Пад Бахмутам загінуў былы баец батальёна «Тарнада» Даніла Ляшук з пазыўным «Маджахед», паведаміла ўкраінскае агенцтва УНІАН.
Грамадзянін Беларусі Даніла Ляшук раней быў асуджаны ва Ўкраіне на 10 гадоў пазбаўленьня волі за авалоданьне чужой маёмасьцю, пранікненьне ў памяшканьні і незаконнае ўтрыманьне асобаў пад вартай.
Пасьля выхаду на волю стаў ваяваць у складзе Ўзброеных сіл Украіны.
Гісторыя Данілы Ляшука
Праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі Данілу Ляшука ў верасьні 2015 году разам з 11 іншымі байцамі добраахвотніцкага батальёну «Тарнада». Іх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні жорсткіх дзеяньняў супраць цывільнага насельніцтва, у прыватнасьці на тэрыторыі Луганскай вобласьці. Самі затрыманыя добраахвотнікі зьвязвалі гэтыя абвінавачаньні з тым, што яны блякавалі незаконны гандаль з Данбасам, які ішоў праз чыгунку.
Тагачасны галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Матыёс называў Ляшука «найбольш небясьпечным і жорсткім» байцом батальёну «Тарнада»:
«Менавіта Маджахед-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасьцю, жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю найбольш жорстка катаваў мясцовае насельніцтва Луганскай вобласьці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у гвалтаваньні затрыманых, якіх ён разам зь іншымі падазраванымі выкрадаў з карысьлівых меркаваньняў».
У сваю чаргу Руслан Сушко, адвакат беларуса, пасьля выраку заявіў, што цяжкія абвінавачаньні, якія на пачатку працэсу выстаўлялі байцам «Тарнада», у выраку першай судовай інстанцыі адсутнічаюць — у ім няма нічога ні пра забойства, ні пра згвалтаваньне. Але нават тыя артыкулы, паводле якіх байцоў прызналі вінаватымі (гаворка ідзе аб авалоданьні чужой маёмасьцю, пранікненьні ў памяшканьні і незаконным утрыманьні асобаў пад вартай), на думку адваката, былі недаказаныя і грунтаваліся толькі на паказаньнях некалькіх чалавек.
Пасьля адкрыцьця крымінальнай справы міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў падпісаў загад аб расфармаваньні роты патрульнай службы асаблівага прызначэньня МУС Украіны «Тарнада», але пазьней адзначыў, што сумленныя байцы будуць залічаныя ў іншыя падразьдзяленьні.
7 красавіка 2017 году Абалонскі раённы суд Кіева прысудзіў 12 былым удзельнікам спэцроты МУС «Тарнада» розныя тэрміны пазбаўленьня волі. Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.
У верасьні 2018 году стала вядома, што Беларусь патрабавала ад Украіны выдаць Данілу Ляшука, але Генэральная пракуратура Ўкраіны адмовілася гэта зрабіць.