Раней кампанія-распрацоўшчык паведаміла, што звышцяжкая ракета, якая ствараецца для місій на Месяц і Марс, стартавала ў тэставы арбітальны палёт. Палёт праходзіў у бесьпілётным рэжыме.
Запуск быў ажыцьцёўлены ў чацьвер раніцай па мясцовым часе з пляцоўкі SpaceX у Бока-Чыка, на паўднёвым усходзе амэрыканскага штату Тэхас.
Як вынікае з кадраў трансьляцыі, ракета, дасягнуўшы вышыні 38 кілямэтраў, пачала некантралявана круціцца прыкладна празь дзьве з паловай хвіліны пасьля старту. Яшчэ праз паўтары хвіліны адбыўся выбух.
Як вынікае з паведамленьня SpaceX Ілона Маска ў Twitter, наступны пуск плянуецца празь некалькі месяцаў. «Віншую каманду SpaceX з займальным тэставым запускам Starship. Мы шмат чаго даведаліся для наступнага выпрабавальнага запуску празь некалькі месяцаў», — напісаў Маск.
Шматразовая ракетная сыстэма складаецца з касьмічнага карабля Ship 24 і носьбіта Super Heavy. Яе вышыня дасягае 120 мэтраў, а шырыня 9 мэтраў. Яна вышэйшая за любую іншую ракету, калі-небудзь створаную ў сьвеце. Носьбіт Super Heavy ў два разы больш магутны, чым створаная NASA для пілятаваных палётаў на Месяц цяжкая ракета Space Launch System (SLS).
Плянавалася, што ў рамках першага палёту ракета выканае адзін віток вакол Зямлі. Затым карабель павінен быў кіравана прывадніцца ў Ціхім акіяне непадалёк ад Гавайскіх астравоў.
Першапачаткова старт прататыпу карабля Starship быў заплянаваны на 17 красавіка, але яго адклалі з прычыны непаладак у сыстэме ахалоджваньня.