Выдавец Андрэй Янушкевіч, які нядаўна заключыў дамову са Стывэнам Кінгам, расказаў Свабодзе, ці бачыўся ён з майстрам жахаў, што для яго дапамога «Магістрата «Кнігаўка» — больш сымбалічная яна ці рэальная, а таксама — на якой падзеі яго можна будзе ўбачыць неўзабаве.
— Спадар Андрэй, раскажыце, калі ласка, як пачалася гісторыя са Стывэнам Кінгам, колькі часу занялі перамовы?
— У тэлефонным даведніку ў інтэрнэце знайшоў тэлефон. Патэлефанаваў: «Хэлоў, Стывэн! Як гэта ты дажыўся да такіх гадоў, што дагэтуль па-беларуску кніжак няма?» Вось і ўсё.
А калі сур’ёзна, то гэта стандартная працэдура. Ты знаходзіш агента, які займаецца пісьменьнікам, пішаш яму ліст, расказваеш пра сябе, робіш яму прапанову. Яны разглядаюць і пагаджаюцца або не. Адзінае, што досыць шмат часу гэта заняло: месяцы тры-чатыры.
— Чаму Стывэн Кінг?
— Шмат фактараў. Стабільная папулярнасьць, высокія рэйтынгі, арыгінальнасьць стылю аўтара. Здавалася б, так шмат гэтага горару, але Стывэн Кінг выдзяляецца на агульным фоне. Цікавы быў палітычны падтэкст. Стывэн Кінг адным зь першых забраў правы ў расейцаў. Цяпер ягоныя кнігі не выдаюцца на расейскай мове. Ён пладавіты, піша новыя раманы. Мы падумалі на пэрспэктыву, што ня варта пакідаць беларускага чытача бяз новых кніг Стывэна Кінга. Зараз мы зробім усё, каб кнігі выходзілі па-беларуску, а не на расейскай мове. Гэта была нашая матывацыя.
Стывэн Кінг больш адкрыты пісьменьнік. Калі мы заключалі правы на нобэлеўскіх ляўрэатаў, то да нас больш прыглядаліся, хто мы такія. Пэўна, тут справа ў тым, што калі мы заключалі дамовы з Кадзуо Ісігурам, Арханам Памукам, мы былі абсалютна новыя на рынку, пра нас ня ведалі. Цяпер мы пішам пра сябе, што мы такое выдавецтва зь невядомай краіны Беларусь, але пасьпелі выдаць і нам даверыліся Джоан Роўлінг, Архан Памук, Кадзуо Ісігура, Анджэй Сапкоўскі. Такія імёны, якія знаёмыя кожнаму абазнанаму ў літаратуры. Больш пытаньняў да нас не ўзьнікае, значыць, мы вартыя.
— Які раман Кінга зьявіцца першым па-беларуску?
— Гэта раман «Зьзяньне» — клясычны раман пэрыяду маладога Стывэна Кінга. Але гэты раман стаў культавым. Я лічу, што менавіта гэты раман — візытоўка Стывэна Кінга, ён не губляе сваёй актуальнасьці.
— Вы аўтара бачылі ўжывую?
— Не, канечне.
— Вы стэлефаноўваліся празь відэа?
— Не. Гэта лішняя трата энэргіі. Сёньня ўсё робіцца праз агентаў, з дапамогай электроннага ліставаньня. Раней, каб заключыць дамовы, служылі такія выставы ў Франкфурце, Лёндане, куды прыяжджалі выдаўцы, агенты. Яны сустракаліся, дамаўляліся, падпісвалі дамову. Сёньня гэтага ўсяго ня трэба. Існуе практыка электроннага подпісу. Так заключаюцца ў сучасным сьвеце дамовы.
— Якія яшчэ кнігі зьявяцца сёлета ці ў бліжэйшы час?
— Мы прыехалі сюды (на кніжную выставу ў Беластоку. — РС) з трыма навінкамі: двума фэнтэзі ад беларускіх пісьменьнікаў Алеся Кудрыцкага і Валера Гапеева і кнігай нон-фікшн з успамінамі рэпрэсаваных горадзенцаў «Ніколі болей» — новай кнігай ад «Горадзенскай бібліятэкі». Ёсьць чым пахваліцца.
— Вы адкрыліся ў Варшаве. Наколькі пасьпяхова ідзе ваш выдавецкі бізнэс у Польшчы? У колькі разоў адрозьніваецца даход у параўнаньні зь беларускім пэрыядам?
— Так я не магу сказаць. Тут хутчэй трэба гаварыць пра актыўнасьць. Яна ня горшая, чым у Беларусі. Ёсьць чытачы, зацікаўленасьць, а значыць, ёсьць сэнс выдаваць кніжкі. Я іх выдаю не ад таго, што мне больш няма чаго рабіць, а ад таго, што на гэта ёсьць попыт. Калі я задаволю гэты попыт, то партнэрства з чытачамі, пакупнікамі будзе ўзаемавыгаднае.
Выдавецкі рынак у Польшчы прадстаўляе нашмат лепшыя магчымасьці. Тут мноства інструмэнтаў, якія ў Беларусі толькі ў зародку. Выдатны выбар друкарак, паліграфічных матэрыялаў, выдатныя магчымасьці для распаўсюду кніг з дапамогай паштовай перасылкі.
— Вось вы, як многія эмігранты, пачынаеце хваліць Польшчу...
— Я не хвалю Польшчу. Я кажу аб’ектыўны факт: Польшча наперадзе Беларусі. Гэта беларусы езьдзяць за пакупкамі ў Польшчу, а не наадварот. Чаму так? Палякам ёсьць што нам прапанаваць. Канечне, яны ня могуць задаволіць патрэбы дзевяцімільённай Беларусі. Але, зь іншага боку, а ці шмат з гэтых 9 мільёнаў чыталі беларускія кнігі? Па вялікім рахунку, ня больш, чым актыўная частка беларусаў, якіх мы бачым тут. У гэтым пляне я вельмі ўдзячны нашай беларускай аўдыторыі, беларусам, якія сюды пераехалі і тут жывуць, і чытаюць беларускія кнігі.
— Якія кнігі вашага выдавецтва беларусы найбольш любяць, раскупляюць, на што самы вялікі попыт?
— Мы стараемся, каб усе нашыя кнігі былі цікавыя чытачу, каб іх набывалі. Інакш у гэтым няма сэнсу. Стабільным попытам карыстаюцца брэндавыя рэчы: кнігі Джоан Роўлінг пра Гары Потэра, вельмі радуе, што такім брэндам, пісьменьнікам на слыху стаў Альгерд Бахарэвіч. Кожная ягоная кніга — гэта падзея на беларускім рынку.
— Якую ролю адыграла дапамога «Магістрата „Кнігаўка“» ў дзейнасьці вашага выдавецтва? Гэта рэальная дапамога ці хутчэй сымбалічны жэст?
— Гэта не сымбалічны жэст. Гэта моцная падпора. Яна дазваляе нам адчуваць сябе даволі прасторна ў новых умовах, і ў немалой ступені тое, што мы здолелі заключыць кантракт са Стывэнам Кінгам, — заслуга «Магістрата „Кнігаўка“», бо гэта вялікія грошы. Ня толькі таму, што Кінг у сусьветным топе пісьменьнікаў, а хаця б таму, што ён любіць пісаць вельмі тоўстыя кнігі, а гэта цягне за сабой адпаведную плату перакладчыкам, карэктарам, рэдактарам. Гэта такі праект-выклік, і дзякуючы падтрымцы «Магістрата» ён стаў рэальнасьцю.
— Вы казалі, што ў Польшчы захоўваеце актыўнасьць. Акрамя выданьня кніг, якія імпрэзы вы плянуеце ладзіць або ў якіх падзеях браць удзел сёлета?
— У канцы траўня будзе вялікая выстава ў Варшаве, дзе таксама будзе працаваць беларускі павільён. Магчыма, мы здолеем зладзіць сустрэчы зь пісьменьнікамі. Але я ўсё ж больш аматар і майстар рабіць менавіта кнігі, а не публічныя мерапрыемствы. Скалоцім каманду, будзе ў нас адказны за гэты кірунак, і тады прарвемся.
* * *
21–23 красавіка ў Беластоку праходзіць кніжны кірмаш. Адзін са стэндаў займаюць беларускія кнігі. На ім можна знайсьці выданьні Андрэя Янушкевіча, беларускай бібліятэкі kamunikat.org, выдавецтва «Цымбераў», гістарычныя кнігі, выдадзеныя ў расейскім выдавецтве «Інбелкульт». Шмат дзіцячай літаратуры. На беларускім стэндзе можна пасьпець набыць рарытэтныя ўжо асобнікі Arche (некаторыя зь іх прызналі экстрэмісцкімі ў Беларусі) і дзіцячыя часопісы ад «Нашай Нівы» — «Дуду» і «Асьцярожна, дзеці!».
Як расказаў Свабодзе прадстаўнік kamunikat.org Яраслаў Іванюк, беларускі стэнд вярнуўся на беластоцкі кірмаш празь некалькі гадоў перапынку, зьвязанага, сярод іншага, з каранавірусам. Летась на кірмашы можна было знайсьці толькі адну беларускую кнігу — «Гэй бэн біном» Уладзімера Някляева.
Сярод навінак — кніга вершаў Насты Кудасавай «Побач», другая частка «Айчыны» Ўладзімера Арлова, перавыданьне «Імёнаў Свабоды», фэнтэзі Валера Гапеева «Вольнэры», аповед для падлеткаў «Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада», успаміны рэпрэсаваных горадзенцаў «Ніколі болей», пазл на 1000 дэталяў з выявай бітвы пад Воршай ад кракаўскага выдавецтва «Гутэнберг».