Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт забараніў праводзіць незалежны фэстываль «Нефільтраванае кіно»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Фэстываль «Нефільтраванае кіно» мусіў прайсьці ў Менску 24–26 сакавіка. Пра яго адмену арганізатары паведамілі ў сацыяльных сетках.

«Учора нам патэлефанавалі зь Міністэрства культуры і паведамілі, што фэстывалю ня будзе. Хто і чаму прыняў такое рашэньне, адказаць адмовіліся. Пасьля гэтага быў абноўлены дзяржаўны рэгістар фільмаў Рэспублікі Беларусь, і зь яго зьніклі фільмы фэстывалю, якія былі ўнесеныя туды 17 сакавіка», — паведамілі арганізатары.

Фэстываль пакуль пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

Як адзначаюць арганізатары, кінатэатар Mooon у гандлёва-забаўляльным цэнтры Dana Mall, дзе павінны былі прайсьці паказы, аўтаматычна верне грошы за квіткі, набытыя на сайце. «Калі ў вас застануцца пытаньні — можна зьвярнуцца ў касу кінапрасторы», — дадаюць арганізатары.

Фэстываль «Нефільтраванае кіно» зьявіўся як адгалінаваньне міжнароднага кінафэстывалю кароткамэтражнага кіно Сinema Perpetuum Mobile. Гэта «экспэрымэнт зь нефарматам паміж мастацтвам і кінааматарствам».

Да сёньняшняга дня кінафэстываль быў адзіным незалежным офлайн-фэстывалем у Беларусі.

Сёлета на фэстываль было заяўлена больш за 60 работ зь Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Кітаю, Казахстану, Ірану, Беларусі, Ізраілю, Нямеччыны, Польшчы, Славеніі, Філіпінаў, Руанды, Марока, Чылі, Гішпаніі, Аўстрыі, Канады, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Фінляндыі, Іраку, Вугоршчыны, Эстоніі і Індыі ў наступных намінацыях: анімацыя; відэаарт; дакумэнталістыка; гульнявое кіно; тэматычныя праграмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG