Прэм’ера расейска-беларускага 9-сэрыйнага фільма «За паўгадзіны да вясны» пра легендарны беларускі гурт «Песьняры» стартавала на «Першым канале» ў Расеі. У Беларусі фільм яшчэ не ідзе, але яго можна знайсьці ў інтэрнэце. Як вынікае з тытраў на пачатку кожнай сэрыі, фільм зьнялі на заказ Міністэрства культуры Беларусі.
На афішы з назвай сэрыялу восем удзельнікаў «Песьняроў» ідуць па аэрадроме.
У першай сэрыі (таймкод 36-я хвіліна, 15-я сэкунда) такі самы кадар, але там 9 чалавек — ззаду ў другім шэрагу ідзе яшчэ адзін «пясьняр» Аляксандар Дзямешка, ролю якога выконвае Дзьмітры Есяневіч. Ягоны твар заблюраны. Празь некалькі сэкундаў ёсьць такі самы кадар і ззаду, там сьпіна Есяневіча праглядваецца.
У пачатку другой сэрыі на таймкодзе 3.02 твар бубнача таксама нібыта размыты, хаця ўсе астатнія абліччы выглядаюць звычайна. У некаторых сцэнах беларускага актора скадравалі, паказваючы толькі ніжнюю частку твару.
«Не зьдзіўлюся, што таксама буду заблюраны альбо выразаны»
Сам Дзьмітры Есяневіч для камэнтароў недасяжны. Акрамя яго, у сэрыяле здымаліся яшчэ некалькі беларускіх актораў. У ролі малодшага брата Ўладзімера Мулявіна Валерыя — Павал Паўлюць, партыйнага функцыянэра сыграў Андрэй Карака, ролю музыкі іншага гурту выканаў «вольны купалавец» Міхаіл Зуй. Зуй прызнаецца, што цалкам сцэнар фільма не чытаў, бо ў яго была невялікая роля.
«Мой удзел у фільме быў даволі абмежаваны. Я граў там музыку нейкага іншага гурту, невялікая роля ў мяне. Не зьдзіўзлюся, што таксама буду заблюраны альбо выразаны. У Дзімы Есяневіча, відавочна, у тым сэрыяле больш значная роля. Зусім выкінуць актора з сэрыялу не маглі, дык заблюрылі твар». Аднак я ня зьдзіўлены ўсёй гэтай сытуацыяй, хоць гэта абсурдна і сьмешна», — выказаўся Міхаіл Зуй.
На яго думку, фільм Уладзіміра Янкоўскага «Купала», які выйшаў у 2020 годзе, у Беларусі так і не паказалі, бо давядзецца шмат твараў заблюрыць. І такіх фільмаў, пакладзеных на паліцу празь «нядобранадзейных» актораў, нямала.
Міхаіл Зуй перакананы, што ў 2021 годзе, калі здымаўся расейска-беларускі сэрыял пра «Песьняроў», проста «недаглядзелі», што на здымкі запрасілі былых купалаўцаў, якія год таму выступілі супраць гвалту, зьняліся ў відэазвароце і звольніліся з тэатру. А паколькі фільм пакажуць і ў Беларусі, Мінкульт загадаў калі не зусім прыбраць «нядобранадзейных» актораў, то хаця б мінімізаваць іх удзел.
З той часткі сэрыялу, якую ўжо можна пабачыць у інтэрнэце, вынікае, што прыбралі твар Есяневіча не з усіх сцэнаў. У некаторых эпізодах ён застаўся.
Машэраў: «Цымбалістку з лыжкарамі выкрасьліць к чортавай матары! Паедуць „Песьняры!“»
У першай сэрыі фільма ёсьць адзін эпізод на тэму «нядобранадзейных» творцаў. У ім апісваецца 1973 год, калі ў ЦК Кампартыі Беларусі вызначаюць, хто паедзе ў Бэрлін на Х Сусьветны фэстываль моладзі і студэнтаў прадстаўляць беларускую культуру. Паводле сюжэту, партыйны функцыянэр Ягор Чарневіч (яго сыграў беларускі артыст Андрэй Карака) прапануе накіраваць «цымбалістку і калектыў лыжкароў з кампазыцыяй „Шлях камбайнэра“». Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Пётра Машэраў (яго ролю выконвае расейскі актор Анатоль Лабоцкі) пярэчыць: «А чаму не «Песьняры»? Функцыянэр адказвае, што «Песьняры» ж «нядобранадзейныя!» Машэраў выходзіць зь сябе і крычыць: «Цымбалістку з лыжкарамі выкрасьліць к чортавай матары! Паедуць „Песьняры!“».
Чыноўнік зь фільма кажа, што ў іх няма замежных пашпартоў, а выезд заўтра. Машэраў загадвае тэрмінова зрабіць пашпарты, і ў кадры паказваюць, як машыністка друкуе ў пашпарце прозьвішча песьняроўскага бубнача Дзямешкі, якога сыграў Дзьмітры Есяневіч.
Тры рэжысэры — расейцы, у ролі Мулявіна — тры расейскія акторыЗьняць фільм пра «Песьняроў» сем гадоў таму вырашыў беларускі кінапрадусар Віктар Лабковіч. Ён прызнаваўся, што гадзінамі размаўляў з удзельнікамі гурту Валерыем Дайнекам і Ўладзіславам Місевічам, запісваў усё на дыктафон. Аднак у працэсе падрыхтоўкі памяняліся тры аўтарскія каманды.
Сцэнар, перапісаны трэці раз беларускім прадусарам Русланам Старыкоўскім у суаўтарстве з дачкой Уладзімера Мулявіна Марынай, па прызнаньні Віктара Лабковіча, атрымаўся пра Ўладзімера Мулявіна, а не пра «Песьняроў».
Рэжысэры сэрыялу — расейцы Сяргей Коршунаў, Аксана Баркоўская і Кірыл Папакуль (ён некалі вучыўся на псыхоляга ў Белдзяржунівэрсытэце і быў удзельнікам каманды КВЗ БДУ).
Акторы ў асноўным таксама расейскія. У ролі галоўнага героя (у розныя пэрыяды яго жыцьця) зьняліся тры расейскія акторы. Ролю маладога Мулявіна, напрыклад, выканаў рэпэр і актор Глеб Калюжны. Ён прызнаўся, што даведаўся пра «Песьняроў» дзякуючы мультфільму «Ну, пачакай!», дзе гучала песьня «Касіў Ясь канюшыну».
«Беларусы самі павінны здымаць сваё»
Вольны купалавец Міхаіл Зуй перакананы, што фільмы і сэрыялы пра беларускую культуру, гісторыю павінны здымаць самі беларусы.
«Я б за гэта, напэўна, так не перажываў, калі гэта быў бы звычайны сэрыял ці фільм. Але тут ідзе размова пра галоўны беларускі гурт мінулага стагодзьдзя „Песьняры“! Павінен быў быць кастынг беларускіх актораў. Беларусы самі павінны здымаць сваё. А тое, што зараз адбываецца з сэрыялам пра „Песьняроў“, красамоўна сьведчыць пра стан з кіно і наагул з культурай у Беларусі», — сказаў Міхаіл Зуй.
Самацэнзура стваральніка і цэнзура з боку ўладаў заўсёды была
Актор-купалавец Алег Гарбуз, які зьняўся ў некалькіх дзясятках фільмаў і сэрыялах (і беларускіх, і расейскіх), сьцьвярджае, што цэнзура ў кіно была заўсёды.
«Выпадак з сэрыялам пра „Песьняроў“ — гэта ня „ноў-хаў“, ровара тут ня вынайшлі. Няўгодных артыстаў „выразалі“ і раней. А вось „блюрыць“ твары, напэўна, ня ўмелі. Таму часьцяком стужкі проста клалі на паліцу, ахвяравалі цэлымі фільмамі.
А цяпер, напэўна, будуць выкарыстоўваць нэўрасеткі — твары мяняць цалкам, я нядаўна пра гэта чытаў», — кажа Алег Гарбуз.
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі глядзеў сэрыял «За паўгадзіны да вясны» крыху раней, як ён выказаўся, яшчэ «бяз гэтага трэшу» з заблюраным тварам. Самацэнзура стваральніка і цэнзура з боку ўладаў заўсёды была, існуе і нікуды не зьнікала, перакананы Тарас Тарналіцкі.
«Можна прыгадаць, як зь фільма „Крышталь“ Дар’і Жук выразалі апошнюю сцэну з Чарнобыльскім шляхам, каб паказаць фільм у Беларусі. А Андрэй Кудзіненка зьняў з паказу Нацыянальнага конкурсу фэстывалю „Лістапад“ альманах „Хранатоп“, бо чыноўнікі забаранілі да паказу адну з гісторый, дзе фігуруе п’яны міліцыянт зь пісталетам, які займаецца вычварэнствамі над сваёй жонкай.
І гэта толькі тыя выпадкі, якія даходзяць да СМІ. А пра колькі ўсяго мы ня ведаем!», — сьцьвярджае кінакрытык.
На думка спадара Тарналіцкага, за апошнія тры гады парадку 4-7 праектаў можна налічыць, што тычыцца цэнзуры з боку дзяржавы.
І варыянты перамантаваньня кіно, выразаньня фрагмэнтаў — гэта звычайная справа для савецкай і беларускай цэнзуры, нічога новага тут няма.
«А вось прыбіраньне актораў з постара — такой практыкі не было апошнім часам. Гэтае ноў-хаў пачарпнулі з часоў позьняга СССР, дзе выразалі зь фільмаў артыстаў-невяртальнікаў, таго ж Савелія Крамарава», — успамінае Тарас Тарналіцкі.