Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб розных санкцыях для расейцаў і беларусаў


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Архіўнае фота

У літоўскім Сейме адбылося паўторнае галасаваньне ў справе закону аб абмежавальных мерах адносна грамадзян Беларусі і РФ за ваенную агрэсію супраць Украіны.

За пераадоленьне вэта прэзыдэнта прагаласавалі 99 дэпутатаў са 108 прысутных.

Сейм Літвы прыняў згаданы закон 4 красавіка. Ён прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзян Беларусі і РФ, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцьця нерухомасьці ды інш. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расейцаў.

14 красавіка прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта. Ён прапанаваў парлямэнту «цалкам прымяніць усе сем абмежавальных мер да грамадзян Беларусі і Расеі» і ўніфікаваць абмежаваньні, якія прымяняюцца як да расейцаў, так і да беларусаў.

Старшы дарадца прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы Кястуціс Будрыс падкрэсьліў, што закон аб абмежавальных мерах вельмі неабходны з пункту гледжаньня як нацыянальнай бясьпекі, так і зьнешняй палітыкі, а нормы закону не пагоршаць становішча беларусаў, якія ўжо прыбылі і маюць тут дазвол на жыхарства.

«Прапановы прэзыдэнта ніякім чынам не паўплываюць на дзейнасьць дэмакратычнай апазыцыі Беларусі і Расеі ў Літве, яе статус, магчымасьці ўехаць у яе зь Беларусі і Расеі, то бок атрымаць візу, і з гэтай візай атрымаць часовы дазвол на жыхарства ў Літве, статус электроннага рэзыдэнта, набыць нерухомасьць, калі яны адпавядаюць ужо прадугледжаным законам умовам, гэта значыць пры пасярэдніцтве міністэрства і пры наяўнасьці гуманітарных падставаў. На ўмовы апазыцыі гэта наўпрост ніяк не ўплывае», — падкрэсьліў Кястуціс Будрыс.

«Прыняты Сэймам закон вызначае 7 розных абмежавальных захадаў для гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі і замежнапалітычных інтарэсаў Літвы, 4 зь якіх будуць прымяняцца як да грамадзян Расеі, так і да грамадзян Беларусі, а 3 — толькі да грамадзян Расеі.

Прэзыдэнт падтрымлівае мэту закону аб прымяненьні абмежавальных захадаў да грамадзян Расеі і Беларусі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй гэтых дзяржаў супраць Украіны, але адзначае, што няма падстаў вызначаць розныя прававыя нормы для грамадзян дзьвюх дзяржаў-агрэсараў, і прапануе прымяняць аднолькавыя абмежавальныя захады да грамадзян абедзьвюх дзяржаў», — гаварылася ў апублікаваным паведамленьні Офіса прэзыдэнта пасьля накладаньня Наўседам на закон вэта 14 красавіка.

  • Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка.
  • Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
  • Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага віду на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране.
  • 14 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Наўседа наклаў на закон вэта.
  • Сейм мае права прымаць ці не прымаць папраўкі, якія ўнёс у дакумэнт прэзыдэнт Літвы. Для таго, каб прыняць вэтаваны прэзыдэнтам закон, патрабуецца, каб за яго прагаласаваў як мінімум 71 дэпутат з 141.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG