Польскае выданьне Rzeczpospolita паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што 10 верасьня ў дом у Вырыках у Люблінскім ваяводзтве трапіла ракета, выпушчаная з польскага самалёта F-16, зь якога спрабавалі зьбіць расейскі бесьпілётнік.
Афіцыйнай рэакцыі з боку ўраду на гэтае паведамленьне пакуль няма, але на старонцы прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага зьявілася паведамленьне, што ён, чакае ад ураду неадкладнага высьвятленьня інцыдэнту ў Вырыках.
«Абавязак ураду — выкарыстоўваць усе інструмэнты і інстытуты для як мага хутчэйшага высьвятленьня гэтага пытаньня. Утойваньне інфармацыі недапушчальнае. Перад абліччам дэзынфармацыі і гібрыднай вайны паведамленьні, якія перадаюцца палякам, павінны быць правераны і пацьверджаны. Адначасова прэзыдэнт падкрэсьлівае, што ён ня быў праінфармаваны пра гэта, як і Бюро нацыянальнай бясьпекі (BBN), і гэтае пытаньне не было прадстаўлена і высьветлена ў Радзе нацыянальнай бясьпекі».
10 верасьня Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы заявіла аб «беспрэцэдэнтным» парушэньні паветранай прасторы расейскімі бесьпілётнікамі. Польшча падняла свае самалёты ў паветра і прывяла вайскоўцаў у стан найвышэйшай гатоўнасьці. За ноч адбылося 19 уварваньняў у паветраную прастору Польшчы, прычым значная частка бесьпілётнікаў заляцела зь Беларусі, заявіў тады прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск у парлямэнце. Паводле ўраду, чатыры з 19 бесьпілётнікаў былі зьбітыя.
Форум