Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Літвы сустрэўся з Натальляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага. ФОТА


Габрыелюс Ландсбергіс і Натальля Пінчук. Вільня, 27 сакавіка 2023
Габрыелюс Ландсбергіс і Натальля Пінчук. Вільня, 27 сакавіка 2023

Габрыелюс Ландсбергіс абяцаў Натальлі Пінчук працягваць літоўскую падтрымку беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.

Натальля Пінчук, жонка зьняволенага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, у Вільні праводзіць сустрэчы з уладамі, палітыкамі, беларускай дыяспарай, унівэрсытэцкай супольнасьцю і мас-мэдыя Літвы.

Натальля Пінчук паведаміла Свабодзе, што мэта сустрэчаў у Літве, як і ранейшага візыту ў Польшчу, — нагадваць пра беларускія праблемы грамадзтву і элітам, дамаўляцца аб шляхах падтрымкі беларускіх палітвязьняў, абмеркаваць, што могуць для іх вызваленьня рабіць дэмакратычныя краіны.

27 сакавіка Натальля Пінчук найперш падзякавала міністру замежных спраў Літвы Габрыелюсу Ландсбергісу за тое, што літоўская дзяржава ўжо зрабіла і робіць:

«Дзякую за салідарнасьць зь беларускім народам у барацьбе за свабоду і незалежнасьць, за права быць беларусамі, за салідарнасьць з тысячамі палітычных вязьняў і дзясяткамі тысяч рэпрэсаваных».

Габрыелюс Ландсбергіс і Натальля Пінчук. Вільня, 27 сакавіка 2023
Габрыелюс Ландсбергіс і Натальля Пінчук. Вільня, 27 сакавіка 2023

Натальля гаварыла пра патрэбы мэдычнай і іншай гуманітарнай дапамогі для палітвязьняў, іхных сем’яў, пра дамаганьне таго, каб зьняволеных у беларускіх турмах маглі наведваць прынамсі сьвятары.

Таксама яна гаварыла аб патрэбе працягваць візавую і іншую дапамогу для беларусаў, якія мусілі зьехаць з сваёй краіны, ратуючыся ад палітычнага перасьледу.

Жонка Алеся Бяляцкага сказала міністру, што важна і надалей адрозьніваць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі, а Беларусь — ад Расеі, што беларусам глыбока чужыя імпэрскія інтарэсы і яны хочуць адчуваць, што дэмакратычны сьвет не адгарадзіўся ад іх і не прыроўнівае да рэжымаў-агрэсараў.

Міністар Ландсбергіс сказаў у адказ, што пазыцыя Літвы — аддзяляць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі, а Беларусь — ад Расеі.

«Мы спадзяёмся, што беларускі народ верне сваё сувэрэннае права і будзе на вольных выбарах вырашаць, хто мае права гаварыць ад яго імя. 2020 год паказаў, што беларусы ня хочуць быць часткай Расеі і каб імі кіраваў рэпрэсіўны рэжым, яны хочуць вызваліцца ад гэтага».

Кіраўнік МЗС Літвы заявіў, што ягоная краіна шмат зрабіла і будзе працягваць рабіць для беларусаў, якія цярпяць ад палітычнага перасьледу на радзіме, выдаваць тыя ж візы, хоць часам гэта зрабіць складана, бо ў Менску застаўся толькі адзін літоўскі дыплямат. Габрыелюс Ландсбергіс таксама расказаў пра ролю Літвы ў фармаваньні пазыцыі Эўразьвязу адносна Беларусі.

Натальля Пінчук у Вільні таксама сустрэлася з кіраўніком дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю Юозасам Олекасам, у яе заплянаваныя сустрэчы ў Сейме Літвы, зь беларускай дыяспарай Вільні, у ЭГУ.

Натальля Пінчук і амбасадарка Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене. Вільня, 27 сакавіка 2023
Натальля Пінчук і амбасадарка Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене. Вільня, 27 сакавіка 2023

З 20 па 31 сакавіка ў Варшаве і Вільні праходзяць «Тыдні салідарнасьці» з ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і зь іншымі беларускімі палітвязьнямі.

У рамках праграмы міжнароднай кампаніі падтрымкі Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі, праходзяць вечарыны ва ўнівэрсытэтах Варшавы і Вільні, сустрэчы жонкі Алеся Натальлі Пінчук з уладамі Польшчы і Літвы, праваабарончымі арганізацыямі, беларускімі дыяспарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG