Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм пра беларускае войска і пратэсты-2020 атрымаў галоўную ўзнагароду на міжнародным фэстывалі


Дакумэнтальны фільм пра Беларусь «Радзіма» атрымаў галоўную ўзнагароду DOX: AWARD на міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно CPH:DOX 2023 у Капэнгагене.

Фільм «Радзіма» беларускіх дакумэнталістаў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі расказвае пра жыцьцё маладых людзей у Беларусі і пра тое, як яны спрабуюць выжыць ва ўмовах аўтарытарнага грамадзтва. У ім расказваецца гісторыя жанчыны па імені Сьвятлана, якая страціла сына — яго знайшлі мёртвым падчас службы ў войску, і групы маладых людзей, якіх таксама прызвалі ў войска. Таксама ў фільме паказваюцца пасьлявыбарчыя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе.

«Беларускія рэжысэры Ганна Бадзяка і Аляксандар Міхалковіч стварылі вялікі фільм, які выходзіць далёка за межы краіны і аналізуе постсавецкую сытуацыю з маладаступнага ракурсу: ракурсу моладзі», — гаворыцца на старонцы кінафэстывалю.

Журы кінафэстывалю адзначыла апэратарскае майстэрства і глыбокае веданьне культуры, і падкрэсьліла, што дакумэнтальная стужка «Радзіма» «зьяўляецца адным з тых рэдкіх фільмаў, якім удаецца ахапіць важны момант у гісторыі, пакуль яна яшчэ не разгортваецца».

Рэжысэры фільму ў інтэрвію часопісу Variety падзякавалі ўсім, хто дапамагаў ім ствараць фільм, у прыватнасьці героям, за сьмеласьць паўстаць перад камэрай і цярпеньне, бо «гэта было доўгае падарожжа, якое доўжылася чатыры гады», і прысьвяцілі ўзнагароду «ўсім украінцам, якія змагаюцца з расейскай агрэсіяй, і беларускім палітвязьням».

«Радзіма» была адным з 13 фільмаў, якія змагаліся за галоўны прыз 20-га конкурсу CPH:DOX 2023.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG