«Мне расказалі, па сваіх каналах я ўдакладніў з трох крыніц, чаму мяне прызналі пагрозай нацыянальнай бясьпецы ня толькі Польшчы, але і ўсяго Эўразьвязу. Выдалі мне на мяжы адпаведны дакумэнт. Юрыдычна яны мне не маглі нічога прад’явіць, таму што іншадумства ў іх нібыта не перасьледуецца. Таму яны мне выставілі падазрэньне ў тым, што я пагроза нацыянальнай бясьпецы. А калі паводле іхнага заканадаўства выстаўляецца такое падазрэньне — усё, ты можаш гадамі хадзіць, даказваць, што ты не вярблюд», — падзяліўся Васкрасенскі.
Ён паведаміў, што падаў пазоў у польскі суд і чакае яго разгляду, але справа ўжо чацьвёрты раз адкладаецца.
Па словах Васкрасенскага, «рашэньне польскі ўрад прыняў па даносе Паўла Латушкі, дасланага ў офіс прэмʼер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, а адтуль распараджэньне уключыць яго ў польскі санкцыйны сьпіс накіравалі ўжо ва ўпраўленьне па справах іншаземцаў Польшчы.
Сярод іншага, Васкрасенскі ў эфіры праўладнага тэлеканалу паведаміў, што яго запрасілі ў амбасаду Польшчы «на наступны панядзелак» абмеркаваць абмен палітвязьня Анджэя Пачобута.
- Юры Васкрасенскі падчас выбарчай кампаніі 2020 году зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку. 12 жніўня яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ праз абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражала да 8 гадоў зьняволеньня. 11 кастрычніка Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. 12 кастрычніка яго вызвалілі.
- Пасьля вызваленьня Васкрасенскі стаў прыхільна выказвацца пра дзейную ўладу. У студзені 2021году Васкрасенскі асабіста сустракаўся ў СІЗA і калёніях зь некаторымі палітзьняволенымі, намаўляючы іх пісаць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, і абяцаў хуткую амністыю. Aднак на волю тады ніхто ня выйшаў, амністыі не аб’явілі.
- У верасьні 2021 году Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў Эканамічнага форуму ў польскім Карпачы. Арганізатары сьпярша сказалі, што запрасілі яго памылкова, потым МЗС Польшчы заявіла, што ўвогуле яго не запрашала. У той жа час польскі партал Onet з спасылкай на свае крыніцы ў МЗС паведаміў, што прыезд Васкрасенскага быў часткай польскай дыпляматычнай кампаніі, адна з задач якой — вызваленьне дзеячоў польскай меншасьці ў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.
Пасьля гэтага інцыдэнту Васкрасенскага бачылі ў Польшчы яшчэ некалькі разоў. Ва Ўкраіну, зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі, Васкрасенскаму забаранілі ўезд яшчэ ў 2021 годзе. - У 2022 годзе Васкрасенскі стаў удзельнікам камісіі па вяртаньні ўцекачоў ад рэпрэсій.