1. Адмаўлялася называць сябе «полькай»
Ларыса Геніюш лічыла сябе беларускай, змагалася за беларускасьць і цярпела за гэта.
Яна два гады не магла ўзьяднацца з мужам Янкам, які вучыўся ў Празе. Каб польскія ўлады выпусьцілі яе з краіны ў 1937 годзе, Геніюш неабходна было напісаць «полька» ў графе «нацыянальнасьць». Паэтка адмовілася гэта зрабіць. Да мужа яна здолела пераехаць, толькі калі сыну Юрку было два гады.
2. Раззлавала Цанаву беларускай мовай
На допыце ў Менску Геніюш раззлавала тагачаснага міністра дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнція Цанаву беларускай мовай. Ён прапанаваў ёй для допыту толькі дзьве мовы на выбар: расейскую або чэскую, бо паэтка 11 гадоў пражыла ў Чэхаславаччыне. Яна сказала, што не валодае расейскай мовай дасканала.
«Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: „Так як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!“ Ён ашалеў!» — пісала Геніюш у мэмуарах.
3. Не пагадзілася друкавацца ў беларускім расейскамоўным часопісе
Аднойчы Васіль Быкаў, які падтрымліваў Геніюш, вырашыў надрукаваць ейныя вершы ня толькі ў газэце «Гродзенская праўда», але і ў часопісе «Нёман», які выходзіў вялікім накладам. Быкаў ужо дамовіўся на публікацыю вершаў зь перакладам на расейскую мову. Аднак яна адмовілася публікавацца ў беларускім расейскамоўным часопісе, хоць згодная была на публікацыі ў маскоўскіх расейскамоўных выданьнях.
4. У судовай справе ёсьць фота газэты зь ейнымі вершамі
Ларысу Геніюш і ейнага мужа затрымалі як «ваенных злачынцаў» і судзілі за «антысавецкасьць». У віну паэтцы ставілі і літаратурную творчасьць. У судовай справе Геніюш ёсьць фатакопія «Менскай газэты» ад 25 кастрычніка 1942 году, дзе надрукавалі дзесяць ейных вершаў.
Першай вязьніцай Ларысы і Янкі Геніюшаў, куды іх зьмясьцілі пасьля затрыманьня ў Чэхаславаччыне ў 1948 годзе, стаў старажытны замак у чэхаславацкім Вімпэрку.
Суд над імі ў Менску быў закрыты, без пракурора і адваката. Калі б Геніюшаў судзілі на два гады раней, то маглі б прысудзіць і расстрэл. Але на той момант сьмяротнае пакараньне адмянілі.
Паэтку дагэтуль не рэабілітавалі. Яе крымінальную справу вярнулі ў КДБ Беларусі.
5. Аляксей Карпюк абяцаў кватэру ў Менску ўзамен на савецкае грамадзянства
У БССР Ларыса Геніюш жыла без грамадзянства. У яе пашпарце стаяў адпаведны штамп з прыпіскай ад рукі: «Былая грамадзянка Чэхаславацкай рэспублікі». Яна ні разу не галасавала на выбарах.
У Чэхаславаччыне Геніюшам далі грамадзянства пасьля іхных просьбаў выратаваць іх ад перасьледу СССР, аднак амаль адразу забралі яго. Наколькі гэта было законна, няясна.
Станавіцца грамадзянкай СССР беларуска адмаўлялася. Яе ўгаворвалі сябры і калегі. Аляксей Карпюк, старшыня Горадзенскай абласной пісьменьніцкай арганізацыі, абяцаў Геніюш кватэру ў Менску, пісьменьніцкую пэнсію ў 100 рублёў у месяц і выданьне кніг ня толькі ў Менску, але і ў Маскве. Пераконваць яе прыяжджаў на службовай «Волзе» і Максім Танк, старшыня Вярхоўнага Савету. Паэтка акурат выбірала ў гародзе моркву, і патрэбнай размовы ня выйшла.
6. Малілася і пасьля допыту ў Цанавы
У пераважна каталіцкай Празе Ларыса Геніюш заставалася праваслаўнай верніцай. Мела свайго духоўніка, да якога прыходзіла на споведзь у Сьвята-Мікалаеўскі сабор. Пасьля вайны архімандрыта таксама арыштавалі і этапавалі ў ГУЛАГ.
Калі Савецкі Саюз некалькі гадоў дамагаўся ад Чэхаславаччыны, каб ім выдалі Геніюшаў, знаёмы сям’і пытаўся: «Хто вас, асобаў без грамадзянства, абароніць ад саветаў?». Паэтка працягвала спадзявацца на Божую дапамогу. «Наша абарона — Бог», — адказвала яна.
Пасьля цяжкага допыту ў Цанавы зьняволеная Геніюш таксама ратавалася малітвай.
«У камэры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма», — пісала яна ва ўспамінах, што выйшлі пад назвай «Споведзь».
7. Пакрыўдзілася на Караткевіча, які назваў сваю працу «катаржнай»
Уладзімер Караткевіч быў адным з рэдактараў твораў Ларысы Геніюш. Каб узгадніць праўкі, ён прыяжджаў да яе ў Зэльву. Аднойчы Караткевіч назваў сваю рэдактарскую працу «катаржнай». Паэтка, якая сем гадоў правяла на катаржных работах у Комі і Мардовіі, раззлавалася і выправадзіла рэдактара з хаты. Ужо зь Менску Караткевіч напісаў Ларысе Антонаўне ліст зь перапрашэньнем. Каб залагодзіць паэтку, знайшоў у Батанічным садзе насеньне тульпанаў рэдкага гатунку і паслаў у Зэльву.
8. Здолела перадаваць вершы з ГУЛАГу
У першы зборнік вершаў Геніюш, які выдалі ў Савецкім Саюзе, увайшла большая частка твораў зь першага ейнага зборніка, надрукаванага ў вайну ў Празе. Аднак у савецкі варыянт не ўвайшлі вершы, дзе згадваліся бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоня, Хрыстос.
Паэтка здолела нават зь лягераў высылаць свае вершы на волю. Ёй дапамагалі іншыя вязьні. Адзін з гулагаўцаў, Мікола Канаш, атрымліваў лісты ад паэткі празь нелегальную, строга закансьпіраваную пошту, а пасьля высылаў іх сябрам на волю. Звычайна лісты запакоўвалі так, каб да іх ня трапіла вільгаць. Пакунак мацавалі да сьценкі вагона, які запаўнялі вугалем. Лісты з ГУЛАГу знаходзілі незнаёмыя людзі падчас разгрузкі, распакоўвалі і апускалі ў паштовую скрынку. Часам для заахвочваньня «лістаношаў» у пакунак клалі сьцізорык, які вырабілі вязьні.
Яшчэ цэлы зборнік лягерных вершаў Геніюш перадаў на волю іншы вязень, Васіль Супрун са Слонімшчыны. Ён высылаў вершы лістамі да сястры, а частку вынес зашытымі ў сваёй лягернай ватоўцы.
9. Добра гатавала прысмакі і крупнік
Зэльвенцы замаўлялі Ларысе Геніюш вясельныя караваі і тарты. Паэтка часам іранізавала, што Зэльва цэніць яе як кухарку, а не як паэтку. Многіх яна частавала крупнікам. Ягоны рэцэпт пераказаў гісторык Міхась Чарняўскі: 0,5 літра сьпірту (ці добрай гарэлкі), 0,5 літра кіпеню, 4 лыжкі мёду разбавіць у кіпені і зьмяшаць са сьпіртам, дадаць трохі цынамону, гвазьдзікоў, мускатных арэхаў і духмянага перцу; усё разам варыць 15 хвілін, але не кіпяціць.
10. Разьвітацца зь ёю прыйшлі тысячы людзей
Разьвітваліся з паэткай 10 красавіка 1983 году. Праводзіць яе ў Зэльву прыехалі тысячы людзей, хоць да канца Савецкага Саюзу было далёка. За пахаваньнем назіралі службоўцы ў цывільным з Зэльвы і Ваўкавыску.
Сьвятара зэльвенскай Сьвята-Траецкай царквы таксама запалохвалі і настойвалі, каб не было адпяваньня. Але айцец Васіль Чыкіда адпяваў рабу Божую Ларысу чатыры гадзіны. Ён назваў Геніюш чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна». Ад храма да могілак людзі несьлі труну на плячах.
Напярэдадні пісьменьнікаў з Горадні і Менску выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб тыя не гаварылі на пахаваньні прамоваў. Аднак на могілках выступілі Адам Мальдзіс і Ўладзімер Арлоў. Арлоў прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на сьмерць паэткі.