Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Кітай ня можа дапусьціць паразы Расеі ў вайне ва Ўкраіне?


Сі Цзіньпін і Ўладзімір Пуцін. Пэкін, сакавік 2023
Сі Цзіньпін і Ўладзімір Пуцін. Пэкін, сакавік 2023

Камэнтары наконт візыту старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Расеі тычыліся пераважна кароткатэрміновых пэрспэктываў: ці акажа Пэкін у найбліжэйшы час вайсковую дапамогу Расеі ў вайне з Украінай і ў якой ступені Расея трапіла ў залежнасьць (мо і васальную) ад Кітаю.

Між тым варта глядзець на сярэдне- і доўгатэрміновую пэрспэктыву, піша на партале «Зеркало» Юры Дракахруст.

У 2017 годзе амэрыканскі палітоляг Грэхам Алісан апублікаваў кнігу «Асуджаныя ваяваць». Яе выснова — надзвычай высокая імавернасьць, што ў агляднай будучыні Кітай і ЗША пачнуць вайну за сусьветнае лідэрства. Аналіз Алісана грунтуецца на дасьледаваньні Гарвардзкага ўнівэрсытэту, у якім вывучалася 16 канфліктаў, якія адбываліся на працягу гісторыі чалавецтва, калі адна дзяржава ўмацоўвалася і прэтэндавала на рэгіянальнае ці глябальнае лідэрства, а другая спрабавала захаваць сваё лідэрства. Першым выпадкам такога спаборніцтва было змаганьне ў старажытнай Грэцыі Атэнаў і Спарты, якое прывяло да Пэляпанэскай вайны.

У той вайне перамагла Спарта, але вынікі яе сталі катастрофай для ўсёй антычнай Грэцыі, для Спарты ў тым ліку. Гэта ж як Першая сусьветная вайны (адзін з 16 канфліктаў, апісаных Алісанам) прывяла да катастрофы ўсёй Эўропы і пад’ёму неэўрапейскіх краінаў — Расеі і ЗША.

Хаду Пэляпанэскай вайны апісаў «бацька гісторыі» Фукідыд. Алісан, спасылаючыся на яго ў сваім аналізе, называе канфлікт паміж краінай, якая прэтэндуе на лідэрства, і краінай, якая імкнецца яго захаваць, «пасткай Фукідыда». Насамрэч лідэры і Спарты, і Атэнаў вайны не хацелі і добра ўсьведамлялі, што яна прывядзе да катастрофы. Але канфлікт паміж саюзьнікамі цэнтраў суперніцтва зрабіў непазьбежным вайну паміж самімі цэнтрамі.

З тых 16 глябальных супрацьстаяньняў лідэраў і прэтэндэнтаў на лідэрства толькі 4 скончыліся мірна. Астатнія 12 — вайной. Два зь іх — сусьветнымі войнамі, Першай і Другой.

Прагнозы і аналёгіі Алісана можна было б палічыць адно акадэмічнымі дасьледаваньнямі. Але неяк не выпадае. Вось нядаўнія паведамленьні са стужкі навінаў «Кіраўнік ЦРУ: Сі Цзіньпін загадаў кітайскім вайскоўцам падрыхтавацца да ўварваньня на Тайвань да 2027 году» , «Імавернасьць канфлікту з Кітаем вельмі высокая, лічыць старшыня Камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША
».

Так што аналёгіі і прагнозы Алісана — гэта прынамсі ня толькі акадэмічныя дасьледаваньні.

З гэтага пункту гледжаньня варта глядзець на ўсе крокі Кітаю. Сі разбурыў схему ратацыі ўлады, усталяваную Дэн Сяопінам у постмааісцскую эпоху, магчыма, ня толькі з прычыны сваёй прагі да ўлады, але і з разьліку, што вялікая сусьветная вайна — ужо неўзабаве, на парозе.

І вайна Расеі з Украінай — яе пралёг толькі ўскосна. Нават калі Расея выйграе яе, што наўрад ці, ролю суўладальніцы сьвету яна сабе ня верне, новым СССР ня стане. Вайна ва Ўкраіне — гэта не канфлікт за сусьветнае лідэрства, ён не таго тыпу, якія апісаныя Алісанам. Расея ня верне сабе лідэрства нават у выпадку перамогі.

Але гэта ня значыць, што гэтая вайна ня мае дачыненьня да рэальнага глябальнага суперніцтва. Мае. Але Кітай не сьпяшаецца і ня робіць незваротных крокаў.

Былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісынджэр пісаў, што нават любімыя гульні ў людзей белай расы і кітайцаў розныя. Першыя аддаюць перавагу шахматам, кітайцы — гульні го. У шахматах мэта — мат, у го — заваяваньне кантролю над дошкай гульні. Любімыя гульні — да пэўнай ступені адлюстраваньне розных палітычных філязофіяў.

Некаторыя расейскія палітыкі і камэнтатары чакалі, што пасьля пачатку ўварваньня РФ ва Ўкраіну Кітай нападзе на Тайвань, — маўляў, зацісьнем Амэрыку з двух бакоў. Кітай не зрабіў гэтага і нават праглынуў візыт сьпікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША ў Тайбэй.

У свой час адзін амэрыканскі генэрал сказаў пра вайну ў Віетнаме: гэта вайна ня ў той час, ня там і ня з тымі. Вось і для Кітая расейская вайна з Украінай — вайна ня ў той час, ня з тымі і ня там. Яе яны нават гатовыя палагодзіць. Але ў будучай глябальнай вайне з Захадам і ЗША ім Расея патрэбная. І візыт у Маскву Сі быў дэманстрацыяй гэтага.

І на вайну ва Ўкраіне ў Пэкіне глядзяць праз прызму гэтага будучага канфлікту з Захадам. Там, як і Алісан, лічаць яго амаль непазьбежным.

Сярод заходніх палітыкаў стала агульнай думкай: «Мы ня можам дапусьціць, каб Украіна прайграла вайну». Некаторыя гавораць аб пажаданасьці паразы Расеі, але не дапусьціць паразы Ўкраіны абяцаюць усе. А якая пазыцыя Кітая, асабліва з пэрспэктывы амаль непазьбежнай глябальнай вайны з Захадам? Мяркую, што такая: мы не дапусьцім паразы Расеі.

Так, Расея атрымала балючыя паразы ў Херсоне і Ізюме, але Марыюпаль, Мелітопаль, як і Данецк, Луганск і Севастопаль — пад яе кантролем. А калі ўзьнікне пагроза гэтаму кантролю? Ці ня стане Пэкін на бок Масквы больш рашуча, чым гэта робіць сёньня? І не з прычыны гістарычных чыньнікаў, а з прычыны ўласных нацыянальных інтарэсаў з пэрспэктывы глябальнай вайны?

Тэрытарыяльныя рахункі «круглавокіх барбараў» (нас з вамі, шаноўнае спадарства) кітайцаў, папраўдзе, абсалютна не цікавяць. Але захаваньне больш-менш моцнай, дзеяздольнай, антызаходняй Расеі да «гадзіны Ч» — да глябальнага сутыкненьня Пэкіну і Вашынгтону — гэта непасрэдны і важны інтарэс Кітаю. Варыянт з Навальным у Крамлі — гэта для Пэкіна бісмаркаўскі «кашмар кааліцыяў», геапалітычнае атачэньне магутнымі антыкітайскімі вялікімі дзяржавамі.

Сі не заключыў з Пуціным у Маскве фармальнага вайскова-палітычнага саюзу. Дык Кітай за 5 тысяч гадоў свайго існаваньня яго ні з кім не заключаў. Паводле кітайскай палітычнай філязофіі, усе, а асабліва «круглавокія» — васалы Паднябеснай.

Беларусь ці Ўкраіна — для Кітая маленечкія шашкі го перад вялікай бітвай з Амэрыкай за сусьветнае лідэрства. І Расея — таксама шашка, толькі крыху большая.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG