Дзяржаўны камітэт маёмасьці прыняў рашэньне 24 сакавіка, дакумэнт апублікавалі 4 красавіка. Пастанову ўзгаднілі МУС, МЗС, Міністэрства культуры і Акадэмія навук Беларусі.
Трансьлітарацыю цяпер можна рабіць і з расейскай мовы. Такім чынам, новы дакумэнт зацьвердзіў інструкцыю, паводле якой цяпер мусіць адбывацца трансьлітарацыя геаграфічных назваў зь беларускай і расейскай на іншыя мовы. Створана табліца, якая ўніфікуе перадачу беларускіх і расейскіх гукаў лацінскай графікай. Так, беларускі фрыкатыўны гук Г патрабуецца перадаваць лацінскай літарай G, якая азначае выбухны гук, як у расейскай. Літару «ж» трэба перадаваць як «zh», «ч» — як «ch», «ш» — як «sh». Беларускую літару «ў» перадаюць як «w».
Беларуская лацінка для трансьлітарацыі геаграфічных назваў выкарыстоўвацца ня будзе.
У новым напісаньні будуць: «Shchuchynshchyna», а ня «Ščučynščyna», «Sharkawshchyna», а не «Šarkaŭščyna».
Асобная табліца створана і для перадачы беларускіх тапонімаў з расейскай мовы.
Адмяніць «Інструкцыю па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту» дамагаліся прарасейскія актывісткі Вольга Бондарава і Юлія Дударэнка. Улады некалькі месяцаў працавалі над зьменамі.
- лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўвалася паводле закону ў адпаведнасьці з пастановай Дзяржаўнага камітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту»;
- вулічныя паказальнікі і таблічкі з надпісамі на лацінцы зьявіліся ў асноўным у Менску ў 2014 годзе перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі (прыводзяцца фота такіх паказальнікаў);
- «апошнім часам выкарыстаньне такога напісаньня выклікае крытыку з боку навуковай супольнасьці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадзкіх актывістаў і блогераў»;
- у зваротах у дзяржаўныя органы такія асобы канстатуюць «навязваньне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх лібэральных каштоўнасьцяў і культурных традыцый», адзначаюць «складанасьць успрыманьня» лацінкі і беларусамі, і іншаземцамі, а таксама тое, што паказальнікі на лацінцы «перагружаюць гарадзкое асяродзьдзе».