Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыдман: Чаму Лукашэнка і НКВД пашалелі на тэме шпіёнаў


Аляксандар Фрыдман, побач з АМАПам. Каляж.
Аляксандар Фрыдман, побач з АМАПам. Каляж.

Дзясяткі замежных шпіёнаў затрымалі нібыта спэцслужбы Беларусі за апошнія дні. Гэта ўжо чарговая сэнсацыя пра разгром шпіёнскай сеткі. Дзяржаўныя СМІ паведамляюць і пра затрыманьні грамадзян Беларусі, якія нібыта працавалі ў інтарэсах замежнай выведкі.

Фільм паказаў дзяржаўны тэлеканал АНТ. У ім людзей абвінавачваюць у супрацы са Службай бясьпекі Ўкраіны. Затрымалі больш за 20 чалавек. Згодна з заявай намесьніка начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака, усім фігурантам крымінальнай справы інкрымінуюць ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму арганізаванай групай) і арт. 356 (здрада дзяржаве). Але адсюль няясна, ці адносіцца гэта да ўсіх затрыманых — як у справе ў Мачулішчах, так і ў Горадні, ці не.

Чаму дыктатарскія рэжымы так часта канцэнтруюцца на гэтай тэме? Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае гісторык і публіцыст Аляксандар Фрыдман.

Паводле Фрыдмана, мэта такіх прапагандысцкіх фільмаў — стварыць атмасфэру, у якой людзі будуць больш спакойна ўспрымаць рэпрэсіі і нават патрабаваць іх. А для апанэнтаў рэжыму, на думку гісторыка, гэта яшчэ адзін аргумэнт, каб паводзіць сябе яшчэ больш стрымана або ўвогуле нічога не рабіць.

«Такі прапагандысцкі фон прысутнічаў і ў 1937–38 гадах. Але там былі іншыя магчымасьці, яны выкарыстоўвалі прэсу, друкавалі брашуры, радыё. Сёньня ёсьць іншыя магчымасьці. Але наратывы радыкальна не зьмяніліся. Але нават у дакумэнтах 1930-х гадоў можна сустрэць сьведчаньні, што ўсе гэтыя пошукі шпіёнаў і суды людзі лічылі прапагандай. І тады былі тыя, хто прапагандзе ня верыў. Але была і частка, якая лічыла, што калі гэта ў савецкай газэце, то гэта факт. Прыблізна так усё выглядае і сёньня. Але цяжка ацаніць, якая частка грамадзтва зараз у гэта верыць. У часы НКВД там працавалі сьледчыя, якія шчыра верылі, што людзей абгрунтавана вінавацяць у супрацы з замежнай выведкай. Патэнцыйнымі шпіёнамі былі тыя, хто ведаў польскую мову, цікавіўся італьянскай або нямецкай літаратурай. Для НКВД гэта ўжо былі перадумовы, каб стаць шпіёнам», — кажа Фрыдман.

3 красавіка КДБ Беларусі заявіў, што фігурантам крымінальнай справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG