Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусьфільм» здыме экранізацыю рамана Караткевіча «Чорны замак Альшанскі»


Кніга «Чорны замак Альшанскі»
Кніга «Чорны замак Альшанскі»

Распачаць здымачны працэс плянуюць пасьля абароны праекту і сцэнарнага пляну ў красавіку, а скончаць увесну 2024 году.

Навіна аб экранізацыі кнігі «Чорны замак Альшанскі» зьявілася 14 сакавіка ў тэлеэтэры каналу «Беларусь-1». Рыхтуе фільм Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Ён будзе называцца «Чорны замак», піша «Зьвязда».

Сцэнар па кнізе Ўладзімера Караткевіча напісаны прадусарам і сцэнарыстам Глебам Шпрыгавым («У чэрвені 1941», «Апошні браняпоезд», «На безыменнай вышыні»). Правы на кнігу студыя выкупіла больш за 10 гадоў таму ў пляменьніцы знакамітага пісьменьніка.

Па словах Уладзімера Карачэўскага, генэральнага дырэктара кінастудыі, праекту неабходна было «дасьпець». У рэжысэрскім крэсьле — расеец Кірыл Кузін («Сергій супраць нячысьцікаў», «Шаснаццаць +», «Клюб»).

Натурныя здымкі будуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі. Сам аўтар зьвяртаў увагу, што архітэктурным прататыпам у кнізе стаў Гальшанскі замак — рэзыдэнцыя старажытнага роду Сапегаў у мястэчку Гальшаны ў Горадзенскай вобласьці. Акрамя яго, у новым фільме абяцаюць паказаць і іншыя архітэктурныя помнікі краіны. Так, былі згаданы касьцёл Сьвятой Веранікі ў вёсцы Селішча, сядзіба Чапскіх у Прылуках, Мірскі замак і іншыя.

— Сёньня мы можам аб’явіць, што праекту ня проста быць — ён цяпер у рабоце. Фільм вельмі складаны ў пляне пастановак, — адзначыў у размове з журналістамі тэлеканалу Ўладзімер Карачэўскі. — Акрамя таго, мы ўпершыню працуем з субсыдыяй, гэта значыць, што выдзяляюцца грошы на канкрэтны фільм, даводзіцца афармляць вялікую колькасьць дакумэнтаў. У найбліжэйшы час прадставім экспэртнай радзе тое, што напрацавалі.

У хуткім часе будуць абвешчаны выканаўцы галоўных роляў, сярод якіх, верагодна, зьявяцца ня толькі беларускія артысты, але і расейскія. Плянуецца, што здымкі завершаць у ліпені бягучага году, а ўбачыць новую экранізацыю гледачы змогуць увесну 2024 году.

Раман «Чорны замак Альшанскі» Ўладзімер Караткевіч напісаў у 1978 годзе. Піянэр гістарычнага дэтэктыву стварыў зачаравальную, у пэўнай ступені містычную гісторыю, адным зь герояў якой стаў сам замак. Менавіта ў сутарэньнях старажытнага напаўразбуранага помніка архітэктуры захаваліся даўно схаваныя скарбы вядомага магнацкага роду Альшанскіх.

Раман вельмі арганічна ўпісаўся ў шэраг твораў аўтара, у якіх ён падкрэсьлівае шляхетнасьць беларусаў («Дзікае паляваньне караля Стаха», «Сівая легенда»). А шматгадовую інтэрпрэтацыю нашчадкаў забясьпечылі адразу некалькі глыбінных пластоў (рамантычны, рэалістычны і нават мадэрнісцкі) апавяданьня, удала злучаныя пісьменьнікам, піша выданьне.

Новая экранізацыя ад «Беларусьфільму» стане другой спробай перанесьці на экраны дэтэктыўную гісторыю.

Першы фільм па рамане выйшаў у 1984 годзе, праз 6 гадоў пасьля выданьня «Чорнага замка Альшанскага». Натхніўся творам Караткевіча рэжысэр, народны артыст БССР Міхаіл Пташук. Знакаміты беларускі кінематаграфіст, які, акрамя Караткевіча, экранізаваў творы Васіля Быкава, Івана Шамякіна і іншых, стварыў двухсэрыйны прыгодніцкі фільм.

Тагачасныя крытыкі адзначалі нетыповую работу з музычным суправаджэньнем. Кампазытар Сяргей Картэс з дапамогай музычных сродкаў стварыў напружаную і змрочную атмасфэру сьмяротна небясьпечнага пошуку скарбаў. Карціна адметная і сваім шматнацыянальным складам. У здымках узялі ўдзел беларускія, літоўскія, украінскія і расейскія кінаакторы. Ролю Антона Косьміча выканаў расейскі актор Віктар Яўграфаў. Фільм зьнялі на расейскай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG