Выбух нібыта адбыўся каля самай сцэны. У кавярні праходзіў творчы вечар Татарскага, сапраўднае імя якога — Максім Фамін. У Расеі яго называюць «ваенкарам», апалчэнцам, пісьменьнікам, байцом прарасейскага батальёна «Усход», які ваюе ва Ўкраіне.
Пракрамлёўскае выданьне Mash сьцьвярджае, што выбухоўку на сустрэчу з Фаміным прынесла дзяўчына, якая схавала яе ў статуэтку і падарыла «ваенкару». ТАСС сьцьвярджае, што магутнасьць выбухной прылады склала больш за 200 грам тратылу. Па інфармацыі экстраных службаў, яшчэ шэсьць чалавек атрымалі раненьні.
Татарскі заяўляў, што «украінцаў трэба вылечыць ад русафобіі, нацыяналізму, як аднойчы нашы прадзеды вылечылі выдатную краіну Нямеччыну ад ашалелага фюрэра». Ён заклікаў захапіць Украіну і прапаноўваў лічыць перамогай у вайне «толькі расейскі трыкалёр на ўкраінска-польскай мяжы».
Менавіта Татарскі ў Георгіеўскай зале Крамля 30 верасьня, пасьля прамовы Пуціна аб анэксіі чарговых украінскіх тэрыторый, паабяцаў забіваць і рабаваць.
Татарскі нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў у Макееўцы, у Данбасе. Займаўся бізнэсам, а пасьля трапіў у турму за рабаваньне банка. Пасьля агрэсіі Расеі супраць Украіны ў 2014-ым, ён зьбег з турмы, уступіў у шэрагі прасейскага фармаваньня і вярнуўся ваяваць супраць Украіны.