыёперахопу расейскага акіянаграфічнага судна «Адмирал Владимирский» і на аснове дасланых з яго паведамленьняў склала мапу яго паходаў. Судна, як мяркуецца, картаграфавала ветраныя электрастанцыі, газаправоды, сілавыя і інтэрнэт-кабэлі ў Балтыйскім і Паўночным морах.

Экспэрты з разьведслужбаў NATO расказалі аўтарам фільма, што расейскія судны ствараюць такія карты на выпадак вайны блёка з Расеяй. Карты патрабуюць сталага абнаўленьня, вынікае з фільма, іх наяўнасьць можа дазволіць расейскаму флёту нанесьці ўдары па крытычнай інфраструктуры краін Паўночнай Эўропы.

Раней на гэтым тыдні міністэрства абароны Даніі пацьвердзіла, што мае дзясяткі фатаздымкаў расейскага судна SS-750, зробленымі ў Балтыйскім моры ў верасьні мінулага года, за некалькі дзён да выбухаў на падводных газаправодах «Паўночны паток». Пра гэта паведаміла дацкае выданьне Information.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG