Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гэта ўсё перажыць. Псыхоляг адказвае на пытаньні чытачоў Свабоды


Каляж Радыё Свабода
Каляж Радыё Свабода

Свабода спыталася ў сваіх чытачоў-беларусаў, якія псыхалягічныя праблемы турбуюць іх цяпер найбольш. На сабраныя пытаньні адказвае псыхатэрапэўт Ганна Матуляк.

Ганна Матуляк — сямейны псыхоляг, гештальт-тэрапэўт, спэцыяліст у вобласьці рэпрадуктыўнай псыхалёгіі і псыхатэрапіі. Выкладала псыхалёгію ў БДПУ ім. М.Танка і БДЭУ. З 2011 году займаецца прыватнай практыкай. Праводзіць індывідуальнае і сямейнае кансультаваньне, тэрапію, супэрвізію, сэмінары і псыхалягічныя праграмы. Цяпер жыве і працуе ў Вільні.

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

— Спадарыня Ганна, раскажыце, калі ласка, як цяпер зьмяніліся запыты беларусаў на псыхалягічную дапамогу ў параўнаньні з 2020-2021 годам?

— Запыты ў нейкім сэнсе трансфармаваліся. Калі ў 2020 годзе гэта былі вострыя крызісныя перажываньні, зьвязаныя з сутыкненьнем з гвалтам — асабістым, з блізкімі людзьмі ці ў грамадзтве, то цяпер людзей турбуе іншае. Шмат людзей пакідае краіну. Іх турбуюць пытаньні адаптацыі на новым месцы, як псыхалягічна перажыць гэтую падзею. Бо ў выпадку многіх беларусаў гэта не эміграцыя, а эвакуацыя. Часам з адной валізкай, часам нават без аніякіх рэчаў. Тым, хто засталіся, цяжка даць рады трывозе, страху. Тым больш што страх стаў такой базавай настройкай па змоўчваньні, якая блякуе іншыя перажываньні і эмоцыі. Калі ты знаходзісься ў стане выжываньня, знаходзячыся ў Беларусі, то складана з гэтага стану нешта плянаваць і чакаць ад сябе нечага большага.

— Ці засталіся запыты знутры краіны, не зьвязаныя з «глябальным капцом»?

— Як я казала, у стане выжываньня, бо многія беларусы ўнутры краіны з гэтым сутыкнуліся, складана нешта плянаваць. Людзі ў Беларусі скардзяцца на зьніжэньне канцэнтрацыі, на дэпрэсіўны стан. Ёсьць і запыты, зьвязаныя з «проста жыцьцём»: як працягваць сваё звыклае, звычайнае жыцьцё? Ёсьць запыты, зьвязаныя з адносінамі — з партнэрамі, дзецьмі, бацькамі. Але гэта, зноў жа, не бяз фокусу на тое, што адбываецца вакол. Таму што той глябальны крызіс, які мы перажываем, ён, бясспрэчна, адбіваецца на ўсіх сфэрах жыцьця, на прафэсійнай і асабістай.

— Ці зьмянілася ў беларусаў стаўленьне да псыхолягаў? Ці засталася думка, што псыхолягі не патрэбны, самі дамо ўсяму рады?

— Па маіх адчуваньнях, каштоўнасьць псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў цяпер павысілася. Таму што людзі сутыкнуліся з такімі сытуацыямі невыноснасьці перажываньня таго, што адбываецца, у якіх адмаўляць дапамогу спэцыялістаў складана. Да спэцыялістаў, у тым ліку і да мяне, зьвяртаюцца людзі, якія раней не прыходзілі да псыхолягаў ці псыхатэрапэўтаў. Гэта суправаджаецца камэнтарыямі: «Я думаў (думала), што я дастатковы моцны (моцная) і нават не ўяўляў, што некалі зьвярнуся да псыхоляга». Даводзіцца гаварыць, што гэта не пра сілу. Мы ж ня кажам: «Я была ўпэўненая, што ў мяне ніколі не забаляць зубы, страўнік, але вось я не дала рады». Наш псыхічны стан — у тым ліку адлюстраваньне таго жыцьця, якое мы вядзём. І тая нагрузка, якую мы адчулі яшчэ з пэрыяду каранавірусу, ня варта яе недаацэньваць. Справа тут ня ў сіле ці здольнасьці даць рады. Справа ў тым, што сіла вонкавага ўзьдзеяньня настолькі вялікая і траўматычная, што ў такіх абставінах проста немагчыма па-іншаму. Гэта якраз тыя абставіны, якія правакуюць розныя складанасьці. І нашы рэакцыі — яны нармальныя. Ненармальна тое, што адбываецца. Гэта нармальная рэакцыя на ненармальную сытуацыю.

— Цяпер людзі са сьмехам успамінаюць пэрыяд каранавірусу, пачатак 2020 году, маўляў, «нам бы цяпер тыя перажываньні»...

— Яшчэ да падзей восені-2020 у Беларусі мы з калегамі шмат размаўлялі, шмат чыталі дасьледаваньняў на тэму таго, як каранавірус паўплываў на псыхалягічны і псыхічны стан людзей ва ўсім сьвеце. Мы глядзелі статыстыку — дэпрэсіўных станаў, сямейных праблемаў, выкліканых пандэміяй і локдаўну. Уявіце, што з тае пары беларусы перажылі яшчэ больш магутныя крызісы і, больш за тое, працягваюць іх перажываць. То бок гэта ня скончаная падзея, якая працягвае ўплываць, асабліва калі вы засталіся ў краіне. Думаю, тут цяжка гаварыць, што магчымае нейкае спакойнае, разьмеранае жыцьцё. Відавочна, што падзеі ўплываюць на наш стан. Важна зьвяртацца па дапамогу. Не баяцца, не саромецца.

— Як менавіта можна дапамагчы сабе і іншым людзям, цяпер?

— Зьвяртацца па дапамогу да іншых. Людзі — гэта праўда наш асноўны і важны рэсурс. Дапамога можа быць рознай. Ад «тэхнічнай» — нешта прынесьці, зрабіць, прыгатаваць, некуды зьезьдзіць, пабыць зь некім. Да прафэсійнай. Важна разумець, што цяпер павялічыліся эпізоды дэпрэсіўных і трывожных разладаў. Таму ня варта баяцца прэпаратаў. Яны цяпер зусім іншага пакаленьня. Ня варта думаць і казаць, што «таблеткі — прыкмета слабасьці». Ня варта папікаць сябе, што «я не дала рады», ці ўгаворваць сябе: «Я моцная, я дам рады». Вы ж не змагаецеся з хваробамі страўніка ці сэрца сілай думкі ці ўгаворамі, што «я моцны, я сам вылечуся», а ідзяце да доктара. Часам у вас ня будзе сіл выйсьці самому з пэўнага псыхічнага стану, бо гэта пэўныя хімічныя працэсы ў арганізьме, якія можна выправіць з дапамогай хімічных злучэньняў, то бок лекаў.

— Якія наступствы можна займець, калі не зьвяртацца своечасова па дапамогу? І якія калектыўныя наступствы нас ужо напаткалі, калі гаварыць пра псыхалягічны стан?

— У першую чаргу гэта посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР). Мы ўжо гэта назіраем у многіх людзей. Гэта стан, у якім чалавек зноў і зноў перажывае траўматычную падзею вельмі ярка, як быццам гэта адбываецца проста цяпер. Ток бок чалавек адчувае вельмі моцныя эмоцыі, у тым ліку страх, які праяўляецца фізычнымі рэакцыямі цела, і гэта ўсё нагадвае перажываньні непасрэдна падзеі, якая траўмавала. Чалавек спрабуе ўсялякім чынам пазьбегнуць успамінаў аб падзеі, ён ня хоча пра яе гаварыць, думаць, сьвядомая частка яго выцясьняе гэтую падзею. Гэта цяжкія перажываньні.

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

— Што такое «віна ацалелага» і ці прысутнічае яна ў жыцьці беларусаў?

— Гэта распаўсюджаная гісторыя, калі беларусы масава вінавацяць сябе ў тым, што яны робяць ня тое, ня так, недастаткова, што пакінулі краіну, што не змагаюцца, не даюць рады. Вінаватыя ў тым, што людзі сядзяць у турмах, што самі ня селі ў турму, а селі іншыя. Гэта цяжкія перажываньні. Важна клапаціцца пра свой стан, ісьці да людзей па дапамогу, не замыкацца ў гэтай траўме, не абясцэньваць сябе. Тыя, хто выехаў, вінавацяць сябе ў тым, што зьехалі. Тыя, хто сядзеў у турме, кажуць: «Ну што там, што я пасядзела ў турме, я ж не была на вайне». Гэта такая схільнасьць абясцэньваць свае перажываньні, пачуцьці. У тым ліку для таго, каб не сутыкнуцца з болем. Таму што, калі я абясцэньваю, то тым самым нібы кажу: «Нічога страшнага не адбылося». Зноў скажу, што лепш зьвярнуцца да спэцыялістаў, каб гэта не перайшло ў хранічную форму і стадыю. Бо тады пакутаваць будуць вашы блізкія людзі. Гэта будзе адбівацца на вашых кантактах з жыцьцём, стасункамі, на якасьці жыцьця.

Беларусы ўнутры краіны часам папікаюць тых, хто зьехалі: «Ну вы ж у бясьпецы цяпер, чаго вы там ныеце?». Ці можна ныць, калі ты ў бясьпецы?

— Тут зноў жа гаворка пра абясцэньваньне. Бо людзі, якія выехалі, кажуць: «Ну во, я зьехала, іншыя ў турме сядзяць, значыць, некаму горш». Тыя, хто засталіся ў краіне, часам праяўляюць нецярпімасьць да тых, хто выехалі, і кажуць: «Ну вы паехалі, вы самі гэта выбралі, ну цяпер ня ныйце, вы ж у бясьпецы, у вас усё мусіць быць добра». Насамрэч адбываецца адваротная гісторыя. Калі мы трапляем у бясьпеку, наша псыхіка расслабляецца і пачынае распакоўваць тыя «падвалы», якія былі замураваныя. Таму што ў стане небясьпекі мне няма калі перажываць, мне трэба выжываць, быць максымальна засяроджанай на нейкай дзейнасьці.

Гэта прыклад нашых продкаў. У іх былі моцна выцесьнены эмоцыі, бо ім проста не было часу іх пражываць. Таму мы маем пакаленьне халодных, «выключаных з жыцьця» продкаў, якія ўсё жыцьцё мэханічна, як заведзеныя, нешта рабілі і не маглі прысутнічаць пачуцьцёва ў тых аспэктах жыцьця, якія ўсім нам уласьцівыя. Калі мы хочам, каб гэтая гісторыя не паўтарылася, то важна не абясцэньваць сваіх перажываньняў, пачуцьцяў, своечасова зьвяртацца па дапамогу. Эміграцыя — цяжкае выпрабаваньне, асабліва калі, як у выпадку беларусаў, гэта часта эвакуацыя з адной валізкай ці нават безь яе.

Варта, чарговы раз кажу, не заставацца аднаму, не закрывацца, ісьці да людзей, якія могуць і гатовыя дапамагчы.

— Алькаголь, чытаньне навінаў нон-стоп, залежнасьці розных формаў — гэта спроба даць рады стрэсу і траўмам? Ці нешта працуе з гэтага?

— Шкодныя звычкі пагаршаюць, а не паляпшаюць псыхалягічны стан. Таму што яны не вырашаюць сутнасьці праблемы. Мы зьвяртаемся ў тым ці іншым выглядзе да неканструктыўных рашэньняў, калі нагрузка на нас робіцца звышвысокай. Таму, калі вы заўважаеце, што алькаголю стала больш, ад яго цяжка адмовіцца, ці ў вас зьявіліся звычкі, якія даюць палёгку ў моманце, але потым ствараюць праблемы, то гэта нагода падумаць пра антыдэпрэсант. Таму што вам патрэбен рэгулятар, памочнік у рэгуляваньні вашага псыхалягічнага стану. Таму паміж алькаголем і антыдэпрэсантам выбар відавочны. Антыдэпрэсант — прэпарат, які дапамагае рэгуляваць пэўныя хімічныя працэсы. Алькаголь дае толькі кароткі эфэкт, расслабленьне цягліц у моманце, падвышаны настрой. Але ён не пабудуе пэўных неабходных ланцужкоў у мозгу.

Чытаньне навінаў нон-стоп стварае ілюзію кантролю за сытуацыяй — і ўзмацняе нэўроз. Натуральна, ніякага кантролю няма, у любы момант можа здарыцца ўсё, што магчыма і немагчыма.

Некаторыя людзі могуць трымацца за ілюзію «Гэта часова, мы вернемся, і ўсё будзе, як раней». Але гэта проста немагчыма. Ня варта падманваць сябе. Як раней, дакладна ўжо ня будзе, нават калі мы вернемся. Далей будзе па-іншаму, па-новаму.

Таму нагадаю, што наш асноўны рэсурс — людзі, на якіх мы можам абапірацца, якія нам гатовы дапамагчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG