Спэцыялісты «Белрэстаўрацыі» працуюць на аб’екце з сакавіка мінулага году. Ён хутка пачаў разбурацца ў канцы мінулага — пачатку гэтага стагодзьдзя. Справа ў тым, што пабудова ніяк не выкарыстоўвалася. «Ня значылася на балянсе», — расказала старшыня Ружанскага сельскага савету Аксана Юркоўская. Пазалетась капліцу перадалі на балянс парафіі Сьвятой Тройцы. Цяпер парафія выступае заказчыкам будаўнічых і рэстаўрацыйных работ.
Як расказала газэце «Звязда» архітэктар арганізацыі «Белрэстаўрацыя» Сьвятлана Корсунава, алтар фактычна аказаўся непашкоджаным, засталіся элемэнты дэкору і карнізы. На франтоне цалкам аднавілі крыж. Унікальныя бэлькі ўдалося выратаваць часткова. Цяпер пачынаецца ўнутраная і зьнешняя аддзелка сьценаў. Завяршыць работу плянуецца гэтым летам.
Казіміра, прадстаўніка дынастыі Ягелёнаў, унука Ягайлы, называюць заступнікам моладзі і рамесьнікаў. Ён пражыў усяго 25 гадоў, памёр у Горадні. Яго парэшткі спачываюць у Катэдральным саборы ў Вільні. У ХVІІ стагодзьдзі папа Пій ХІІ кананізаваў яго.
Падчас вайны Масковіі супраць Рэчы Паспалітай у 1654–1667 гадах пэўны час у Ружанскім замку захоўвалі прах Казіміра. Менавіта ў гонар гэтай падзеі прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуіл Бэкер пабудаваў капліцу. Фундатарам выступіў Аляксандар Міхал Сапега. Капліца ўваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра.
Паводле архітэктаркі Сьвятланы Корсунавай, капліца стала адным з найцікавейшых абʼектаў апошніх гадоў.