Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет хацеў таемна перадаць Расеі 40 тысяч ракет, снарады і порах


Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, 17 кастрычніка 2018
Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, 17 кастрычніка 2018

З 1987 года Эгіпет мае статус «асноўнага саюзьніка па-за NATO» для Вашынгтона.

Прэзыдэнт Эгіпту Абдэль Фатах ас-Сісі загадаў вырабіць да 40 тысяч ракет для тайнай адпраўкі ў Расею. Аб гэтым піша The Washington Post са спасылкай на атрыманыя дакумэнты амэрыканскай выведкі.

У дакумэнце з грыфам «цалкам сакрэтна», датаваным 17 лютага 2023 года, прыводзяцца размовы паміж ас-Сісі і высокапастаўленымі вайскоўцамі. У ім гаворыцца аб плянах пастаўкі Расеі артылерыйскіх снарадаў і пораху.

У дакумэнце ас-Сісі даручае чыноўнікам трымаць у сакрэце вытворчасьць і пастаўку ракет, каб «пазьбегнуць праблем з Захадам». Таксама ў дакумэнце цытуецца міністар па вытворчасьці ўзбраеньняў Эгіпта Салах ад-Дзін. Ён сказаў, што расейскія чыноўнікі паведамілі яму пра гатоўнасьць «купіць што заўгодна».

Прадстаўнік міністэрства замежных спраў Эгіпта Ахмед Абу Зэйд заявіў журналістам, што «пазыцыя Эгіпта з самага пачатку грунтуецца на неўмяшаньні ў гэты крызіс і абавязаньні захоўваць роўную дыстанцыю з абодвума бакамі».

Амэрыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасьці расказаў выданьню, што Беламу дому невядома пра тое, каб такія пастаўкі ўзбраеньняў былі ажыцьцёўленыя. Як адзначае The Washington Post, перадача зброі расейскаму ўраду можа прывесьці да санкцый ЗША супраць Эгіпта. З 1987 года краіна мае статус «асноўнага саюзьніка па-за NATO» для Вашынгтона.


У панядзелак The Washington Post, таксама са спасылкай на атрыманыя дакумэнты, расказаў пра асцярогі Вашынгтона наконт вайны ва Ўкраіне. Амэрыканская выведка лічыць, што праблемы Ўкраіны з канцэнтрацыяй войскаў, а таксама недахоп боепрыпасаў і рыштунку могуць прывесьці да таго, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны не апраўдаюць чаканьняў Кіева адносна контранаступу. У дакумэнце гаворыцца, што ўкраінскае наступленьне, магчыма, прывядзе толькі да «сьціплых тэрытарыяльных набыцьцяў». Як адзначае The Washington Post, гэта разыходзіцца з афіцыйнымі заявамі Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.

  • Сакрэтныя дакумэнты ЗША і NATO, якія тычацца ў прыватнасьці ўкраінскага контрнаступленьня, паставак зброі, колькасьці войскаў, а таксама Блізкага Ўсходу і Кітая зьявіліся ў сеціве ў сакавіку. Як піша Politico, уцечка прывяла да крызісу ў адносінах ЗША з саюзьнікамі.
  • Крыніцы распавялі выданьню, што высокапастаўленыя прадстаўнікі амэрыканскай разьведкі, Дзярждэпартамэнта і Пэнтагона зьвязаліся са сваімі калегамі ў іншых краінах, каб разьвеяць асьцярогі наконт публікацыі выведных дадзеных.
  • Як раней заявіла намесьнік прэс-сакратара Пентагона Сабрына Сінгх, міністэрства абароны ЗША правярае сапраўднасьць апублікаваных у інтэрнэце дакумэнтаў, «якія, па ўсёй бачнасьці, зьмяшчаюць сакрэтныя і асабліва сакрэтныя зьвесткі», каб ацаніць, які ўплыў гэтыя дакумэнты могуць аказаць на нацыянальную бясьпеку ЗША і іх саюзьнікаў і партнэраў. Рассьледаваньнем меркаванай уцечкі, паводле слоў Сінгх, займаецца Мінюст ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG