Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікам шпіталізаванага Віктара Бабарыкі не ўдалося нічога даведацца пра ягоны стан і месцазнаходжаньне


Віктар Бабарыка на судзе, ліпень 2021.
Віктар Бабарыка на судзе, ліпень 2021.

У камандзе былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, а цяпер палітвязьня Віктара Бабарыкі, якога шпіталізавалі пасьля ШЫЗА, зноў заклікалі дапусьціць да яго адвакатаў і сваякоў.

Паводле інфармацыі, якую далі штабу супрацоўнікі лякарні ў Наваполацку, 27 красавіка на канец дня Віктар Бабарыка знаходзіўся ў хірургічным аддзяленьні ў стане сярэдняй цяжкасьці. Любое транспартаваньне было жыцьцёва небясьпечнае, паведаміў тэлеграм-канал каманды Віктара Бабарыкі.

Але 28 красавіка ні супрацоўнікі шпіталя, ні прадстаўнікі Наваполацкай калёніі не пацьвердзілі, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх, і не змаглі нічога расказаць пра стан яго здароўя.

У штабе заклікаюць асоб, адказных за тое, што адбываецца, даць вычарпальную інфармацыю пра месцазнаходжаньне Бабарыкі і ягоны фізычны стан, а таксама дапусьціць да яго сваякоў і адвакатаў.

Раней паплечнікі Бабарыкі са спасылкай на наваполацкіх лекараў адзначылі, што «было праведзена абсьледаваньне [палітвязьня], зь ягоных лёгкіх адводзяць вадкасьць».

Пра тое, што ў ноч на 25 красавіка Віктара Бабарыку даставілі з наваполацкай калёніі № 1 у аддзяленьне хірургіі мясцовай бальніцы са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксам, увечары 26 красавіка паведаміла плятформа аб’яднаньня працоўных Беларусі «Рабочы рух». Сьцьвярджалася, што ён у стане сярэдняй цяжкасьці.

Раніцай 27 красавіка ў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні Свабодзе пацьвердзілі шпіталізацыю палітвязьня Віктара Бабарыкі. «Бабарыка ў хірургіі знаходзіцца», — адказалі ў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні на пытаньне аб тым, ці сапраўды Віктара Бабарыку шпіталізавалі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» BPN паведамілі, што апошнім часам не атрымлівалі інфармацыі пра Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, які больш як два гады знаходзіцца пад сьледзтвам.

У гэты ж дзень крыніцы BPN паведамілі, што ў «пацыента з прозьвішчам Бабарыка 1963 году нараджэньня», які паступіў у Наваполацкую гарадзкую бальніцу, «узяты аналізы, праводзіцца мэдычнае абсьледаваньне». Таксама быў пацьверджаны пнэўматоракс. Іншая крыніца заявіла, што, «магчыма, у лёгкіх у Бабарыкі знойдзена вада».

  • Бацьку і сына Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 году. Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Бабарыку кандыдатам у прэзыдэнты, хоць той сабраў у чатыры разы больш подпісаў, чым патрабаваў Выбарчы кодэкс (425 тысяч пры неабходных 100 тысячах). Падставай стаў ліст з Камітэту дзяржкантролю аб парушэньнях, якія нібыта зьдзейсьніў Бабарыка.
  • 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу) і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Бабарыка віны не прызнаў.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG