Зь іх дапамогай улады Расеі нібыта хочуць атрымліваць інфармацыю нават з закрытых суполак і ствараць групы ўплыву, якія маюць трансьляваць пэўныя думкі і настроі. Як гэтыя бота-фэрмы будуць працаваць? Расказвае прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец.
Расейскія боты, як тлумачыць Шаметавец, дзейнічалі супраць беларусаў і раней. Але за імі стаялі рэальныя людзі, якія пісалі свае пасланьні, карысныя Маскве. Цяпер жа гаворка ідзе пра сыстэму, заснаваную на штучным інтэлекце. За імі ўжо ня будзе стаяць жывы чалавек, усе тэксты будзе пісаць кампутарная праграма.
«Яны змогуць дадаваць жывых людзей у сябры, ставіць падабайкі і нават пісаць асабістыя паведамленьні. Першапачатковыя парамэтры будуць заносіцца людзьмі, а далей боты будуць паводзіць сябе як людзі. Нешта падобнае існавала і раней, але было накіравана на выманьваньне інфармацыі, для крадзяжоў грошай. Цяпер жа гэта будзе выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах. Іх задача ў тым, каб прасоўваць свае наратывы, стварыць карціну, нібыта так думае большасьць грамадзтва», — кажа Юльяна.
Усё гэта стала вядома пасьля таго, як «Кібэрпартызаны» ўзламалі падведамства «Раскамнагляду». Сярод матэрыялаў знайшліся згадкі і пра ботафэрму. Над яе стварэньнем працуе Галоўны радыёчастотны цэнтар.
«Найлепшы спосаб супрацьдзейнічаць гэтым ботам — гэта пераходзіць на родныя мовы, бо тады ім будзе вельмі складана размаўляць і ўплываць на носьбітаў іншых моваў. Яны, вядома, змогуць перакладаць аўтаматычна, але канструкцыі сказаў усё роўна будуць выглядаць дзіўна для тых, хто размаўляе на сваёй мове. Найлепшы спосаб — адказваць ім на тарашкевіцы або лацінцы», — кажа Юльяна Шаметавец.