Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што 9 траўня Маскву наведае адзін замежны кіраўнік. І гэта не Лукашэнка


Уладзімір Пуцін і Садыр Джапараў
Уладзімір Пуцін і Садыр Джапараў

9 траўня, калі ў Расеі і Беларусі сьвяткуецца Дзень Перамогі, Маскву наведае з візытам прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў.

Ён будзе адзіным кіраўніком замежнай дзяржавы, які наведае расейскую сталіцу ў гэты дзень. Пра гэта піша расейскае выданьне «Ведомости» са спасылкай на некалькі крыніц, у тым ліку блізкай да адміністрацыі Пуціна.

Афіцыйна аб візыце Джапарава пакуль не абвяшчалі. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў не адказаў на запыт выданьня, ці можа прыехаць нехта яшчэ з замежных лідэраў.

Летась парад у гонар сьвята 9 траўня ў Маскве прайшоў зусім без удзелу замежных кіраўнікоў, такое здарылася ўпершыню ў найноўшай гісторыі. Гэты парад прайшоў праз 2,5 месяца пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Пяскоў тады сказаў, што Крэмль не запрашаў замежных гасьцей.

«Рэч у тым, што гэта не юбілейная дата», — тлумачыў тады Пяскоў.

У Крамлі не паведамлялі, ці запрашалі кагосьці, акрамя Джапарава.

У мінулыя гады, асабліва ў юбілейныя даты, парад 9 траўня ў Маскве наведвала шмат замежных гасьцей. Нават у 2015 годзе, ужо пасьля анэксіі Крыму, на парадзе было больш за 20 лідэраў дзяржаў, многія зь іх з краін СНД. Заходнія лідэры парад у апошнія гады не наведвалі.

У шэрагу расейскіх рэгіёнаў і ў анэксаваным Крыме сёлета адмовіліся ад правядзеньня парадаў на 9 траўня. Таксама ўлады Расеі вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага шэсьця «Несьмяротны полк».

У панядзелак стала вядома, што ў Казахстане адмовіліся праводзіць сёлета парад у гонар Дня Перамогі «ў сувязі з эканоміяй сродкаў і вырашэньнем іншых задач».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG