«Добрае жыцьцё ў Беларусі — гэта калі выбіраеш: адрамантаваць зубны пратэз ці паставіць сыну помнік»
Аляксандра Ханевіч жыла ў Горадні. У свае 68 гадоў яна была актыўнай: была старшынёй вэтэранскай арганізацыі заводу «Хімвалакно», даглядала лецішча, займалася скандынаўскай хадой і часам падарожнічала.
У 2020 годзе яе моцна ўразіў інцыдэнт на пікеце ў Горадні, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Аляксандра прызнаецца, што ёй было сорамна, што гэта здарылася ў яе родным горадзе. Калі пачаліся пратэсты, пэнсіянэрка стала сьведкай жорсткага затрыманьня людзей і спрабавала адбіць незнаёмага хлопца ад АМАПу. Вынік — сама трапіла ў аўтазак. Яе судзілі, аштрафавалі. Потым зноў затрымлівалі — і яе, і сына. Пасьля цягалі на допыты. Аляксандра вымушана была ўцякаць з краіны разам з дарослым сынам.
«Адзін з польскіх памежнікаў заплакаў, калі ўбачыў, што я ў такім веку маю гуманітарную візу і бягу ад рэпрэсій у сваёй краіне. Ім гэта было цяжка зразумець», — кажа пэнсіянэрка.
Жанчына асела ў Беластоку, прыбірала людзям дамы, глядзела дзяцей. Цяпер, калі сын уладкаваўся на працу, Аляксандра «зьменшыла нагрузку» — прыбірае толькі адзін дом. У вольны час займаецца скандынаўскай хадой, ходзіць у басэйн, зьезьдзіла ў Ізраіль і Нямеччыну.
Яна ўдзельнічала ў сюжэце расейскага блогера Юрыя Дудзя пра беларускіх палітычных эмігрантаў. Гэта прынесла жанчыне прыток падпісчыкаў у Instagram.
«Але было і шмат нэгатыўных камэнтароў у мой бок. Маўляў, ды чаго ёй не хапала, у Беларусі ж так добра жыць?! Я не наракаю, я не была беднай. Але ўвесну 2020 году ў мяне зламаўся зубны пратэз. І перада мной стаяў выклік: ці рамантаваць яго, ці зьбіраць грошы на помнік сыну. Ён у мяне заўчасна памёр — маладым, у 39 гадоў», — кажа Аляксандра.
Яна прыводзіць і іншы прыклад. Камэнтатары папікалі жанчыну, што пэнсіянэрка мела кватэру, лецішча і аўтамабіль, «ды яшчэ і супраць улады выступіла!».
«Мая маці прайшла Асьвенцім і Бухенвальд. У „нулявых“ яна атрымала кампэнсацыі ад Нямеччыны двойчы. Вось за тыя выплаты я здолела зрабіць рамонт і купіць аўтамабіль», — кажа пэнсіянэрка.
«Ад трызьненьня Азаронка ці пагроз Лукашэнка ядзернай зброяй у мяне ціск падымаецца»
Аляксандра кажа, што на сьвеце няма ідэальных краін, дзе жылі б «адны анёлы». Усюды ёсьць людзі лепшыя і горшыя.
«Але на польскай тэлевізіі я ня бачыла такіх выказваньняў, як у Азаронка ці Лукашэнкі. Калі я іх чую, у мяне ціск падымаецца. А як Лукашэнка цяпер палохае ядзернай зброяй — гэта проста не ўкладаецца ў маёй галаве. Як і тое, што ў яго паўсюды, з усіх бакоў ворагі! Як так можна жыць?» — зьдзіўляецца Аляксандра.
Яе часам блякуе ці абмяжоўвае Facebook за допісы.
«Нібыта я нешта парушаю. А тое трызьненьне, якое гавораць беларускія ўлады і прапагандысты, нічога не парушае?», — кажа пэнсіянэрка.
Яна шкадуе, што беларускія пэнсіянэры ня могуць пакуль жыць так, як польскія.
«Гэта і вышэйшыя пэнсіі, і зьніжкі на праезд і лекі для пэнсіянэраў, і тое, што пасьля 60 гадоў праезд таньнейшы на 50%, а пасьля 75 гадоў наагул бясплатны», — прыводзіць прыклад Аляксандра.
Гэта і танныя авіярэйсы. «Я хацела пабываць у Ізраілі — і мне сын знайшоў квіток на самалёт недзе за 70-80 даляраў», — кажа суразмоўца.
Аляксандра дадае, што да яе прыйшла ідэя запісваць блог, каб расказваць праўду.
«Бо ўлада беларуская трымаецца на адной хлусьні, і гэта не ўкладаецца ў маёй галаве. Таму нехта ж мусіць гаварыць праўду. Мне пісалі людзі зь Беларусі, хвалілі мяне і мой блог, казалі, што я малайчына. Але яны не падпісваліся на блог, не камэнтавалі яго. Сказалі, што баяцца. Вось такое жыцьцё цяпер у Беларусі — людзі баяцца падняць галаву», — кажа Аляксандра.
У Беластоку яна наведвае рэдакцыю «экстрэмісцкага» выданьня «Мост». Пэнсіянэрка кажа, што маладыя журналісты, яе землякі, яе натхняюць і падтрымліваюць.
«У іх рэдакцыі я атрымліваю „зарад бадзёрасьці і аптымізму“. Гэта яны натхнілі мяне рабіць блог і вельмі дапамаглі мне», — зазначае жанчына.
«Пасьля майго выступу перад ідэолягамі маю скрынку завалілі дзяржаўнымі газэтамі»
Яна са сьмехам успамінае сустрэчы з ідэолягамі і даверанымі асобамі Лукашэнкі ў 2020 годзе.
«Бо я ж была старшынёй вэтэранскай арганізацыі, мусіла хадзіць на такія сустрэчы. Так, адна давераная асоба расказвала, як шмат зроблена ў краіне за апошнія на той момант 26 гадоў. Я сказала ідэолягу: «Вы думаеце, што патэлефанавалі ў арганізацыю глухіх і сьляпых? Хіба мы ня бачым, што насамрэч зроблена, асабліва на „Хімвалакне“?», — успамінае пэнсіянэрка.
Аляксандра расказвае, што на адной з такіх сустрэч яна задала пытаньне выступоўцу пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага.
«Тут жа пачаліся крыкі, у тым ліку ў бок намесьніка старшыні адміністрацыі майго раёну: „Ты каго выхаваў?!“», — кажа жанчына.
Пасьля той сустрэчы, гаворыць пэнсіянэрка, яе паштовую скрынку завалілі дзяржаўнымі газэтамі, на якія яна не падпісвалася. Аляксандра пайшла разьбірацца на пошту, там ёй сказалі, што газэты для яе выпісаў Савет вэтэранаў Акцябрскага раёну Горадні.
«Гэта каб мяне перавыхаваць», — сьмяецца суразмоўца.
Яна прызнаецца, што сумуе па родным горадзе, па лецішчы. Аляксандра не змагла прысутнічаць, калі на магіле яе сына паставілі помнік.
«На мой дзень нараджэньня нядаўна сябры пажадалі, каб я наступны сустракала ў Горадні. Як бы я гэтага хацела! Я разумею, што мы адразу ў рай ня трапім, што будзе трэба шмат працаваць. Што будзе цяжка, вядома. Але Польшча ж прайшла гэты шлях. Ім было цяжка, але выкараскаліся», — кажа Аляксандра.
Яна дадала, што да сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, прыходзілі супрацоўнікі КДБ і прасілі, каб паўплывалі на яе і каб яна вярнулася на радзіму.
«Каб нібыта пагутарыць зь імі. Сваякі спыталіся: «А якія гарантыі?», а яны адказваюць: «Вы жартуеце? Якія могуць быць гарантыі?». Тады сваякі кажуць: «Дык хіба яна дурная вяртацца?», — дадала Аляксандра.