Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціханоўская мае падмурак, якога мы ня мелі ніколі». Івонка Сурвіла раіць, як можна сёлета сьвяткаваць Дзень Волі ў Беларусі


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Каляж
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Каляж

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла сьвяткавала Дзень Волі 75 разоў. Сёлета, паводле яе, найгоршая сытуацыя для незалежнай Беларусі.

Прэзыдэнтка БНР згадвае пра тое, як у розныя часы яна сьвяткавала Дзень Волі, і дае парады беларусам, як можна адзначыць гэты дзень у Беларусі ва ўмовах масавых рэпрэсій. Сурвіла расказвае пра стаўленьне да Ціханоўскай сябраў Рады БНР і рэагуе на крытычныя заявы пра яе Зянона Пазьняка.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Адзначала гэтае сьвята 75 разоў»

— Мы размаўляем напярэдадні Дня Волі. Беларусы ў замежжы рыхтуюцца да ўрачыстага сьвяткаваньня, а ў Беларусі аблавы, масавыя затрыманьні напярэдадні 105-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Спадарыня Івонка, які вы мяркуеце, ці была на вашай памяці горшая сытуацыя, чым цяпер, для незалежнай Беларусі?

— Думаю, што не. Такога ніколі не было. Сапраўды страшна.

— Пра што марыць прэзыдэнтка БНР?

— Пра лепшую будучыню нашага народу, каб мы ўсе маглі спаткацца на нашай зямлі як гаспадары на гэтай зямлі, як беларусы, якія чуюцца добра, як усе іншыя народы чуюцца добра ў сябе дома. І каб мы пачалі адбудоўваць нашу вольную незалежную Беларусь.

— Ці можаце падлічыць, колькі разоў у жыцьці вы адзначалі Дзень Волі? Які быў самы першы сьвядомы Дзень Волі?

— Адзначала гэтае сьвята 75 разоў. Першы раз памятаю, як адзначалі ў 1948 годзе ў Даніі. Мы тады прыгатоўваліся да ад’езду з Даніі ў Францыю, якраз былі ў пераходным лягеры. І мы зрабілі цудоўнае сьвята. Цэлы банкет. Запрасілі нашых дацкіх прыяцеляў, мой тата рабіў даклад. Было вельмі ўрачыста і прыгожа. Гэта быў мой першы ўспамін. А пасьля гэтага кожны год сьвяткавала 25 сакавіка.

— Які Дзень Волі быў самы ўрачысты?

2003 год. Прага. Івонка Сурвіла і Васіль Быкаў.
2003 год. Прага. Івонка Сурвіла і Васіль Быкаў.

— Некалькі. Сёньня прыпаміналася нашае сьвяткаваньне з Васілём Быкавым у Празе. Я была вельмі ўзрушаная. Было цудоўнае сьвяткаваньне, хаця крыху сумнае. Пасьля 100-я ўгодкі БНР мы сьвяткавалі ў парлямэнце Канады, пасьля ў парлямэнце ў Лёндане і ў Празе.

— Што б вы сказалі беларусам сёлета на Дзень Волі?

— Нашая незалежнасьць залежыць ад кожнага з нас. Мы маем пэўныя заданьні цяпер, якія вельмі важныя для нашага народу. Па-першае, абвясьціць сьвету, што ня мы змагаемся ва Ўкраіне [супраць Украіны], а дыктатар, які не прадстаўляе беларускі народ. Для мяне вельмі важна, каб беларускі народ верыў у сваю канчатковую перамогу, што прыйдзе час, калі мы будзем разам сьвяткаваць 25 сакавіка ў Беларусі.

«Ціханоўская мае падмурак, якога мы ня мелі ніколі»

— Як складаюцца ў вас чалавечыя і палітычныя дачыненьні зь лідэркай дэмакратычных сілаў Сьвятланай Ціханоўскай?

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Сьвятлана Ціханоўская, Канада. Архіўнае фота
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Сьвятлана Ціханоўская, Канада. Архіўнае фота

— Яна мне вельмі падабаецца як чалавек. Цудоўная асоба. Мы прыемна правялі час разам, калі яна прыяжджала да мяне падчас візыту ў Канаду. З пункту гледжаньня працы мы ім дапамагаем усюды, дзе можам, падтрымоўваем усюды, дзе можам. Сьвятлана мае цудоўнае месца, каб абвяшчаць сьвету пра Беларусь, пра няўдзел беларускага народу ў вайне з Украінай.

Яна мае падмурак, якога мы ня мелі ніколі. Гэта 2020 год, калі сьвет пабачыў, што беларускі народ змагаецца супраць дыктатуры і за сваю волю. Бел-чырвона-белыя сьцягі я прыпамінаю вельмі часта, каб пацешыць сябе, калі бачу, што робіцца цяпер. Паказалі сьвету, што мы чакаем на вызваленьне. Сьвятлана можа на гэты падмурак абапірацца, каб рабіць сваю працу. Гэта вялізарныя магчымасьці. Я вельмі задаволеная, калі кожны раз бачу, калі яе прымаюць і слухаюць.

— Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі 2020 году казаў, што беларуская Канстытуцыя не пад жанчыну. Але так склалася, што дзьве беларускія прэзыдэнткі Івонка Сурвіла, Сьвятлана Ціханоўская — жанчыны. Ці сымбалічна гэта, ці адлюстроўвае гэта сутнасьць Беларусі, беларускага народу?

— З аднаго боку, так выйшла, і я з гэтага вельмі цешуся. З другога боку, гэта, магчыма, адлюстроўвае ролю жанчыны ў Беларусі. У гісторыі поўна цудоўных, вялікіх жанчын, якія зрабілі шмат для Беларусі. Я думаю, што нам было дадзена шчасьце прадоўжваць гэтую працу.

— Вы ня першы раз заяўляеце аб падтрымцы Сьвятланы Ціханоўскай у яе справе. Ці ва ўсіх сябраў Рады БНР такое ж стаўленьне да Сьвятланы Ціханоўскай? Ці ёсьць тут непаразуменьне? Напрыклад, Зянон Пазьняк вельмі крытычна ставіцца да яе...

— Зянон Пазьняк ня ёсьць сябрам Рады. Так што яго меркаваньне ня ёсьць нашым меркаваньнем. Кожны думае як думае. Фактычна між раднымі бальшыня бачыць магчымасьці Сьвятланы зрабіць вялізарную працу для Беларусі, і яе падтрымліваюць. Я фактычна не магу прыпомніць людзей у Радзе, якія яе не падтрымоўваюць. Мы вялікія надзеі ўскладаем на яе магчымасьці рабіць працу, якую мы рабілі цэлае стагодзьдзе, і, магчыма, пераняць гэтае змаганьне за вольную і незалежную Беларусь.

— Якую параду вы б далі людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, як можна адзначыць гэты дзень ва ўмовах масавых рэпрэсій, калі немагчыма, напрыклад, выйсьці на вуліцу зь бел-чырвона-белым сьцягам, як пяць гадоў таму?

— Каб адзначалі гэта ў сваім сэрцы. Гэта найважнейшае. Каб кожны беларус усьведамляў, што ён належыць да гэтай краіны і што яго абавязкам ёсьць давесьці яе да стану, калі зь ёй будуць лічыцца ў цэлым сьвеце. Памятаю, як ва ўмовах, калі нас было вельмі мала, мы сьвяткавалі са сьвечкамі на стале, прыпаміналі розныя іншыя сьвяткаваньні, але заўсёды было ўрачыстае адзначэньне гэтага сьвята. Мы адчувалі, што гэта спэцыяльны дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG