Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі расьсьледуюць ролю былога савецкага вайскоўца ў выбуху на вайсковым складзе


Мікалай Шапашнікаў, якога чэскія ўлады падазраюць у датычнасьці да ўчыненьня выбуху на складзе боепрыпасаў у Вэрбеціцах ў 2014 годзе
Мікалай Шапашнікаў, якога чэскія ўлады падазраюць у датычнасьці да ўчыненьня выбуху на складзе боепрыпасаў у Вэрбеціцах ў 2014 годзе

У Чэхіі пракуратура можа ў сувязі з выбухам на складзе з боепрыпасамі ў Вэрбеціцах ў 2014 годзе прад’явіць абвінавачаньне ў шпіянажы Мікалаю Шапашнікаву, былому савецкаму вайскоўцу, які яшчэ ў 1990-я гады атрымаў чэскае грамадзянства.

Як піша ў панядзелак газэта Lidové noviny, менавіта яго меркаваная роля ў арганізацыі выбуху цяпер у цэнтры ўвагі сьледзтва.

Шапашнікаў, які цяпер жыве ў Грэцыі, працаваў кансультантам кампаніі Imex Group. Гэтай кампаніі належаў склад, на якім адбыўся выбух. Загінулі два чалавекі, была нанесеная вялікая шкода.

Lidové noviny са спасылкай на свае крыніцы сьцьвярджае, што Шапашнікаў незадоўга да выбуху перадаваў інфармацыю пра боепрыпасы, якія захоўваліся ў Вэрбеціцах, генэрал-маёру Андрэю Авярʼянаву — начальніку агентаў расейскай вайсковай выведкі ГРУ Анатоля Чапігі і Аляксандра Мішкіна, якія, атрымаўшы інфармацыю, пад чужымі імёнамі ўехалі ў Чэхію і, як лічыць чэскае сьледзтва, узарвалі склад.

Таксама, як ужо паведамлялася раней, менавіта Шапашнікаў адпраўляў уладальніку склада электронны ліст з указаньнем дзён, калі агенты ГРУ, якія выдавалі сябе за інспэктараў з Таджыкістану і Малдовы, прыбудуць у Вэрбеціцы.

4 кастрычніка 2014 году, як піша выданьне, Авярʼянаў у Партугаліі сустрэўся з Шапашнікавым, пасьля чаго вярнуўся ў Маскву. 7 кастрычніка былі набытыя квіткі для Чапігі і Мішкіна, якія прыбылі ў Прагу 11 кастрычніка. 16 кастрычніка адбыўся выбух у Вэрбеціцах, у той жа дзень абодва агенты і Авярʼянаў, які ў гэты час быў у Вене, вылецелі ў Маскву.

Як адзначаюць Lidové noviny, Чапігу і Мішкіну ў Чэхіі па-ранейшаму фармальна не прадʼяўлена абвінавачаньне, бо сьледзтва, паводле наяўных зьвестак, ня мае пацьверджаньня, што яны былі ў Вэрбеціцах.

Дачка Шапашнікава пацьвярджала, што ён сам разам са сваімі сваякамі сустракаўся з Авярʼянавым у Партугаліі. Яна апісвала гэта як звычайную сустрэчу знаёмых-турыстаў. Сам Шапашнікаў, які даваў паказаньні па справе, заявіў, што ня ведаў, хто такія два «інспэктары» насамрэч. Сьледзтва, аднак, лічыць, што ён утаіў праўду.

Чэскія ўлады заявілі пра падазрэньні ў адрас агентаў расейскай вайсковай выведкі ў сярэдзіне красавіка 2021 году. Як мяркуецца, мэтай выбухаў былі боепрыпасы, якія прызначаліся для пастаўкі за мяжу, магчыма ва Ўкраіну. Чэхія выслала беспрэцэдэнтную колькасьць супрацоўнікаў расейскай амбасады, Расея адказала тым жа. Яшчэ да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну адносіны паміж Прагай і Масквой рэзка абвастрыліся. Расея абвінавачваньні ў датычнасьці да выбухаў катэгарычна адмаўляе.

Чапіга і Мішкін — тыя ж супрацоўнікі ГРУ, якіх брытанскія ўлады, пад імёнамі «Пятрова» і «Башырава», абвінавачваюць у замаху на Сяргея Скрыпаля і яго дачку ў Солсбэры ў 2018 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG